Папярэдзiць грып

Общество

Медыцына навучылася папярэджваць многія інфекцыйныя хваробы, у тым ліку і грып. На аснове цыркулюючых штамаў вучоныя ўгадваюць канфігурацыю будучага ўзбуджальніка і распрацоўваюць вакцыну.

Вакцынацыя супраць грыпу рэкамендуецца ўсім людзям, асабліва дзецям, пажылым, жанчынам, якія плануюць цяжарнасць, тым, хто наведвае арганізаваныя калектывы (школы, дзіцячыя сады, воінскія часці), хранічна хворым і тым, хто вымушаны кантактаваць з вялікай колькасцю людзей (прадаўцы, настаўнікі, урачы).

Аднак не трэба забывацца, што існуюць і супрацьпаказанні. Вакцынацыю не праводзяць тым, хто ўжо раней меў алергічныя рэакцыі на прышчэпкі або знаходзіцца ў стане абвастрэння хранічнага захворвання.

Звычайна якасная вакцына супраць грыпу з’яўляецца ўвосень, калі становіцца вядома, які вірус чакаецца. Найлепшы час для вакцынацыі – канец восені ці пачатак зімы. Стабільны імунітэт выпрацоўваецца арганізмам за два тыдні. Часам людзі думаюць, што раз эпідэмія грыпу пачалася, то ўжо няма сэнсу прышчэплівацца. Аднак сучасныя вакцыны акажуцца эфектыўнымі і ў гэтым выпадку.

Ін’екцыя звычайна ўводзіцца глыбока пад скуру ці ў мышцу. Пры гэтым можна сумяшчаць некалькі вакцын пры ўмове, што яны будуць уведзены ў розныя ўчасткі цела.

Пасля працэдуры ў некаторых выпадках назіраецца павышэнне тэмпературы ці невялікае пачырваненне скуры. Так, як звычайна наш арганізм рэагуе на любое іншароднае рэчыва. Рызыкі, што пасля прышчэпкі вы можаце захварэць на грып, не існуе.

Каб пазбегнуць якіх-небудзь пабочных рэакцый ці іншых непрыемнасцей, звязаных з няякаснасцю вакцыны, лепш за ўсё даверыцца медыцынскай установе па месцы жыхарства. Вакцынацыя супраць грыпу праводзіцца ў паліклініках, участковых бальніцах, ва ўрачэбных амбулаторыях.

Вольга СЯЛІЦКАЯ,

урач-эпідэміёлаг ДУ “Валожынскі РЦГіЭ”.

 



Добавить комментарий