Акцыя “Выходзілі хлопцы з Афгана”.

Общество

Абласная арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа перадала ў раён 9 прадуктовых набораў на суму 267 рублёў.

Яны прызначаліся тым воінам-інтэрнацыяналістам, якія ў мірны час атрымалі групу інваліднасці ці па розных прычынах знаходзяцца ў незайздросным сацыяльным становішчы. Такія людзі жывуць у Валожыне і Івянцы, Дорах, Ракаве, іншых населеных пунктах раёна. Іх наведалі старшыня раённай арганізацыі Таварыства Антаніна Трацэўская і работнік тэрытарыяльнага цэнтра Ніна Радына. У прадуктовым наборы былі алей, бляшанка рыбных кансерваў, цукар, грэчка, макарона, рыс, мясная тушонка, шакаладка. Ад цэнтра мужчыны атрымалі футболкі, блакноты і ручкі.

Інвалід першай групы Юрый Серафімавіч Сухачоў жыве ў мікрараёне Сельгастэхніка. Часцей за іншых да яго наведваецца інвалід трэцяй групы Васілій Ігаравіч Тамашэвіч, і не таму, што жыве непадалёк. У мужчын агульныя ўспаміны пра далёкую суровую краіну, дзе яны выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, пра баявое брацтва…

Наталля ШТЭЙНЕР