На VI Усебеларускім народным сходзе інтарэсы жыхароў Валожыншчыны прадстаўлялі старшыня райвыканкама Яўген Міхайлавіч КРУКОВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч БІБІК, начальнік ЦБУ № 514 у г. Валожыне РД па Мінскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Віктар Зянонавіч ПАДГАЙСКІ, галоўны ўрач ЦРБ Павел Алегавіч ГАНЧАР, а таксама дырэктар гімназіі № 1 райцэнтра Алена Іванаўна КЛАЧКО, намеснік дырэктара ААТ «Агра-Дубінское» па жавёлагадоўлі Наталля Васільеўна ЖУКОЎСКАЯ, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Фадзееўна РАЙ і сацыяльны работнік гэтай установы Марына Феліксаўна МАЛЯЎСКАЯ.
Па прыездзе на малую радзіму дэлегаты расказалі пра ход падзей, якія адбываліся 11 і 12 лютага ў Палацы Рэспублікі, падзяліліся атрыманымі на нацыянальным форуме ўражаннямі з кіруючым складам раёна, пачалі праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі. У той жа дзень да супрацоўнікаў рэдакцыі раённай газеты завітаў кіраўнік дэпутацкага корпуса Валожыншчыны.
Пётр Іосіфавіч БІБІК:
– У склад дэлегацый на Усебеларускі народны сход трапілі найбольш актыўныя дэпутаты ўсіх узроўняў і ініцыятыўныя прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Хачу адзначыць, што сёлетні форум праходзіў насычана, эмацыянальна і цікава. На ім былі ўлічаны інтарэсы літаральна ўсіх слаёў насельніцтва, дзякуючы падтрымцы шырокага прадстаўнічага корпуса. Гутарка з кіраўніком дзяржавы была адкрытай, сумленнай і прынцыповай. Сёння грамадства перажывае складаны перыяд. Тым не менш, мы здолелі ўтрымаць краіну, выстаялі перад знешнім націскам. Наперадзе – гады ўмацавання суверэнітэту і канструктыўных, узважаных рэформ. Яны ўлічаны ў прынятай на сходзе Праграме развіцця на наступную пяцігодку. Наш нязменны нацыянальны брэнд – сацыяльная дзяржава, а галоўнай мэтай палітыкі была і застаецца падтрымка чалавека. Прэзідэнт робіць стаўку на моладзь як прадаўжальнікаў лепшых традыцый. «Страцім іх – страцім і дзяржаву», – справядліва лічыць беларускі лідар.
Віктар Зянонавіч ПАДГАЙСКІ:
– Два дні праляцелі на адным дыханні. Кожнаму была дадзена магчымасць выказацца, і гэтым людзі карысталіся. Выступленне Прэзідэнта Беларусі доўжылася 4 гадзіны, і самым аб’ёмным раздзелам даклада стала абмеркаванне эканомікі. Прэм’ер-міністр краіны таксама агучыў сваё бачанне развіцця дзяржавы. Мне як банкаўскаму работніку было цікава пазнаёміцца з прапановамі рэалізацыі палітыкі эканамічнага росту. У бліжэйшым будучым атрымаюць развіццё новыя высокатэхналагічныя вытворчасці. Адзін з прыярытэтаў – стварэнне ўласнага нацыянальнага электратранспарту, які будзе выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах жыцця краіны, а таксама будаўніцтва спадарожнай інфраструктуры. У ліку важнейшых стратэгічных напрамкаў – біяіндустрыя, фармацэўтыка, робатабудаванне і многае іншае. Усяго плануецца рэалізаваць 47 праектаў з агульным аб’ёмам інвестыцый у 19 мільёнаў рублёў. І гэта толькі малая частка запланаванага на будучую пяцігодку!
Алена Іванаўна КЛАЧКО:
– Дзякую ўсім, хто даў мне магчымасць прадстаўляць на Усебеларускім нацыянальным сходзе Валожынскі раён. Гэта было вельмі пачэсна і адказна адначасова. Невыпадкова ключавым слоганам форуму былі словы «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». Жывыя зносіны, абмеркаванне шырокага кола пытанняў дапамагалі вызначыць выбар правільнага шляху, па якім пойдуць нашы Радзіма і грамадства.
Ставячы задачы перад сістэмай адукацыі, Прэзідэнт выказаў прынцыповы падыход: дзяржаўная падтрымка, мэтавы набор, бясплатнасць, справядлівасць, роўны доступ да якасці адукацыі, гарантыя працаўладкавання, захаванне класна-ўрочнай сістэмы з дадатковай яе падтрымкай дыстанцыйным навучаннем. Усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, якае мае на мэце з’яднаць грамадства і стварыць кожнаму чалавеку ўмовы для камфортнага жыцця і дастойнай самарэалізацыі.
Галіна Фадзееўна РАЙ:
– Асаблівасць сёлетняга нацыянальнага сходу ў папярэдняй маштабнай падрыхтоўчай рабоце. Дзякуючы гэтаму меркаванні і пажаданні абсалютнай большасці жыхароў нашай краіны былі пачуты і запланаваны да рэалізацыі. Аднак як яна будзе праходзіць, залежыць ад кожнага з нас, ад нашай руплівасці і старання, ад індывідуальнага ўкладу ў агульную справу.
Мне былі блізкія такія тэмы, як пенсійнае забеспячэнне, праблемы сем’яў і пажылых людзей, сацыяльная падтрымка шматдзетных бацькоў і інш. Таму дзяржава, як і раней, будзе весці актыўную сацыяльную палітыку, дапаўняючы яе новымі элементамі, запатрабаванымі жыццём. Пакуль не пераможана дэмаграфічная праблема, таму асаблівая ўвага будзе скіравана на падтрымку мацярынства. Падтрымаюць і тых, хто хварэе на каранавірус, маладым сем’ям дапамогуць займець уласнае жыллё… Наперадзе – вельмі многа перспектыў і вялікая агульная задача: захаваць на нашай зямлі мір, спакой і згоду. Тады і ствараць будзе лягчэй.
Марына Феліксаўна МАЛЯЎСКАЯ:
– Я вельмі задаволена, што мяне дэлегавалі на сход. Сама атмасфера там была перапоўнена эмоцыямі, у пэўныя моманты на вачах нават слёзы з’яўляліся.
Паколькі я сацыяльны работнік, тэма адносін дзяцей і бацькоў мне вельмі блізкая. Як адзначыў Прэзідэнт, у Беларусі 154 дамы-інтэрнаты, у многіх з іх дажываюць свой век старыя. Некаторыя – пры жывых і здаровых дзецях. Ёсць, вядома, розныя сітуацыі, але калі заможныя людзі проста спіхваюць клопат пра сваіх родных на дзяржаву, гэта нонсэнс…
У цэлым, на будучыя пяць гадоў вельмі шмат планаў. Пабудуюць новыя заводы, з’явяцца працоўныя месцы. Будзе развівацца сістэма дапамогі шматдзетным і маладым сем’ям. Пераўтварэнні чакаюць сферу адукацыі, медыцына атрымае штуршок да развіцця і паляпшэння якасці аказання паслуг. Усё гэта не можа не радаваць. Асобна скажу пра цудоўны канцэрт: ён яшчэ раз даказаў, якія таленавітыя людзі жывуць у нас у Беларусі.