Да інклюзіі разам

Общество

Права на адукацыю належыць усім дзецям, у тым ліку і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Сучаснае разуменне інклюзіўнай адукацыі заключаецца ў тым, што рабяты павінны вучыцца сумесна ва ўсіх выпадках, калі гэта з’яўляецца магчымым, нягледзячы ні на якія цяжкасці або адрозненні паміж аднагодкамі.

 

У яслях-садзе № 6 “Вясёлы вулей” з 2019 па 2022 год рэалізуецца абласны педагагічны праект “Сацыялізацыя дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах інклюзіўнай адукацыйнай прасторы”. Яго актуальнасць абумоўлена тым, што з кожным годам узрастае колькасць такіх хлопчыкаў і дзяўчынак.

Ва ўстанове функцыянуе спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, арганізавана навучанне дома. Выхаванцы, для якіх яны дзейнічаюць, з’яўляюцца ўдзельнікамі вышэйназванага педагагічнага праекта. Ён дазволіць уключыць дзяцей з АПФР у адукацыйнае асяроддзе дашкольнай установы. У рамках яго рэалізацыі педагогі ствараюць мадэль псіхолага-педагагічнага суправаджэння выхаванцаў і бацькоў, што дасць магчымасць арганізаваць інклюзіўную прастору для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Малыя змогуць вучыцца па індывідуальнай праграме, паспяховай для іх сацыялізацыі.

У выніку рабяты атрымаюць вопыт талерантных паводзін і гуманнага стаўлення да асобы. Праект рэалізуецца праз аказанне індывідуальнай дапамогі дашкольнікам, правядзенне карэкцыйных заняткаў, спецыяльных аздараўленчых мерапрыемстваў з выкарыстаннем псіхолага-педагагічнага суправаджэння, стварэння вакол дашкольнікаў адпаведнага асяроддзя і ўмоў.

У рамках падрыхтоўчага этапу ва ўстанове рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на інфармаванне законных прадстаўнікоў выхаванцаў, вывучэнне вучэбна-метадычнай літаратуры, павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, арганізацыю і правядзенне дыягнастычных мерапрыемстваў з дзецьмі і педагогамі, стварэнне прадметна-развіццёвага асяроддзя.

 У 2020/2021 навучальным годзе рэалізуецца ўкараняльны этап праекта. З педагагічнымі работнікамі ўстановы дашкольнай адукацыі быў праведзены семінар-практыкум “Насустрач адзін аднаму” (псіхалагічная гатоўнасць педагогаў да дзейнасці ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі). З бацькамі (у фармаце on-line) прайшлі круглы стол “Мы розныя, але мы разам”, дзелавая гульня-практыкум “Не такі, як усе”.

 З выхаванцамі старэйшых груп і спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы арганізавалі музычна-фальклорныя забавы: “Восеньскія вячоркі”, “Ехала Каляда ў чырвоненькім вазочку”; дні здароўя: “У гасцях у доктара Айбаліта”, “Загартоўвайся!”. У рамках тэматычнага тыдня талерантнасці “Ствараем дабро” для ўсіх узроставых груп адбыліся гутаркі “Што такое дабрыня?”, “Чым мы адрозніваемся”, “Чым мы падобныя”, пра спагаду да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама складалі творчыя апавяданні на тэму “Мы розныя, але мы дружныя”, правялі гульні на развіццё прыязнасці ў дзяцей “Я сябрую з…”, “Востраў дружбы”, “Хто з кім сябруе” і на фарміраванне талерантнасці, памяркоўнасці ва ўзаемаадносінах “Сонейка міласэрнасці”, “Чароўнае крэсла”, “Ласкавае імя”, “Кампліменты”; дыдактычныя гульні “Мяшок дрэнных учынкаў”, “Добрыя справы”, “Непаслухмяныя гузікі”; акцыі “Дасылаем прывітанні” (выраб з дзецьмі лістоў з сюрпрызамі для дзяцей з іншых груп); калаж “Ты + я = сябры!”; прачыталі верш У. Маякоўскага “Што такое добра і што такое дрэнна”, казкі “Стойкі алавяны салдацік”, “Кульгавенькая качачка”, “Кветачка-вясёлка”. Арганізавалі музычную забаву з выхаванцамі спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы “Ад усмешкі стане ўсім святлей”, спартыўны час з выхаванцамі старэйшай групы  “Дабрыня выратуе свет”, сумесную творчасць дзяцей і педагогаў “Кветка дабрыні”.

Інклюзіўная адукацыя патрабуе пастаяннага творчага ўкладу ад кожнага ўдзельніка, уключанага ў адукацыйны працэс, – педагогаў, бацькоў, дзяцей, соцыуму. Няма сумненняў у тым, што вынікам гэтага працэсу стане абсалютнае прыняцце “асаблівых” дзяцей большасцю людзей.

Ірына ПАШКОЎСКАЯ,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці

ясляў-сада № 6 “Вясёлы вулей”