Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Зіма па-ранейшаму адстойвае свае правы. Даўно не назіралася такіх вялікіх маразоў і значнага снежнага покрыва. Паніжэнне тэмпературы паветра да -15 градусаў ужо ўяўляе небяспеку не толькі для лясных насельнікаў, але і для рачных рыб.

У мэтах папярэджвання заморных з’яў арандатарам водных аб’ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, даведзены патрабаванні па недапушчэнні фактаў гібелі рыбы, напрамую звязанай з падзеннем канцэнтрацыі кіслароду ў вадзе. Для аператыўнага рэагавання патрабуецца выкананне наступных відаў работ: унясенне вапны ў вадаёмы, выраб палонак і падвешванне мяшкоў з соллю. У прадпісаннях, што атрымалі арандатары, растлумачаны таксама парадак вылаву рыбы ў выпадках узнікнення ў рыбалоўных угоддзях перадзаморных ці заморных з’яў. Такія пісьмы адпраўлены КСУП “Пяршаі-2014”, раённаму аддзелу Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, сялянска-фермерскай гаспадарцы С. І. Зінчанка, РУП “Валожынскі жылкамунгас” і ТАА “Фішальянс” М. А. Ушацкага.

У канцэртнай праграме майстроў мастацтваў краіны для дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу выпаў гонар прымаць удзел арт-групе “Журавінка” Івянецкага дома культуры.

Рашэннем Рэспубліканскай камісіі па дзяржаўнай атэстацыі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый ад 2 лютага бягучага года дзіцячаму санаторыю “Налібоцкая пушча” пацверджана І катэгорыя. Адзначана работа па ўдасканаленні медыцынскай базы ўстановы.

За апошнія пяць гадоў у здраўніцы мадэрнізавана вода-гразелячэбніца: з’явіліся гразеразводныя ванны з мінеральнай вадой, электрагразевыя працэдуры і гідрамасажныя ванны. Акрамя гэтага, укаранёны кіслародныя кактэйлі, вакуумны масаж, карбоксітэрапія, касметычныя і іншыя паслугі.

Ад Мінскай абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа ў раён паступілі 9 падарункавых сертыфікатаў (ваўчараў) па 135 рублёў кожны.

Па ўзгадненні з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вызначаны канкрэтныя адрасаты на атрыманне сертыфікатаў. Адзін з іх размеркаваны шматдзетнай маці з райцэнтра, астатнія – сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды 3 і 4 ступені страты здароўя. Для іх любая матэрыяльная падтрымка ніколі не будзе лішняй.

Ёсць падставы ў чарговы раз парадавацца за паэтку з Пугачоў, члена народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага Цэнтра культуры Наталлю Жызнеўскую. Творца дасылае свае вершы для ўдзелу ў розных конкурсах і збірае багаты ўраджай узнагарод.

Літаральна ў лютым яна атрымала сертыфікат з такой экзатычнай краіны, як Бангладэш. Паэтычная група Бангладэш-Індыя-Калькута-Дака праводзіць штотыднёвыя конкурсы сярод паэтаў з розных краін. Менавіта верш нашай зямлячкі “Жизнь моя” адзначаны чарговым сертыфікатам. Яшчэ адзін яна атрымала ад Міжнароднай паэтычнай групы “DEMOGOG” пры падтрымцы фонду “Лінія жыцця кожнага дзіцяці”. Таксама Н. Жызнеўская прымала ўдзел у Міжнародным мега-бліц конкурсе “Успамін аб першым каханні”, адкуль днямі прыйшоў дыплом. Няхай творчае натхненне не пакідае паэтку і ў будні, і ў святы!

Івянецкі гарпасялковы выканкам і Івянецкі дом культуры аб’явілі два конкурсы, прысвечаныя Міжнароднаму жаночаму дню. Ладзіцца яны будуць упершыню.

Вынікі конкурсаў дзіцячых малюнкаў “Свет пад назвай мама” і ўласных вершаў “Для адзінай мамы на свеце” будуць падведзены напярэдадні правядзення ў гарпасёлку ўрачыстасці з нагоды свята. У фае Дома культуры аформяць выставу малюнкаў, а лепшыя вершы іх аўтары зачытаюць са сцэны. Пакуль жа ў самых людных месцах Івянца, у сярэдняй школе і дашкольных установах развешаны ўмовы конкурсаў.

За 2020 год рады паляўнічых у раёне павялічыліся на 11 чалавек.

Гэтыя людзі прайшлі дыстанцыйна спецыяльную падрыхтоўку і здалі экзамен для атрымання дзяржаўнага пасведчання на права палявання. Выдаецца яно тэрмінам на 10 гадоў. Яшчэ 53 паляўнічыя летась замянілі пасведчанні ў сувязі з сышоўшым тэрмінам.

Завяршыўся сезон палявання 2020-2021 года на казулю і аленя. За гэты тэрмін у паляўнічых угоддзях лясгаса здабыты 44 казулі і 25 аленяў.

Да 31 сакавіка працягваецца паляванне на бабра.