Яркае свята моладзі

Спорт

Спартакіяда маладых спецыялістаў устаноў і прадпрыемстваў раёна працягнула шэраг раённых мерапрыемстваў, прысвечаных Году народнага адзінства. Спартыўнае свята адбылося на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі, фізічнай культуры і спорту, устаноў культуры, сельскагаспадарчых арганізацый і моладзі вайсковай часці 30695. Песняй “Героі спорту” сустракалі іх артысты раённага Цэнтра культуры. Адкрыў мерапрыемства галоўны суддзя спаборніцтваў, суддзя 1-й катэгорыі Дзмітрый Васільевіч Ажарэльеў. На свяце прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Сяргееўна Багатырова і в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Міхайлаўна Канановіч.

Вольга Сяргееўна шчыра прывітала ўдзельнікаў спаборніцтваў і адзначыла, што спорт выхоўвае ў чалавеку яго лепшыя якасці: мэтанакіраванасць, рашучасць, уменне працаваць у камандзе. Гэта, у сваю чаргу, дапамагае дасягнуць перамог не толькі на спартыўнай, але і на прафесійнай арэне, развівае лідарскія якасці, прыхільнасць да здаровага ладу жыцця. Мерапрыемства разлічана на згуртаванне моладзі, захавнне спартыўных традыцый працоўных калектываў. Афіцыйная асоба пажадала  ўсім спартыўнага азарту, паспяховых стартаў, волі да перамогі, станоўчых эмоцый і новых знаёмстваў.

Удзельнікам было прапанавана выканаць чатыры віды праграмы: дзяржаўны фізкультурна-аздараўленчы комплекс Рэспублікі Беларусь, кідкі ў баскетбольнае кальцо, стральбу, скачкі праз скакалку. У ДФАК увайшлі скачкі ў даўжыню з месца, нахілы ўперад, падыманне тулава са становішча лежачы, падцягванне, чаўночны бег, бег 30 метраў. Мэтай гэтага комплексу з’яўляецца развіццё фізічнай культуры і спорту, аздараўленне і фізічнае выхаванне насельніцтва, фарміраванне здаровага ладу жыцця.

Суддзі прыступілі да выканання сваіх абавязкаў. Удзельнікі па чарзе дэманстравалі ўласныя сілы на розных пляцоўках. Час праляцеў вельмі хутка. Добры настрой, яркія ўражанні, шчырыя ўсмешкі, прыязныя адносіны панавалі на працягу мерапрыемства. Маладыя людзі стараліся не толькі праявіць як мага лепш сябе, але і падтрымаць сяброў, калег і, наогул, усіх аматараў спорту, што сабраліся ў зале.

І вось настаў доўгачаканы час узнагароджвання. 1-е месца сярод юнакоў па дзяржаўным фізкультурна-аздараўленчым комплексе Рэспублікі Беларусь заваяваў Назар Жалток, 2-е – Вадзім Лясюк, 3-е – Максім Бабонаў. Сярод дзяўчат 1-е месца ў Вікторыі Банацкай, 2-е – Алесі Гідрэвіч, 3-е – Ірыны Бярцэвіч.

У спаборніцтве па кідках у баскетбольнае кальцо пераможцамі сярод юнакоў і дзяўчат адпаведна сталі Уладзіслаў Галоўчык і Ірына Бярцэвіч. 2-е месца занялі Уладзіслаў Шулякоў і Надзея Калілец, 3-е – Міхаіл Багданаў і Іна Шчасноўская.

Найлепшыя навыкі стральбы прадэманстравалі Максім Бабонаў і Інеса Саевіч. На 2-м месцы аказаліся Уладзіслаў Вяршыцкі і Ангеліна Пекар, на 3-м – Назар Жалток і Паліна Рагуновіч.

Уладзіслаў Сяргей і Інеса Саевіч заваявалі 1-я месцы сярод юнакоў і дзяўчат адпаведна ў спаборніцтвах па скачках на скакалцы. 2-е месца дасталася Дзмітрыю Тарасевічу і Ганне Шарымет, 3-е – Уладзіславу Галоўчыку і Надзеі Калілец.

Пачэсную місію ўзнагароджвання выканалі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Сяргееўна Багатырова і галоўны суддзя спаборніцтваў Дзмітрый Васільевіч Ажарэльеў. Пераможцам і прызёрам спартакіяды яны ўручылі дыпломы і грашовыя прэміі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара