Завіталі да ліцэістаў

Безопасность и здоровье

У рамках трэцяга этапу акцыі “Бяспека – у кожны дом!” работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сустрэліся з навучэнцамі Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Сустрэча з рабятамі пачалася з пытання: “Як вы думаеце, з-за чаго часцей за ўсё адбываюцца пажары?” Выратавальнікі расказалі, як можна самастойна ліквідаваць невялікае ўзгаранне і як дзейнічаць, калі ўласнымі сіламі патушыць агонь немагчыма. Паказалі, як правільна карыстацца вогнетушыцелем, і патлумачылі, для чаго патрэбны аўтаномны пажарны апавяшчальнік, нагадалі аб карысным дадатку “МНС Беларусі. Дапамога побач”. Яны распавялі, што асноўнай прычынай пажараў з’яўляецца чалавечая халатнасць: неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі электрапрыбораў, дзіцячае свавольства з агнём.

Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Людміла Сівец рэкамендавала юнакам і дзяўчатам, выходзячы з хаты, не забывацца правяраць, ці выключаны з сеткі электрапрыборы, а таксама газ.

На заканчэнні мерапрыемства адбылася віктарына “Дзе логіка?”. Ліцэісты досыць хутка аб’ядналі карцінкі і атрымалі слова ці выраз, што было зашыфравана на слайдзе. Затым ім прадэманстравалі фільм “Студэнты. Бяспека. Будучыня” і ролік “Курэнне – адна з асноўных прычын пажару”.