Дапамога пры цяжкай жыццёвай сітуацыі ад ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” .

Общество

Паважаныя грамадзяне! Калі ў вас узнікла цяжкая жыццёвая сітуацыя і патрабуецца дапамога, ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” прапануе скарыстацца шырокім спектрам гарантаваных сацыяльных паслуг.

На атрыманне сацыяльных паслуг на даму маюць права непрацаздольныя грамадзяне – інваліды 1 ці 2 групы, непрацуючыя грамадзяне, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту і маюць права на дзяржаўную пенсію, не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў (з якімі не быў заключаны дагавор рэнты або дагавор пажыццёвага ўтрымання з прадастаўленнем сродкаў на ўтрыманне).

Сацыяльныя работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму аказваюць паслугі згодна з медыцынскім заключэннем устаноў аховы здароўя і Пералікам бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання.

Умовы аплаты за надомнае абслугоўванне вызначаюцца памерам даходу (пенсіі) пенсіянера ці інваліда і наяўнасцю ў грамадзяніна працаздольных сваякоў, павінных па законе аказваць яму дапамогу.

Уступіўшымі ў сілу з 1 студзеня 2021 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2020 г. № 538 “Аб змяненні пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь”, якой унесены змены ў Пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання з нормамі і нарматывамі забяспечанасці грамадзян гэтымі паслугамі, зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2012 г. № 1218, і з 24 студзеня 2021 года пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2020 г. № 113 “Аб зменах пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 2013 г. № 11” унесены некаторыя змены ў парадак і ўмовы аказання сацыяльных паслуг тэрытарыяльнымі цэнтрамі.

Сацыяльныя паслугі аказваюцца грамадзянам на наступных умовах: бясплатна – малазабяспечаным адзінокім непрацаздольным грамадзянам, сярэднедушавы даход якіх ніжэй за БПМ у сярэднім на душу насельніцтва; на ўмовах частковай аплаты – адзінокім непрацаздольным грамадзянам (сем’ям), сярэднедушавы даход якіх не перавышае 200% зацверджанага ва ўстаноўленым парадку БПМ у сярэднім на душу насельніцтва; на ўмовах поўнай аплаты – непрацаздольным грамадзянам (сем’ям), сярэднедушавы даход якіх вышэй за 200% зацверджанага ва ўстаноўленым парадку БПМ.

Разлік кошту комплекснага сацыяльнага абслугоўвання праводзіцца зыходзячы з кошту аднаго візіту і колькасці візітаў сацыяльнага работніка ў месяц. На дадзены момант кошт аднаго візіту для грамадзян, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, складае 1 рубель 74 капейкі, для грамадзян, якія пражываюць у горадзе, – 1 рубель 19 капеек.

Падчас візіту сацыяльным работнікам па запатрабаванні грамадзяніна аказваюцца 3 і больш платных паслуг, згодна з заключаным дагаворам і пералікам паслуг, які з’яўляецца неад’емнай часткай дагавора.

У пералік паслуг на платнай аснове ў залежнасці ад функцыянальнага класа, устаноўленага ўстановамі аховы здароўя, уваходзяць наступныя паслугі:

    – купля і дастаўка на дом прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў першай неабходнасці;

    – арганізацыя гарачага харчавання на даму: дастаўка на дом гарачага харчавання, аказанне дапамогі ў гатаванні стравы, гатаванне простых страў;

    – дастаўка агародніны са сховішча;

    – дастаўка вады (для пражываючых у жылых памяшканнях без цэнтральнага водазабеспячэння);

    – дапамога ў распальванні печак (для пражываючых у жылых памяшканнях без цэнтральнага ацяплення): дастаўка паліва са сховішча, падрыхтоўка печак да распальвання, распальванне печак;

    – здача рэчаў у пральню, хімчыстку, рамонт і іх дастаўка на дом;

    – уборка жылых памяшканняў: праціранне пылу з паверхні мэблі, вынас смецця, падмятанне падлогі, уборка пыласосам мяккай мэблі, дываноў і падлогавых пакрыццяў, чыстка дыванкоў і дарожак ля ложка, мыццё падлогі, мыццё аконнага шкла і аконных рам, праціранне падаконнікаў, ачыстка аконных рам ад паперы (праклейка паперай аконных рам), замена фіранак, уборка пылу са сцен і столі, чыстка ванны, умывальніка (ракавіны), газавай (электрычнай) пліты, мыццё посуду, чыстка ўнітаза, мыццё халадзільніка;

    – унясенне аплаты са сродкаў абслугоўваемага грамадзяніна за жыллёва-камунальныя паслугі, карыстанне жылым памяшканнем, паслугі сувязі, ажыццяўленне іншых плацяжоў (аплата тавараў, паслуг, падаткаў, штрафаў, пагашэнне крэдытаў);

    – чыстка прыдамавых дарожак ад снегу ў зімовы перыяд (для пражываючых у жылых дамах сядзібнага тыпу);

    – уборка прыдамавой тэрыторыі з 1 красавіка да 31 кастрычніка (для пражываючых у жылых дамах сядзібнага тыпу);

    – аказанне дапамогі ў змене сподняй бялізны;

    – аказанне дапамогі ў адзяванні, зняцці адзення, пераапрананні;

    – аказанне дапамогі ў змене (перасціланні) пасцельнай бялізны;

    – аказанне дапамогі ў прыёме стравы (кармленне);

    – аказанне дапамогі ў выкананні санітарна-гігіенічных працэдур: прычэсванне, дапамога ў прыняцці ванны (душу), мыццё галавы, брыццё барады і вусоў, гігіенічная апрацоўка ног і рук (стрыжка пазногцяў), змена падгузнікаў, вынас судна;

    – арганізацыя прагулкі на свежым паветры (да 30 хвілін);

    – дастаўка (забеспячэнне) лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння;

    – садзейнічанне ў выкананні рэабілітацыйных мерапрыемстваў у адпаведнасці з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі інваліда;

    – дапамога ў забеспячэнні тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, уключанымі ў Дзяржаўны рэестр (пералік) тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, у адпаведнасці з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі інваліда ці заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі;

    – навучанне карыстанню тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі;

    – аказанне дапамогі ў выкананні прызначэнняў, рекамендацый медыцынскага работніка;

    – дапамога ў падборы і выдача тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі ў часовае карыстанне;

    – кансультаванне і інфармаванне па пытаннях аказання сацыяльных паслуг і сацыяльнай падтрымкі;

    – садзейнічанне ў афармленні і выпатрабаванні неабходных дакументаў для рэалізацыі права на сацыяльную падтрымку і сацыяльнае абслугоўванне;

    – правядзенне інфармацыйных гутарак;

    – навучанне камп’ютарнай грамаце, у тым ліку па засваенні сацыяльных сетак, здзяйсненні плацяжоў у інтэрнэце;

    – аказанне паслуг культурна-масавага характару і для правядзення вольнага часу: забеспячэнне кніжкамі, журналамі і газетамі, чытанне ўслых журналаў, газет, кніжак;

    – аказанне дапамогі ў наведванні храма, арганізацыя сустрэч і духоўных гутарак са святарамі;

    – садзейнічанне ў аднаўленні і падтрымцы роднасных сувязей;

    – садзейнічанне ў аднаўленні (замене) дакументаў, што пацвярджаюць асобу і права на льготы;

    – садзейнічанне ў атрыманні: сацыяльных паслуг, якія прадастаўляюцца арганізацыямі, што аказваюць сацыяльныя паслугі; паслуг, якія прадстаўляюць арганізацыі культуры, гандлю, бытавога абслугоўвання, сувязі і іншыя арганізацыі;

    – садзейнічанне ў дастаўцы ва ўстановы сацыяльнага абслугоўвання і назад;

    – суправаджэнне ў дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя;

    – садзейнічанне ў нарыхтоўцы агародніны і паліва на зіму;

    – садзейнічанне ў арганізацыі рытуальных паслуг;

    – садзейнічанне ў арганізацыі атрымання медыцынскай дапамогі.

Вышэйназванымі пастановамі ўнесены змены ва ўмовы аказання сацыяльна-рэабілітацыйных паслуг. Гэтыя паслугі адзінокім непрацаздольным інвалідам 1 і 2 групы аказваюцца на бясплатнай аснове. А вось грамадзянам, што пражываюць сумесна з дзецьмі працаздольнага ўзросту, Пералік сацыяльных паслуг дастаткова зменшаны.

Акрамя сацыяльных паслуг, якія аказваюцца ў форме сацыяльнага абслугоўвання на даму, пры наяўнасці медыцынскага паказання цэнтрам таксама прадастаўляюцца паслугі сядзелкі і дзённага догляду. Дадзеныя паслугі аказваюцца ў дзённы час па працоўных днях ад 10 да 40 гадзін у тыдзень пры неабходнасці. Аплата за іх падлічваецца згодна з калькуляцыяй. На дадзены момант кошт 1 гадзіны складае: 65 капеек (100%), 39 капеек (60%).

З кожным годам усё больш запатрабаванай становіцца паслуга пачасавога догляду за дзецьмі (паслуга няні). Яна аказваецца сем’ям:

    – якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў (не больш за 20 гадзін у тыдзень да дасягнення дзіцем узросту 18 гадоў);

    – якія выхоўваюць дваіх альбо траіх дзяцей, што нарадзіліся адначасова (не больш за 20 гадзін у тыдзень – для двайнят (40 гадзін у тыдзень – для трайнят) да дасягнення дзецьмі ўзросту 3 гадоў);

    – у якіх абое бацькоў ці адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і з’яўляюцца інвалідамі 1 альбо 2 групы (не больш за 20 гадзін у тыдзень да дасягнення дзіцем (дзецьмі) узросту 6 гадоў);

    – якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей, што нарадзіліся адначасова, дзяцей-інвалідаў (прадугледжана кароткачасовае вызваленне бацькоў ад догляду за дзіцем (дзецьмі) – не больш за 10 гадзін у тыдзень).

У сувязі з унесенымі зменамі ў заканадаўчыя нарматыўна-прававыя акты з 25 студзеня 2021 года паслуга пачасавога догляду за дзецьмі-інвалідамі да 18-гадовага ўзросту аказваецца бясплатна.

Па пытаннях прадастаўлення сацыяльных паслуг просім звяртацца па адрасах:

 г. Валожын, вул. Міру, 8, каб. № 3, 5, 6, 7;

г. п. Івянец, пл. Свабоды, 2.Тэлефоны для даведак: 68105, 68075, 68113, 51503.

 Таццяна ЯРОТА,

загадчык аддзялення сацыяльнай

дапамогі на даму ДУ “Валожынскі ТЦСАН”