У выхадныя маразы ў Беларусі аслабеюць

Кругозор

У выхадныя маразы ў Беларусі пачнуць слабець, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У пятніцу, 19 лютага, умовы надвор’я ў Беларусі ў асноўным будзе вызначаць паўночны халодны антыцыклон, сфарміраваны ў арктычным паветры. Гэтай ноччу яго цэнтр прагназуецца над краінай. У дзённы час ён прадоўжыць сваё перамяшчэнне на поўдзень. Атмасферны ціск пачне падаць, і на захад рэспублікі ўдзень падыдзе франтальны раздзел. Таму чакаецца пераважна без ападкаў, толькі ўдзень па захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным мокры снег, месцамі прагназуецца слабы галалёд. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер будзе пераменных напрамкаў слабы. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 19-24, па ўсходняй палове — мінус 25-28, па паўднёвым захадзе краіны, дзе будзе больш воблачнасці, маразы слабейшыя — мінус 16-18 градусаў. Удзень будзе мінус 5-11, па паўднёвым захадзе — ад нуля да мінус 4.

У суботу, 20 лютага, сітуацыя ў атмасферы пачне мяняцца. Атмасферны фронт з захаду, ідучы ва ўсходнім напрамку, будзе адціскаць з тэрыторыі Беларусі халоднае паветра. Маразы аслабеюць. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 7-14, па ўсходзе мінус 15-19, у крайніх паўднёва-заходніх раёнах месцамі мінус 1-6 градусаў. Удзень будзе мінус 1-8, па паўднёва-заходняй палове месцамі ад нуля да плюс 4 градусаў. Павялічыцца і ўшчыльніцца воблачнасць. Уначы на большай частцы тэрыторыі, удзень месцамі па краіне пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег. У асобных раёнах чакаюцца туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўднёвы, удзень з пераходам на заходні ўмераны.

У нядзелю, 21 лютага, будзе адчувацца ўплыў малаактыўных франтальных раздзелаў, якія ідуць з Балтыйскага мора. Месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя ападкі (снег, мокры снег, дождж). У асобных раёнах прагназуюцца туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер заходняй чвэрці ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 6 да плюс 1 градуса, па ўсходзе мінус 7-10. Удзень будзе ад мінус 2 да плюс 4 градусаў.

У пачатку наступнага тыдня пад уплывам вільготнай паветранай масы атлантычнага паходжання адліжнае надвор’е распаўсюдзіцца на большую частку тэрыторыі краіны.

У панядзелак, 22 лютага, тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 6 да плюс 1. Удзень будзе ад мінус 2 па ўсходзе да плюс 6 па захадзе Беларусі. Па паўночным усходзе, дзе надвор’е будзе вызначаць франтальны раздзел, прагназуюцца кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). Месцамі па краіне могуць згушчацца туманы, магчымы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёвай чвэрці парывісты.

У аўторак і сераду, 23-24 лютага, рэспубліка будзе знаходзіцца пад уплывам маларухомага слабавыяўленага атмасфернага фронту. Ападкаў чакаецца няшмат. У асобных раёнах будуць згушчацца туманы, магчымы галалёд, на дарогах месцамі прагназуецца галалёдзіца. Уначы ў аўторак тэмпература паветра складзе ад нуля да мінус 7, па ўсходзе пры праясненнях мінус 8-15 градусаў. У дзённы час будзе ад мінус 4 да плюс 3, па ўсходзе краіны — на некалькі градусаў ніжэй, у заходніх раёнах 4-6 градусаў цяпла. Істотна не зменіцца тэмпературны фон і ў сераду.