Лукашэнка: нацыяналізм — гэта не балбатня на мове

Важное

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што нацыяналізм — гэта не балбатня на мове, а імкненне зрабіць нешта, што застанецца ў народнай памяці. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, сустракаючыся з артыстамі Купалаўскага тэатра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Я лічу, што нацыяналізм — гэта не балбатня на мове. А гэта рабіць тое, што застанецца ў памяці. Я заўсёды імкнуся да таго, каб у нас былі пэўныя традыцыі», — сказаў Прэзідэнт.

У якасці такіх традыцый Беларусі як суверэннай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка згадаў штогадовы зварот Прэзідэнта з Пасланнем да парламента і народа. Раз у пяць гадоў праводзіцца Усебеларускі сход. «Вы таксама сталі добрай, нават не традыцыяй, вы — сімвал нашага народа. Таму заўсёды трэба ствараць тое, што цябе будзе адрозніваць ад іншых. І ў гэтым будзе добры нацыяналізм, за што мяне ў Расіі часам крытыкуюць і папракаюць. Але я гавару: я ж Прэзідэнт Беларусі. Пры ўсёй любові да расіян, я — Прэзідэнт Беларусі. Таму я буду рабіць усё, што патрэбна нашым беларусам, тое, што нас будзе адрозніваць. Ад рускіх таксама», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што багацце народа Беларусі ў тым ліку ў веданні дзвюх моў — рускай і беларускай. І ад гэтай спадчыны ні ў якім разе нельга адмаўляцца, упэўнены ён.

«Ніколі не спяшайцеся. Асабліва творчыя работнікі і палітыкі. Мы не маем права на гэту спешку, — параіў Аляксандр Лукашэнка. — Мы павінны акуратна весці палітыку на гэтым кавалачку зямлі. Гэта наша, мы больш не просім. Але мы міліметра нікому не аддадзім».

«Давайце будзем берагчы нашу краіну, а вы ў сваёй творчасці павінны гэта ўсё ажыццявіць. Абавязаны! Не мне. Вы свайму народу абавязаны. Няхай мінулы год будзе вялікім урокам для нас. Асабліва для нашых дзяцей. Мы можам іх проста страціць», — падкрэсліў беларускі лідар.