Казадой – птушка 2021 года ў Беларусі

Кругозор

Аб гэтым абвясціла грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Сярод прэтэндэнтаў разглядаліся яшчэ тры кандыдаты – даўгахвостая сініца, трысняговая аўсянка і звычайная галубка.

Казадой звычайны, або ляляк звычайны – адзіны прадстаўнік атрада казадоепадобных у Беларусі. Усяго ў свеце налічваецца каля 120 відаў. Сваю назву птушка атрымала дзякуючы легендзе, што казадой прылятае ноччу да статка і выдойвае ў коз і кароў малако. На самай жа справе птушак цікавяць насякомыя, якія зграямі кружаць над жывёламі. Знішчаючы вялікую колькасць такіх шкоднікаў, яны прыносяць карысць лясной і сельскай гаспадаркам.

Колькасць казадояў у Беларусі па ацэнцы 1997 года складае 35-50 тыс. гняздуючых пар. Гэта начная птушка, актыўная ад змяркання да канца ночы з невялікімі перапынкамі для адпачынку. Днём, пасля начнога палявання, яны спяць. Гаспадарчая дзейнасць чалавека, такая, як высечка лесу і стварэнне супрацьпажарных прасек, спрыяе павелічэнню іх колькасці. З іншага боку, мноства шашэйных дарог нярэдка становіцца пагібельным для папуляцыі. Святло аўтамабільных фар прыцягвае начных насякомых, на якіх палюе казадой, а разагрэты днём асфальт з’яўляецца зручнай пляцоўкай для адпачынку. У выніку птушкі трапляюць пад колы. Акрамя таго, як і ўсе, што гняздуюцца на зямлі, яны пакутуюць ад спусташэння гнёздаў наземнымі драпежнікамі, а таксама ад наведвання лясоў грыбнікамі і ягаднікамі ў перыяд выседжвання птушанят.

Даўгакрылая і даўгахвостая, драбнейшая за голуба птушка мае даўжыню цела да 29 см, даўжыню хваста – да 12 см, размах крылаў – да 64 см, вага не перавышае 100 г. Няяркае, шаравата-бурае апярэнне казадоя выдатна маскіруе яго на фоне кары дрэў або ляснога подсцілу. У птушкі вялікія вочы, кароткая і слабая дзюба ў спалучэнні з вельмі глыбокім (да вачэй) разрэзам рота. Кароткія ногі дрэнна адаптаваныя для таго, каб хадзіць па зямлі і абхапляць галінкі, таму гэта адзіны від, прадстаўнікі якога сядзяць уздоўж галін дрэў. З-за мяккага і рыхлага, як у соў, апярэння казадой часам выглядае крыху буйнейшым, чым ёсць на самай справе.

Засяляе светлыя сасновыя лясы, высечкі, прасекі і інш., пры гэтым асноўнымі фактарамі для гнездавання з’яўляюцца сухая падсцілка, добры сектар агляду і магчымасць раптам узляцець з-пад носа драпежніка, а таксама багацце начных лятучых насякомых. Жывуць парамі. Казадой – адна з нямногіх птушак нашай фаўны, якая наогул не будуе гнёздаў – яйкі адкладае непасрэдна на зямлю, як правіла на лясны подсціл у выглядзе леташняга лісця, ігліцы або драўнянай церухі, нярэдка пад кустом, ламаччам або навіслымі галінкамі невялікіх сосен. У канцы мая або пачатку чэрвеня тут звычайна знаходзяцца 2 яйкі эліпсоіднай формы з мармуровым малюнкам. Наседжванне працягваецца каля 17-18 дзён. Большую частку часу на гняздзе праводзіць самка, і толькі калі-нікалі яе падмяняе самец. Птушаняты з’яўляюцца на свет з інтэрвалам у суткі і пры вылупленні амаль цалкам пакрытыя пухам. Яны хутка становяцца актыўнымі і, у адрозненне ад дарослых птушак, нядрэнна ходзяць. Першыя 4 дні выкормлівае іх толькі самка, а затым – абодва бацькі. За ноч яны каля 10 разоў вяртаюцца ў гняздо са здабычай, кожны раз прыносячы да 150 насякомых. Ва ўзросце двух тыдняў птушаняты робяць першыя спробы ўзляцець, а праз 5 тыдняў вывадак становіцца цалкам самастойным.

Непрыкметная птушка адрозніваецца своеасаблівым спевам, у добрае надвор’е ён чутны на адлегласці да 600 м. Спявае самец, звычайна седзячы на суку сухастойнага дрэва на ўскраіне лясной паляны або прасекі. Яго сухая манатонная трэль нагадвае тарахценне матацыкла. Аднастайнае брынканне з невялікімі перапынкамі працягваецца ад заходу да світання, пры гэтым танальнасць, частата і гучнасць гуку перыядычна змяняюцца.

На зімоўку ў верасні казадоі з Беларусі ляцяць у Паўднёвую Афрыку і вяртаюцца назад у канцы красавіка або ў маі, калі на дрэвах распускаецца лісце, і пачынаюць лётаць насякомыя.

Матэрыял да друку па інтэрнэт-звестках падрыхтавала

Анжэла РАДЫНА