“Менестрэлям” — 5 гадоў

Культура

У студзені 2021 года інструментальнаму ансамблю “Менестрэлі” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў споўнілася 5 гадоў. І калі пяцігадовае дзіця толькі робіць свае першыя крокі ў спазнанні свету, то ракаўскі калектыў за такі кароткі час паспеў перамагчы больш чым на 30 конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню ў Беларусі і за яе межамі, актыўна паўдзельнічаць у канцэртах, тэлевізійных і радыёперадачах, прывезці найвышэйшыя ўзнагароды – Гран-пры з Польшчы і Эстоніі, атрымаць прэмію і стаць дыпламантам Спецыяльнага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ гэтыя гады былі насычаны паездкамі па Беларусі, Польшчы, Італіі, Літве, Расіі, Швецыі – усяго ў 10 краін паспелі з’ездзіць юныя музыканты. А калі ў сувязі з небяспечнай эпідэміялагічнай сітуацыяй творчае жыццё крыху спынілася, то знайшоўся час падрыхтаваць вялікую канцэртную праграму да свайго юбілею. І 31 студзеня на мінскай папулярнай эстраднай пляцоўцы “Рэпаблік” адбыўся канцэрт у стылі “рок”, як назвала мерапрыемства кіраўнік калектыву Кацярына Дварэцкая. Чаму менавіта рок? Таму што за пяць гадоў дзеці выраслі, іх патрабаванні і інтарэсы змяніліся. Захацелася сучаснасці, крэатыву і чагосьці зусім незвычайнага для музычнай школы. Трэба адзначыць, што зараз у школе, акрамя канцэртнага калектыву, ёсць і вучэбны – у ім спасцігаюць азы ансамблевай ігры 10-12-гадовыя вучні. З імі Кацярына Уладзіміраўна працуе над класічнымі п’есамі.

На канцэрце гучалі не толькі інструментальныя каверы знакамітых рок-кампазіцый, але і музыка сучасных аўтараў, апрацоўкі народных мелодый у стылі рок. Адну з п’ес ансамбль выканаў сумесна з выпускніцай Ракаўскай ДШМ, а зараз таленавітай спявачкай Таццянай Стахоўскай. Акрамя акустычных інструментаў, у некаторых кампазіцыях гучала электрагітара, што надавала канцэрту яшчэ больш нейкага музычнага драйву. Спрыяльную атмасферу і антураж складала сучасная светлавая і гукавая апаратура.

Напярэдадні канцэрта музыканты паўдзельнічалі ў музычнай праграме “Настрой” Першага нацыянальнага канала беларускага радыё. У прамым эфіры адбыўся розыгрыш двух запрашэнняў на канцэрт. Удзельнікі ансамбля распавялі пра мерыпрыемства, падрыхтоўку і будучыя планы.

Канцэрт прайшоў, як гавораць, на адным дыханні. Напрыканцы “Менестрэлі” атрымалі падарункі і кветкі ад слухачоў. Дырэктар школы Юлія Аляксандраўна Мякінка падзякавала за прафесійны падыход да мерыпрыемства, пажадала далейшых поспехаў у творчым жыцці і падаравала кожнаму ўдзельніку ансамбля памятны сувенір. Таксама на канцэрце прысутнічала арганізатар Міжнародных праектаў “ARTIVITIES seassons” Марына Леановіч, якая пажадала далейшага творчага развіцця і ўручыла сертыфікаты на ўдзел у міжнародных конкурсах ад фестывальнага цэнтра.

Але ўсё ж для ўдзельнікаў калектыву, напэўна, галоўнай узнагародай засталіся асабістыя ўражанні і пачуцці пасля паспяховага выступлення на сцэне “Рэпабліка”, бо найвялікшае шчасце для кожнага творцы – знайсці свайго слухача і разам атрымліваць станоўчыя эмоцыі ад цудоўнага музычнага мастацтва.

Наш кар.