Транспартны падатак у дачыненні да фізічных асоб

Общество

З 1 студзеня 2021 года ўведзены новы рэспубліканскі падатак – транспартны. Ён прыйшоў на змену дзяржпошліне за выдачу дазволу на допуск да ўдзелу транспартных сродкаў у дарожным руху, якую аўтаўладальнікі павінны былі выплачваць перад праходжаннем тэхагляду.

Плацельшчыкамі транспартнага падатку з’яўляюцца фізічныя асобы (у тым ліку зарэгістраваныя ў якасці ІП). Пры гэтым, калі транспартны сродак (ТС) узяты ў фінансавую арэнду (лізінг), плацельшчыкам транспартнага падатку прызнаецца лізінгаатрымальнік.

Падаткам абкладаюцца ТС, зарэгістраваныя ў ДАІ МУС за фізічнымі асобамі. За асобныя ТС падатак не спаганяецца. Да іх адносяцца:

    электрамабілі (ТС катэгорыі М1, M1G). Яны не абкладаюцца падаткам да 31 снежня 2025 года;

    ТС, выпушчаныя ў 1991 годзе і раней, ці звесткі пра год выпуску якіх адсутнічаюць;

    ТС, якія выбылі ва ўласніка (уладальніка) у выніку супрацьпраўных дзеянняў трэціх асоб.

Акрамя таго, вызваляюцца ад абкладання транспартным падаткам ТС, знятыя з уліку ў ДАІ да 1 ліпеня 2021 года, а таксама ТС, у дачыненні да якіх яшчэ дзейнічае атрыманы дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Але, як толькі скончыцца тэрмін дзеяння дазволу, з 1-га чысла наступнага месяца ў дачыненні да такога ТС трэба будзе вылічыць падатак.

Плацельшчыкам – фізічным асобам транспартны падатак будуць вылічаць падатковыя органы на падставе звестак, прадстаўленых ім дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, у тым ліку якія ажыццяўляюць дзяржаўную рэгістрацыю ТС у Рэспубліцы Беларусь. Разлік падатку будзе праводзіцца па стаўках згодна з п. 2 дадатку 27 да Падатковага кодэкса.

Для асобных катэгорый плацельшчыкаў (інвалідаў I-III груп і інш.) прадугледжана прымяненне паніжаных ставак:

    на 50% (у дачыненні да ТС, зарэгістраваных за ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, інвалідамі I ці II групы, асобамі, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, або асобамі, якія маюць права на пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту);

    на 25% (для інвалідаў III групы).

Пры гэтым ільгота па зніжэнні стаўкі транспартнага падатку прадастаўляецца пры ўмове наяўнасці ў плацельшчыка сапраўднага вадзіцельскага пасведчання адпаведнай катэгорыі.

Поўнае або частковае вызваленне ад платы падатку маюць права атрымаць таксама фізічныя асобы, што знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Такое вызваленне прадастаўляецца мясцовымі Саветамі дэпутатаў ці па іх даручэнні выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Штогод да 1 верасня фізічным асобам будзе ўручацца паведамленне з указанай у ім сумай вылічанага падатку за мінулы год. Заплаціць падатак трэба будзе не пазней за 15 лістапада года, наступнага за мінулым каляндарным годам.

У дачыненні да транспартнага падатку за 2021 год прадугледжаны асаблівы парадак яго платы фізічнымі асобамі, якія не атрымалі на 1 студзеня 2021 года дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Такія плацельшчыкі абавязаны будуць заплаціць не пазней за 15 снежня 2021 года авансавы плацеж у памеры 1 базавай велічыні за кожны ТС. Базавая велічыня прымаецца ў памеры, устаноўленым на 1 студзеня 2021 года. У дачыненні да прычэпа, прычэпа-дачы (каравана), матацыкла авансавы плацеж складае 20 руб. Даплату падатку за 2021 год трэба будзе зрабіць не пазней за 15 лістапада 2022 года.

Інспекцыя інфармуе аб магчымасці прадастаўлення электронных паслуг праз сэрвіс “Асабісты кабінет плацельшчыка” для фізічных асоб на афіцыйным сайце Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь www.nalog.gov.by без лічбавага подпісу. Гэты сэрвіс прызначаны, напрыклад, для атрымання паведамлення на плату транспартнага падатку ці атрымання інфармацыі аб наяўнасці транспартных сродкаў, зарэгістраваных у ДАІ МУС за дадзенай фізічнай асобай. Для атрымання доступу да асабістага кабінета неабходна з асабістым пашпартам наведаць любую падатковую інспекцыю і атрымаць ідэнтыфікацыйны код і пароль.

У выпадку ўзнікнення пытанняў можна звярнуцца ў ІМПЗ Рэспублікі Беларусь па Валожынскім раёне па адрасе: г. Валожын, пл. Свабоды, 2, кабінеты 228, 226 ці па тэлефонах: 58396, 57854.