АБАРОНЦАМ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ – ПАВАГА І ПРЫЗНАННЕ

"Минщина, мы тобой гордимся!" Важное Общество Официально

23 лютага на плошчы Свабоды райцэнтра адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

Гэта свята – даніна павагі і прызнанне заслуг многіх пакаленняў воінаў, якія мужна і непахісна адстойвалі свабоду і незалежнасць Радзімы на ратных палях, гэта падтрымка закладзеных нашымі продкамі стагоддзі назад традыцый. Гэта – свята тых, хто ўжо аддаў доўг родный зямлі вернай службай і хто сёння нясе баявую вахту ў армейскіх радах.

 

Так адзначылі ў выступленнях перад воінамі Валожынскага гарнізона і жыхарамі горада намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун, камандзір 153-й асобнай Кенігсбергскай Ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння Андрэй Віктаравіч Калач, кавалер ордэна “За службу Радзіме” трэцяй ступені, член раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі сюз афіцэраў” падпалкоўнік у адстаўцы Уладзімір Уладзіміравіч Сёмін. Выступоўцы падкрэслілі: беларуская армія трымаецца на адданасці Радзіме, вернасці прысязе і гатоўнасці абараняць інтарэсы краіны і народа, воінская служба была і застаецца справай гонару і доблесці, а людзі ў вайсковай форме – прыкладам адвагі, стойкасці і вернасці абавязку.

 

Па традыцыі, прысутныя ўшанавалі светлую памяць герояў, якія аддалі жыццё за свабоду Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны, усклаўшы вянкі і кветкі да помніка паўшым у баях за Радзіму і адзначыўшы іх неўміручы подзвіг хвілінай маўчання.

 

 

У гонар Дня абаронцаў Айчыны адбыўся ўрачысты марш пераемнікаў слаўных традыцый воінаў-пераможцаў – ваеннаслужачых воінскай часці 30695. Пасля іх і ўсіх сапраўдных мужчын запрасілі ў раённы цэнтр культуры на падрыхтаваны артыстамі Валожыншчыны шыкоўны канцэрт.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА