Правіла «залатой гадзіны» пры аказанні меддапамогі павінна выконвацца па ўсёй краіне — Петрышэнка

COVID-19 Безопасность и здоровье

Правіла «залатой гадзіны» пры аказанні меддапамогі павінна выконвацца па ўсёй краіне, заявіў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка перад падагульняючай калегіяй Міністэрства аховы здароўя, перадае карэспандэнтБЕЛТ А.

Ігар Петрышэнка нагадаў, што ў краіне створаны апорныя пункты, дзе аказваецца высокатэхналагічная меддапамога і куды павінен быць дастаўлены кожны пацыент, якому стала дрэнна. «Такія цэнтры ў нас створаны, іх каля 10 у краіне, — сказаў ён. — Функцыянуюць раённыя бальніцы, фельчарска-акушэрскія пункты. У кожнага чалавека ёсць гарантыя, што яму будзе аказана неабходная медыцынская дапамога ў выпадку захворвання».

Намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што прынцып «залатой гадзіны» павінен працаваць па ўсёй краіне. «Лагістыка выбудавана, яна цяпер апрабоўваецца, адточваецца», — дадаў ён.

У 2020 годзе сістэма аховы здароўя сутыкнулася са значным выклікам — пандэміяй COVID-19, адзначыў Ігар Петрышэнка. Паводле яго слоў, медыкі апынуліся на перадавой і прадэманстравалі прафесіяналізм, стойкасць, мужнасць, ратуючы людзей. Цяпер праходзіць чарговы этап барацьбы з інфекцыяй — вакцынаванне.

На падагульняючай калегіі акрамя падвядзення вынікаў будуць пастаўлены задачы па ўдасканаленні галіны. Намеснік прэм’ер-міністра нагадаў, што пэўныя заўвагі былі зроблены кіраўніком дзяржавы ў выступленні на IV Усебеларускім народным сходзе. «Мы павінны ў далейшым удасканальваць сістэму, каб яна працавала, як адзіны зладжаны механізм — пачынаючы ад першаснай меддапамогі ў вёсцы, у рэгіянальным або абласным цэнтры, у сталіцы», — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Спецыялісты абмяркоўваюць на калегіі пытанні вытворчасці айчынных лекавых прэпаратаў, экспартныя магчымасці. У цэнтры ўвагі — кадравыя пытанні, удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі ўрачоў. Дарэчы, студэнты таксама прадэманстравалі прафесіяналізм у перыяд пандэміі. Яны па сваёй ініцыятыве дапамагалі калегам у лячэбных установах, не лічачыся са сваім асабістым часам, заўважыў віцэ-прэм’ер.

Ён таксама падкрэсліў, што кіраўнік дзяржавы трымае на кантролі пытанне функцыянавання медыцыны, аказання дапамогі, асабліва ў кавідны перыяд. Разам з тым ён заўважыў, што нельга зніжаць аб’ёмы і якасць аказання меддапамогі па іншых захворваннях.