Замежны вопыт — на нацыянальную глебу

Общество

Магчымасць пераняць амерыканскі вопыт развіцця рэгіянальнага турызму атрымалі ў мінулую сераду гаспадары аграсядзіб раёна. Семінар па гэтай тэме ў цэнтральнай раённай бібліятэцы правёў прадстаўнік Міжнароднай прафесійнай асацыяцыі гаспадароў сядзіб і атэляў, член праўлення рэгіянальнай турысцкай арганізацыі, гаспадар атэля-сядзібы “The Stonewall Jackson Inn” з ЗША Вэйн Энгель. Ініцыятарамі правядзення такога мерапрыемства ў нашым раёне сталі аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і Валожынскі грамадскі савет па развіцці аграэкатурызму.

Замежны госць расказаў пра дзейнасць асацыяцыі і рэгіянальнай турысцкай арганізацыі, пра іх ролю ў прасоўванні рэгіёна. Засяродзіў увагу на тым, як наладзіць турысцкі бізнэс у правінцыі, каб ён праз мінімальна кароткі тэрмін пачаў прыносіць прыбытак. Прыгадаў, як дванаццаць гадоў таму пачынаў сам. Немалаважнымі тады былі нават дэталі: стварыць Web-сайт у Інтэрнэце, прыгожа і змястоўна аформіць яго старонкі і закладкі, прыдумаць слоган або дэвіз установы, зняць відэасюжэт, распрацаваць цікавыя і арыгінальныя мерапрыемствы, праграмы знаходжання накшталт “віннай сцежкі”, праграмы для маладажонаў, а таксама фірменныя стравы – усяму гэтаму надавалася асаблівая ўвага. Падзяліўся і іншымі маркетынгавымі трукамі. Напрыклад, зазначыў, што пастаянных кліентаў набыў дзякуючы таму, што заўсёды пры развітанні нешта дарыў ім на памяць, горача, па-сяброўску праводзіў, залічваў у члены сваёй вялікай сям’і. А гэта, як сцвярджаюць псіхолагі, вельмі ўплывае на эмацыянальны стан чалавека, нагадвае пра прыемна праведзены час і прымушае вяртацца сюды зноў і зноў. Пад’язджаючы да атэля Вэйна Энгеля, кліенты на паказальніку чытаюць: “Патрабуюцца людзі, якіх трэба зрабіць шчаслівымі”, і гэта таксама інтрыгуе. Дапоўніць прыгожую карціну замежнага бізнэсу дапамагла і мультымедыйная прэзентацыя.

Такі вопыт аказаўся не толькі вельмі цікавым, але і карысным. Гэта пацвердзіла дыскусія, якая ўзнікла ў час семінара. Нашы землякі-гаспадары аграсядзіб, якія прадстаўлялі даволі ўжо знакамітыя не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі сядзібы “Свет пчол”, “Ганка”, “Барок”, “Марцінова Гусь”, загарадны клуб “Фестывальны” і іншыя, найбольш распытвалі пра межы рэнтабельнасці, размеркаванне даходаў і прыбытку, умовы пражывання ў замежным атэлі, арганізацыю быту і харчавання, аплату наёмным работнікам, цікавіліся ўзаемаадносінамі з суседзямі і калегамі па цэху. Спадзяюся, што тыя адказы, якія яны атрымалі, дапамогуць унесці нейкія карэктывы ва ўласны бізнэс і ўзняць яго на новую прыступку развіцця.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.
Фота аўтара.

 



Добавить комментарий