З любоўю да кожнага дзіцяці

Общество

Алена Уладзіміраўна Махіна ў яслях-садзе № 2 “Вясёлка” г. Валожына працуе 34 гады. За гэты час яна зарэкамендавала сябе як старанны, адказны, граматны педагог, які пастаянна імкнецца павышаць свой прафесійны ўзровень.

Пасля заканчэння ў 1985 годзе Барысаўскага педагагічнага вучылішча малады спецыяліст пачынала працоўную дзейнасць у Ракаўскім яслях-садзе пад кіраўніцтвам Тамары Анатольеўны Варанецкай, якую і сёння ўспамінае з вялікай удзячнасцю. Менавіта яна дала дзяўчыне пуцёўку ў жыццё, увяла ў прафесію, шчыра дзялілася з ёй ведамі, напрацоўкамі, вопытам.

Калі прыйшла ў яслі-сад № 2 “Вясёлка”, у яе таксама былі выдатныя педагогі-настаўнікі, сапраўдныя прафесіяналы – Людміла Анатольеўна Дзьякава, Марыя Мікалаеўна Камінская, Людміла Мікалаеўна Грабоўская і інш.

Выхавацель вельмі любіць справу, якой столькі гадоў займаецца. Гаворыць, што побач з дзецьмі маладзее душой, забывае пра нягоды і непрыемнасці. Свае абавязкі Алена Уладзіміраўна выконвае адказна, мэтанакіравана плануе дзейнасць і рэалізоўвае пастаўленыя задачы ў адукацыйным працэсе. Лічыць, што ў пытанні выхавання самае важнае – любоў да дзяцей, без гэтага нічога не атрымаецца. Падчас заняткаў педагог імкнецца надаваць увагу кожнаму малышу, выкарыстоўвае індывідуальна-дыферэнцыраваны падыход. У групе пануюць добразычлівыя адносіны, створаны спрыяльны мікраклімат для выяўлення творчых здольнасцей маленькіх выхаванцаў.

Галоўны прынцып, якім наша гераіня карыстаецца ў працы, – не нашкодзь дзіцяці. Нягледзячы на тое, што сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі больш разняволеныя, упэўненыя ў сабе, ім неабходна ўсведамляць, што іх любяць, паважаюць, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Малыя вельмі адчувальныя і да добрага слова, і да несправядлівасці. Паколькі дашкольнікі, дзякуючы інтэрнэту, выдатна ведаюць розныя мультфільмы, арыентуюцца ў музыцы, педагогу, каб размаўляць з імі на адной хвалі, трэба пастаянна ўдасканальвацца і ў гэтай сферы.

Алена Уладзіміраўна лёгка знаходзіць агульную мову з бацькамі выхаванцаў, цесна супрацоўнічае з імі, прыцягвае да ўдзелу ў разнастайных мерапрыемствах і святах. Свае веды і вопыт яна перадае маладым спецыялістам, дапамагае адаптавацца ў новым працоўным асяроддзі і разам з тым сама не саромеецца звяртацца да іх за парадай.

22 лютага Алена Уладзіміраўна Махіна адзначыла юбілейны дзень нараджэння. З гэтай нагоды хочацца павіншаваць яе і пажадаць плённай працы, творчага запалу і моцнага здароўя.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара