У цэнтры ўвагi — моладзь

Молодежный курьер

На парадак дня чарговай, XII сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая прайшла ў мінулую пятніцу ў райвыканкаме, было вынесена некалькі пытанняў. Дэпутаты зацвердзілі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2011-2015 гады, Тэрытарыяльную праграму дзяржаўных гарантый па забеспячэнню насельніцтва медыцынскім абслугоўваннем на 2011 год, прынялі праекты рашэнняў аб удакладненні асобных паказчыкаў раённага бюджэту і зменах межаў сельскіх населеных пунктаў Ракаўскага сельсавета. Цэнтральнае ж пытанне парадку дня было сканцэнтравана на рэалізацыі ў нашым рэгіёне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

Такая тэма была абрана галоўнай нездарма. Каб вырасціць дастойнае пакаленне пераемнікаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, варта найперш забяспечыць ім трывалую платформу-апору ў выглядзе належных умоў жыцця, працы і адпачынку, выхаваць маладых людзей патрыятычна настроенымі, мэтанакіраванымі, умеючымі прымаць адказныя і правільныя рашэнні. У даным накірунку вядзецца вялікая работа. Як адзначылі дакладчыкі – начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Г. В. Сматрова і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Н. П. Нямкевіч, маладую Валожыншчыну сёння прадстаўляюць 7327 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. І практычна для кожнага з гэтай гвардыі знойдзена прызванне па душы і характары. Лідараў і заўзятых энтузіястаў-актывістаў выхоўваюць ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. Адважных і смелых вітаюць у Беларускай маладзёжнай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. За парадкам і бяспекай дарог і вуліц раёна сочаць 20 атрадаў юных інспектараў дарожнага руху… Высокім ідэалам выхавання спрыяюць шматлікія патрыятычныя акцыі, конкурсныя мерапрыемствы. Арганізавана работа валанцёраў, ваенна-спартыўнага лагера, не застаюцца маладыя людзі ў баку і ад больш надзённых, але не менш важных спраў. Да прыкладу, рэгулярна ўдзельнічаюць у суботніках па добраўпарадкаванню Валожыншчыны. Працоўная моладзь праяўляе свае прафесіянальныя таленты ва ўсіх сферах сацыяльна-эканамічнага жыцця раёна.

Не застаюцца без падтрымкі беспрацоўныя маладыя людзі. Сёлета падчас летніх канікул спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама накіравалі на прафесіянальную падрыхтоўку 18 чалавек, не засталіся сам-насам са сваімі праблемамі і выпускнікі ўстаноў адукацыі, якія атрымалі свабоднае размеркаванне. Паціху адыходзіць на другі план праблема замацавання ў раёне маладых спецыялістаў, вялікая падтрымка аказваецца маладым сем’ям…

Але, як водзіцца, разам з несумненнымі плюсамі часта спадарожнічае і негатыў. Як справядліва заўважыў старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, галоўны акцэнт сёння трэба ставіць не на дасягнутым, а на тым, што яшчэ давядзецца зрабіць. У гэтым кіраўніка раённай вертыкалі падтрымалі і запрошаныя на сесію шаноўныя госці – старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю А. П. Морава і яе намеснік А. М. Новікаў. Не можна пакінуць спакойнымі рост падлеткавай злачыннасці. Яшчэ адна праблема – далучэнне асобных маладых людзей да найвялікшага сацыяльнага зла, што тоіцца на дне бутэлькі з алкаголем… Таму не дзіўна, што падчас сесіі прагучалі і словы аб’ектыўнай крытыкі, з якой звярнуўся да кіраўнікоў і спецыялістаў зацікаўленых структур Уладзімір Антонавіч. Не след кідаць бяду на самацёк, трэба, наадварот, максімальна паглыбіцца ў яе, выявіць прычыны і высекчы іх, як карані шкоднага пустазелля, што не даюць зялёным парасткам узмацнець і зацвісці.

Наперадзе чакаюць вырашэння шмат пастаўленых задач. Будуць ладзіцца ўсемагчымыя конкурсы прафесіянальнага майстэрства, экскурсіі, спартакіяды. Вырашыцца нарэшце праблема, якая непакоіць івянчан, – даступнасць у позні час для наведвальнікаў кафэ “Маладзёжнае” алкагольнай прадукцыі. РУП “Валожынскі жылкамунгас” абавязаўся правесці рэканструкцыю спартыўных пляцовак горада ў мікрараёнах Сельгастэхніка і Папоўка. Пры ўзаемадзеянні РК ГА “БРСМ” і ААТ “Белаграпрамбанк” рэалізуецца праект “Уключайся”, прызначаны для падтрымкі і развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва. Гэта далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, якія будуць стымуляваць далейшае разгортванне ў раёне маладзёжнай палітыкі. Вядома ж, дэпутацкі корпус аднагалосна падтрымаў прапанаваныя ідэі, і выпрацаваная стратэгія неўзабаве ператворыцца ў жыццё.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий