Уражанні ад вялікай размовы

VI Усебеларускі народны сход

У фармаце дыялогавай пляцоўкі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшло мерапрыемства “Пытанні будучыні нашай краіны, што хвалююць усіх”. У канферэнц-зале ўстановы пажылыя грамадзяне і супрацоўнікі цэнтра сустрэліся з дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу ад Валожынскага раёна, дырэктарам ЦТСАН Галінай Рай.

Падчас сустрэчы Галіна Фадзееўна ўзгадала пытанні парадку дня маштабнага форуму. Яна адзначыла, што сярод удзельнікаў нарады было шмат рабочых і працаўнікоў сельскай гаспадаркі, прадстаўнікоў культуры і медыцыны, ваеннаслужачых і студэнтаў, прадпрымальнікаў і людзей пенсіённага ўзросту. Сама ўдзельніца прызналася: тыя два дні асабіста для яе праляцелі нібыта на адным дыханні. Ёй як чалавеку, які шмат гадоў узначальвае сацыяльную ўстанову, асабліва значнай была інфармацыя, што ўваходзіць у кола прафесійных інтарэсаў.

Супрацоўнікі і наведвальнікі цэнтра з цікаўнасцю слухалі Галіну Фадзееўну – чалавека паважанага і аўтарытэтнага, задавалі ёй пытанні. Асабліва важнымі яны палічылі наступныя моманты: прысутнасць на сходзе замежных дэлегацый, пенсіённая рэформа, праблемы ў сістэме адукацыі. У ходзе дыялога ўдзельнікі выказвалі розныя меркаванні наконт сітуацыі ў краіне. На кожнае пытанне Галіна Фадзееўна дала аргументаваны адказ.

Наш кар.