Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Рашэннем райвыканкама ў лютым шасці жанчынам-маці назначаны сямейны капітал. А гэта значыць, што адначасова ў раёне стала і больш мнагадзетных сем’яў.

Права на сямейны капітал атрымала сям’я жыхаркі райцэнтра Наталлі Аляксандраўны Круглік, якая нарадзіла чацвёртае дзіця. Трэція па ліку дзеці з’явіліся ў жыхарак гарадскога пасёлка Івянец Кацярыны Мікалаеўны Сазонавай, Вольгі Вітольдаўны Раманчык і Таццяны Сцяпанаўны Пяцінкінай, а таксама ў Таццяны Андрэеўны Сухадольскай з Ракава і Ганны Вячаславаўны Драневіч з вёскі Паморшчына Ракаўскага сельсавета.

На мінулым тыдні ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры прайшоў рэспубліканскі семінар, арганізаваны Нацыянальным агенцтвам па турызме.

У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, турыстычных арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі.  Супрацоўнікі музея падрыхтавалі праграму “Мінулае і сучаснае Івянца”, у якой былі задзейнічаны музейныя экспазіцыі, майстэрні. У анімацыйнай праграме брала ўдзел выкладчыца мясцовай дзіцячай школы мастацтваў Кася Радзівілава.

 У Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі” не першы год паспяхова рэалізуюць тушонку з ласяціны, якую выпускаюць на Аршанскім мясакамбінаце.

У 2020 годзе ў заказніку было адстраляна ў эканамічных мэтах 10 асобін лася, мяса якога і адпраўлялася на мясакамбінат. Рэалізавана ўжо 1315 бляшанак мясных кансерваў з першай партыі. На дадзеным этапе поўным ходам ідзе рэалізацыя другой партыі тушонкі. Яе разбіраюць у якасці сувеніраў экскурсанты заказніка, з радасцю набываюць дачнікі.

У Валожынскай дзіцячай бібліятэцы існуе шмат добрых традыцый, дзякуючы якім юныя чытачы адчуваюць тут сябе, як дома, любяць проста бавіць час, кожны раз вяртаючыся дадому з новымі кніжкамі.

Адна з традыцый – частаваць актыўных чытачоў і ўдзельнікаў літаратурнага клуба “Кругагляд” пончыкамі і фаворкамі (хрушчамі) перад Велікодным постам (Чысты чвартак). Ладзіцца яна ў апошні чацвер перад постам. Дзякуючы прыгожа выдадзенай кнізе Іааны Фургалінскай “Польская кухня. Адчуй смак традыцый. Зірні. Згатуй. З’еш”, самі бібліятэкары навучыліся смачна гатаваць многія польскія стравы, якія вельмі падобныя да беларускіх, і падзяліліся рэцэптамі з чытачамі.

У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшло конкурсна-забаўляльнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня ўсіх закаханых.

Наведвальнікі аддзялення падрыхтавалі да падзеі вершы, удзельнічалі ў конкурсах і віктарынах. За актыўны ўдзел яны атрымалі мяккія цацкі. “Гваздом” праграмы стала першае выступленне шумавога музычнага аркестра “Вясёлыя ноткі”, створанага ў студзені бягучага года. А сапраўдным падарункам было жывое выкананне музычнай кампазіцыі “Жанчына-паветра” ад валанцёра аддзялення, інваліда ІІІ групы з Івянца Уладзіслава Рэута. На заканчэнне мерапрыемства ўсе абмяняліся валянцінкамі, якія зрабілі сваімі рукамі.

Адбылося першынство раёна па шашках памяці настаўніка Суднікаўскай СШ, вялікага аматара гэтай гульні Мікалая Фёдаравіча Саўкіна. У турніры прынялі ўдзел 7 чалавек.

Першае-другое месцы падзялілі між сабой Андрэй Кашкан і Станіслаў Матус, трэцяе заняў Міхаіл Шыян. Тройка лепшых узнагароджана граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і грашовымі прызамі.

На турніры ў французскім горадзе Монпел’е малады беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў 23 лютага выйшаў у 1/8 фінала, атрымаўшы перамогу над экс-першай ракеткай свету, вядомым брытанскім тэнісістам Эндзі Марэем.

Я. Герасімаў мае непасрэднае дачыненне да Валожына: тут жувуць яго бабуля і дзядуля па мацярынскай лініі, шмат іншых сваякоў. А яго маці Валянціна Ігнатовіч у свой час скончыла Валожынскую СШ № 1. Зараз Ягор займае 83-е месца ў сусветным рэйтынгу.