Сустрэча з моладдзю

Молодежный курьер

У гімназіі № 1 г. Валожына адбылася сустрэча старшакласнікаў з першым сакратаром раённага камітэта грамадскага аб’яднання БРСМ  Уладзімірам Ціханоўскім і старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Веранікай Загорскай. 

Падчас мерапрыемства ў фармаце адкрытага дыялога былі абмеркаваны пытанні дзейнасці маладзёжнай арганізацыі, у тым ліку бліжэйшыя планы раённага камітэта і пярвічкі ўстановы адукацыі. Тэмы, якія разглядаліся вельмі падрабязна, – арганізацыя вольнага часу, працаўладкаванне ў канікулярны перыяд. Юнакі і дзяўчаты задавалі пытанні лідару маладзёжнай арганізацыі, адказвалі на пытанні, якія задаваў ён. Самым актыўным удзельнікам дыялога Уладзімір Ціханоўскі ўручыў падарункі.

Вераніка Загорская пастаралася правесці для моладзі, так бы мовіць, лікбез адносна дзейнасці прафсаюзаў. Разам яны паглыбіліся ў гісторыю прафсаюзнага руху, паразважалі над яго роляй у кансалідацыі грамадства. Згодна з даручэннем Федэрацыі прафсаюзаў, падобныя Прафсаюзныя ўрокі плануецца правесці ва ўсіх установах адукацыі.

У ходзе  сустрэчы вельмі падрабязна была разгледжана дзейнасць студатрадаў. Школьнікам расказалі пра парадак залічэння ў іх, умовы і ахову працы, юрыдычнае суправаджэнне.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ