Людзей і краіны аб’яднала кніга

Культура

На мінулым тыдні, з 18 па 21 лютага, у сталіцы ў дваццаць восьмы раз праходзіла традыцыйная Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, у якой прынялі ўдзел пісьменнікі з 25 краін свету.

На працягу ўсіх чатырох дзён адбываліся цікавыя мерапрыемствы і сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі, аўтограф-сесіі, быў арганізаваны продаж кніжных навінак буйнейшых выдавецтваў краіны і не толькі. У межах выставы-кірмашу прайшоў VII Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”.

У адзін з дзён спецыяльна выдзеленая пляцоўка сабрала мінчан і гасцей на прэзентацыю новага зборніка членаў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі “Абярэг”, якую адкрыла старшыня суполкі Святлана Быкава. У кнізе сабраны вершы духоўнай тэматыкі, і, як лічыць сама старшыня, духоўнасць – гэта тое, што ачалавечвае чалавека. “У духоўнасці – моц, у свядомасці – сіла, з імі кожны народ – неадольны асілак…” Гэтыя радкі таксама належаць

С. Быкавай. У зборнік увайшлі і некаторыя вершы членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК: “З нараджэннем Хрыстовым!”, “Са святам!”, “Дзякуй небу”, “Акраверш” і “Час задумацца, зямляне” Валянціны Гіруць-Русакевіч, “Вечерняя молитва” і “Прозрение души” Марыі Шакун. Падчас прэзентацыі вершы В. Гіруць-Русакевіч чытаў пачынаючы паэт, ураджэнец вёскі Забрэззе Аляксей Мамонаў, а М. Шакун – ураджэнка вёскі Дубіны Марыя Мучынская.

Пачынаючыя і знакамітыя паэты на працягу дня чыталі ўласныя вершы ў аўтобусе, які па крузе курсіраваў ад месца, дзе праходзіла выстава-кірмаш, да Нямігі. Такі гонар выпаў і нашай зямлячцы Марыі Мучынскай. Яна чытала свае лепшыя творы – “Духмяны букет”, “Моманты жыцця”, “Ах! Эта женщина”, “Кто испытал любовь”, “Не бойся все начать сначала”, “Тишина”, “Кто ты?”, “Нить любви”.

Наталля ШТЭЙНЕР