Новыя маршруты

Общество

Філіял “Аўтамабільны парк № 14” адкрыў два новыя маршруты руху аўтобусаў – на Алянава і на Маладзечна.

 Як расказалі ў арганізацыі, дагэтуль дабрацца ў райцэнтр алянаўцы маглі толькі ў чацвер на маршрутным аўтобусе, які ішоў на Багданава і рабіў на шляху руху цэлы круг. Ідучы насустрач просьбам людзей, вырашылі пробна аднавіць колішні рэйс Валожын-Алянава, што будзе курсіраваць двойчы на тыдзень – у панядзелак і чацвер. Адпраўленне аўтобуса з вакзала першы раз у 8 гадзін раніцы, другі – у 12 гадзін 20 хвілін. Прыехаўшы на канчатковы прыпынак у Алянава, ён адразу ж будзе накіроўвацца назад. Пры гэтым на маршруце прадугледжаны 16 прыпыначных пунктаў па вёсках у Забрэзскім кірунку.

А вось новы маршрут Валожын-Маладзечна праз Сугвазды, Хохлава – ініцыятыва саміх работнікаў аўтапарка. І гэтаму, спадзяёмся, будуць рады не толькі валожынцы, але ў большай ступені сугваздаўцы і хохлаўцы, у якіх не было магчымасці на грамадскім транспарце даехаць у райцэнтр ці ў суседні раён. Аўтобус будзе хадзіць у выхадныя – суботу і нядзелю, а адпраўляцца – з новага мікрараёна ў Валожыне. Першы рэйс – у 7 гадзін 40 хвілін, другі – у 14 гадзін 30 хвілін. Безумоўна, час руху з-за заезду ў вёскі павялічыцца і складзе крыху больш за адну гадзіну.

Аўтатранспартнікі спадзяюцца, што новыя аўтобусныя маршруты знойдуць сваіх пасажыраў і “прыжывуцца”, бо ўсё гэта робіцца дзеля зручнасці людзей.

Алена ЗАЛЕСКАЯ