Містар Валожын-2021

Культура Молодежный курьер

Напярэдадні Дня абаронца Айчыны ў раённым Цэнтры культуры адбыўся творчы турнір сярод прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, сведкамі якога сталі ўсе, хто завітаў на гарадскі конкурс “Містар Валожын-2021”.

За права атрымаць тытул вырашылі паспаборнічаць работнік РЦК Мікалай Салко і ваеннаслужачыя тэрміновай службы вайсковай часці 30695 Павел Зыкаў, Аляксандр Церлюкевіч, Уладзіслаў Шмарлоўскі. Яны паспрабавалі раскрыць вобраз мужчынскай прыгажосці, прадэманстраваўшы такія якасці, як інтэлект, мужнасць, рамантызм, высакароднасць, творчасць і інш. Канкурсанты апраўдалі чаканні гледачоў, і тыя атрымалі масу задавальнення, пазітыву і выдатнага настрою.

Адказную місію журы выканалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская, в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Канановіч, фіналістка абласнога конкурсу прыгажосці “Міс Міншчына” Крысціна Шалай, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Алена Клачко.

У конкурсе “Містар стыль” юнакам трэба было прадставіць сябе і даказаць, што яны лепшыя.

Пад першым нумарам выступіў Павел Зыкаў. Ён расказаў, што да арміі вывучыўся па спецыяльнасці “Практычная псіхалогія”, паспеў папрацаваць у школе і атрымаць 1-ю ступень па гештальт-тэрапіі. Маладому чалавеку падабаецца справа, якой займаўся, і пасля службы плануе вярнуцца да яе. Акрамя таго, ён захапляецца музыкай, іграе на гітары, адным з самых моцных сваіх бакоў лічыць мэтанакіраванасць.

Другім на сцэну выйшаў Аляксандр Церлюкевіч. Юнак паведаміў, што яшчэ да свайго нараджэння быў добра знаёмы з музыкай, бо маці спявала ў групе. Пасля разам з ёй хлопчык хадзіў на рэпетыцыі і проста жыў музыкай. Вельмі хацелася навучыцца іграць на гітары. Але ўзаемаадносіны з музычнай школай, якую ён стаў наведваць, не склаліся. Шукаючы іншы сэнс жыцця, падлетак пачаў займацца ў футбольным клубе. Толькі па стане здароўя вымушаны быў пакінуць і гэту справу. Без занятку здольны юнак заставацца не мог і ў выніку пачаў пісаць музыку, што па-сапраўднаму яго захапіла. Аляксандр упэўнены: у жыцці вельмі важна займацца справай, якую любіш.

Канкурсант пад трэцім нумарам Мікалай Салко нарадзіўся ў Мінску. Пасля заканчэння 9 класа ён паступіў у Мінскі каледж мастацтваў. Там яго называлі “чалавекам-аркестрам” за тое, што, акрамя асноўнага інструмента – баяна, валодае ігрой на гітары (бас, электра, акустыка), фартэпіяна, ударных, а таксама вакалам і ўмее працаваць з музычным абсталяваннем. Любімай справе малады чалавек намераны прысвяціць усё сваё жыццё: удасканальваць навыкі, займацца ўласнай творчасцю, а таксама адукацыяй моладзі ў сферы культуры.

Уладзіславу Шмарлоўскаму падабаюцца спорт, літаратура, асабліва Ясенін, ён добра спявае, танцуе і плануе ў будучым звязаць лёс з гэтымі захапленнямі. Характар яго зменлівы: то вясёлы, завадны, то сумны, меланхалічны, калі прыходзіць шмат розных думак. У людзях ён цэніць шчырасць і сумленнасць. Вельмі любіць сваіх бацькоў і ўдзячны ім за ўсё, што яны для яго робяць.

Конкурс “Містар рамантык” даў удзельнікам магчымасць прадэманстраваць такую якасць сапраўднага мужчыны, як уменне заляцацца да дзяўчыны. Юнакі павінны былі сыграць ролю закаханага героя з якой-небудзь вядомай п’есы, літаратурнага твора ці серыяла. Цікава было назіраць, як кожны з іх пераўвасабляўся, ужываўся ў ролю, стараўся быць шчырым у пачуццях. Кожны выбраў твор найбольш блізкі для сябе і атрымаў шквал апладысментаў ад гледачоў.

Падчас конкурсу “Містар патрыёт” юнакі расказалі пра добрыя справы на карысць роднага горада. Уладзіслаў Шмарлоўскі сказаў, што ён упэўнены: адзін па-сапраўднаму высакародны ўчынак можа стаць першым звяном у ланцужку добрых спраў, даўжыня якога здольная павялічвацца да бясконцасці.

Заключным адбыўся конкурс “Містар крэатыў”, дзе маладыя людзі прадэманстравалі свае творчыя здольнасці. Павел Зыкаў і Аляксандр Церлюкевіч  прадставілі на суд прысутных песенныя нумары, Мікалай Салко – ігру на музычных інструментах, Уладзіслаў Шмарлоўскі – танец.

Журы высока ацаніла намаганні кожнага. У выніку Павел Зыкаў заваяваў тытул “Містар Патрыёт”, Аляксандр Церлюкевіч – “Містар рамантык”, Мікалай Салко – “Містар стыль”, а Уладзіслаў Шмарлоўскі – “Містар крэатыў”, а таксама заслужана стаў пераможцам і ўладальнікам галоўнага тытула “Містар Валожын-2021”.

Падчас мерапрыемства гледачоў музычнымі нумарамі радавалі Уладзіслаў Сазонаў, Віктар Субцэльны, Ангеліна Багдановіч, Анастасія Барадака і Яна Санюковіч, клуб “Грацыя”. У ролі вядучых выступілі Аляксей Іода і Вераніка Ляшкевіч.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара