Пра мір і вайну спявалі юнакі і дзяўчаты

Культура Общество

Бягуць гады, і гэтак жа імкліва змяняецца мода на ўсё – прычоскі, адзенне, хатні інтэр’ер, нават лексіку. І ў музычным плане кожнае пакаленне паспявае выгадаваць уласных куміраў, а тыя – спевакі, кампазітары, аўтары тэкстаў – штогод абагачаюць (ці наадварот?) песенную культуру народа. Тут, як кажуць, на густ і колер таварышаў наўрад ці знойдзеш.

 

Але сярод мноства твораў ёсць кірунак, які хоць і па-свойму, але застаецца дарагім для самых розных узроставых груп. І гэта ваенна-патрыятычныя песні. Большасць з іх прыйшлі да нас з савецкай эстрады ці любімых кінафільмаў. Ды і тыя, што створаны сённяшнімі аўтарамі, таксама вельмі хутка заваёўваюць слухачоў. У чым жа феномен папулярнасці песень, здавалася б, складанай тэматыкі? Адказаць цяжка. Магчыма ў тым, што ўслаўляюць гэтыя творы такія вечныя паняцці, як любоў да Радзімы, адданасць свайму народу, дружбу, баявое братэрства, барацьбу за мір, а выканаўцы і слухачы прапускаюць іх праз сэрцы.

У мінулую суботу мне, як і іншым жыхарам Валожыншчыны, што завіталі ў РЦК, каб паўдзельнічаць у раённым фестывалі ваенна-патрыятычнай песні “Вікторыя”, пашанцавала амаль на дзве гадзіны паглыбіцца ў свет вечных мелодый і вершаў, напоўненых высокім сэнсам.

У асноўным выканаўцы, рыхтуючыся да ўдзелу ў творчым спаборніцтве, аддалі перавагу класіцы. Прагучалі і некалькі сучасных твораў, якія добра ўпляліся ў агульную канву праграмы, што ўспрымалася гледачамі як цэльны тэматычны канцэрт. У прысутных была магчымасць разам з вакалістамі выканаць і “Синий платочек” (Арына Мартунова з Дорскага філіяла Івянецкай ДШМ),  і “Поклонимся великим тем годам” (Уладзіслаў Рэут – прадстаўнік ТЦСАН), і “Дороги” (ансамбль “Мара” з Івянецкай ДШМ), і “Идет солдат по городу” (Таццяна Каваленка з Дубінскога СЦК), “Прости меня, дедушка”

(Аэліта Жалток,  Івянецкі ДК), “Ты помни” (Паліна Лявіцкая, Гародзькаўская СШ), “Нам нужна одна Победа” з кінафільма “Беларускі вакзал” (ансамбль “Зарнічка” з Дорскай СШ). А некаторыя песні прагучалі двойчы. Напрыклад, “Журавли” (Айна Султанава з Дорскай СШ і гурт “Loanna_band” з Дорскага філіяла Івянецкай ДШМ) і песня “Погибшие в небе за Родину” з кінафільма “В небе ночные ведьмы” (Ганна Шакун з Сакаўшчынскага ДК, дуэт у складзе Аліны Белавус і Анастасіі Каменка з Дорскага філіяла Івянецкай ДШМ). Гледачы з задавальненнем апладзіравалі выканаўцам з воінскай часці Уладзіміру Лінкевічу (“Путь дорожка фронтовая”), Паўлу Зыкаву (“Герой”), Ігару Цімашэнку (“Землянка”), Аляксандру Тарлюкевічу (“Ангелом проснусь”). Уразілі вакалам Марыя Вайткевіч з Івянецкага ДК (“Месяц май”) і Сяргей Галваноўскі з Гародзькаўскага філіяла Валожынскай ДШМ, які выканаў “День Победы” так, што здавалася перапеў самога Льва Лешчанку.

 У журы была  складаная здача – вызначыць лепшых у асобных намінацыях. Відавочна, што людзі, якім было гэта даверана, адказна ставіліся да даручанага. Яны пастараліся ўлічыць і выканальніцкае майстэрства, і работу над пастаноўкай нумара, а таксама адпаведнасць твора і вобраза выканаўцы. У выніку дыпломы “За прапаганду ваенна-патрыятычнай песні” дасталіся самай малодшай удзельніцы “Вікторыі” Мірыне Адамовіч  (Івянецкі ДК, песня “Птицы белые”), вакальнаму ансамблю “Мара” і Сяргею Галваноўскаму.

Дыпломам за яркае раскрыццё ваеннай тэмы ўзнагароджаны гурт “Loanna_band”, Аляксандр Тарлюкевіч і Уладзіслаў Рэут. За выканаўчае мастацтва дыпломы атрымалі Анастасія Барадака (РЦК, “Песня о земле”), Марыя Вайткевіч і Софія Пратасевіч (гімназія № 1 г. Валожына, песня “Бухенвальдский набат”).

 Прыз сімпатый гледачоў дастаўся Кацярыне Захаваевай з Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната (песня “Фронтовое пісьмо”). Дыпломамі  за ўдзел у фестывалі адзначаны кожны выканаўца.

Члены журы Алена Санюковіч, Ірына Жамоздзік, Уладзімір Ціханоўскі, Вераніка Загорская падзякавалі вакалістам за іх творчасць, спецыялістам, якія рыхтавалі ўдзельнікаў, – за работу, гледачам – за падтрымку, а работнікам РЦК – за стварэнне належнай атмасферы.

Я ж як чалавек, які шмат гадоў працаваў з дзецьмі над развіццём іх творчых здольнасцей (у тым ліку і ў кірунку патрыятычнага выхавання), у сваю чаргу дазволю сабе даць некалькі парад тым, хто рыхтуе моладзь да падобных конкурсаў: твор павінен адпавядаць узросту выканаўцы; існуюць такія песні, што, каб падступіцца да іх, неабходна дарасці маральна, эмацыянальна і абавязкова ў сэнсе вакальнага майстэрства; калі берацеся за тэму, пра якую мала ведаеце з-за маладога ўзросту, а хочаце ўвасобіць яе вельмі яскрава, запрасіце кансультантаў – людзей больш сталых і дасведчаных.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара