Пакідаеш месца ДТЗ – учыняеш злачынства!

Безопасность и здоровье

Асноўнымі прычынамі дарожна-транспартных здарэнняў па-ранейшаму з’яўляюцца парушэнні Правіл дарожнага руху пешаходамі, перавышэнне або няправільны выбар вадзіцелямі хуткасці руху, кіраванне транспартам у стане ап’янення, а таксама парушэнне правіл абгону і праезду пешаходных пераходаў.

Аналіз аварыйнасці паказаў, што самымі цяжкімі наступствамі характарызуюцца лабавыя сутыкненні, на долю якіх прыпадае асноўная частка загінуўшых у аўтааварыях. Гэтыя здарэнні адбыліся з-за няправільных ацэнкі вадзіцелямі дарожнай абстаноўкі або прадпрынятых дзеянняў пры ўзнікненні небяспечнай сітуацыі. У неспрыяльных умовах надвор’я, пры слізкім пакрыцці і высокай інтэнсіўнасці руху, асабліва ў перадвыхадныя і выхадныя дні, любая памылка, няхай гэта будзе парушэнне правіл абгону або хуткаснага рэжыму, непазбежна прыводзіла да бяды.

Самыя частыя ДТЗ – наезды на пешаходаў. Чалавек, які раптам з’явіўся на праезнай частцы, не толькі сам рызыкуе загінуць пад коламі, але і стварае аварыйную сітуацыю для транспарту.

Па даных статыстыкі, больш за 80% аварый з пешаходамі адбываецца па іх жа ўласнай віне. Вадзіцелі не ў адказе за гэтыя здарэнні, але толькі пры ўмове, калі яны засталіся на месцы аварыі, аказалі дапамогу пацярпеламу, выклікалі «хуткую» і ДАІ, увогуле, засталіся людзьмі перад законам і перад сваім сумленнем.

Калі ж паступілі наадварот – з’ехалі з месца здарэння, то ў адпаведнасці з арт. 159 КК Рэспублікі Беларусь яны прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. Пакіданне ў небяспецы чалавека цягне за сабой пакаранне ў выглядзе арышту або пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам.

Як правіла, такога роду здарэнні адбываюцца ў цёмны час сутак на неасветленых участках аўтадарог. Практыка паказвае, што вадзіцель, знаходзячыся ў стане афекту пасля ўчынення дарожна-транспартнага здарэння, перакананы, што толькі ён адзін вінаваты і пакаранне для яго непазбежна. У большасці выпадкаў гэта не так. Спалохаўшыся, вадзіцель забывае пра чалавека, якому неабходна дапамога, і з’язджае з месца здарэння, спадзеючыся на «авось», тым самым пазбавіўшы сябе магчымасці апраўдаць уласныя дзеянні.

У кожным канкрэтным выпадку супрацоўнікі міліцыі праводзяць дасканалае расследаванне здарэння, і высновы ў большасці выпадкаў кажуць аб тым, што вінаватым з’яўляецца пешаход. Але як толькі вадзіцель пакідае месца дарожна-транспартнага здарэння, ён аўтаматычна ператвараецца ў злачынца, якому будуць прад’яўляць два артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

    – арт. 317 ч. 2 КК Рэспублікі Беларусь – за ўчыненне ДТЗ, што пацягнула смерць або прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, – караецца папраўчымі работамі на тэрмін да 2-х гадоў, або абмежаваннем волі на тэрмін да 5-і гадоў;

    – арт. 159 ч. 3 КК Рэспублікі Беларусь – пакіданне ў небяспецы, цягне за сабой пакаранне ў выглядзе арышту або пазбаўлення волі на тэрмін да 3-х гадоў са штрафам.

Адным з асноўных напрамкаў службовай дзейнасці Дзяржаўтаінспекцыі з’яўляецца раскрыццё дарожна-транспартных здарэнняў і іх прафілактыка. Аналіз паказвае, што колькасць і цяжар наступстваў такіх здарэнняў зніжаецца, разам з тым за кожнай адзінкай статыстыкі стаяць чалавечыя жыцці і лёсы.

З мэтай прафілактыкі здарэнняў, удзельнікі якіх пакідаюць месца ДТЗ, 26 лютага Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «Пакідаеш месца ДТЗ – учыняеш злачынства!».

Паважаныя ўдзельнікі дарожнага руху, выконвайце ПДР і памятайце, што нават нязначная памылка і няўважлівасць на дарозе – могуць прывесці да непрадказальных наступстваў!

Дзмітрый ВЯРОЎЧЫК,

начальнік

Валожынскага РАУС