Лукашэнка: абсалютная большасць беларускіх спартсменаў — сапраўдныя патрыёты сваёй радзімы

Спорт

Абсалютная большасць беларускіх спартсменаў — сапраўдныя патрыёты сваёй радзімы, якія без астатку аддаюць талент для перамог у імя Айчыны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на Алімпійскім сходзе НАК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Нам ёсць кім ганарыцца. Абсалютная большасць спартсменаў — сапраўдныя патрыёты, якія без астатку аддаюць свой талент, сілы і энергію для перамог у імя Айчыны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў зале Нацыянальнага алімпійскага камітэта сёння сабралася эліта беларускага спорту. Прадстаўлены ўсе спартыўныя грамадскія арганізацыі краіны, прысутнічаюць трэнеры, спартсмены, дырэктары рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі, намеснікі губернатараў, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, якія аказваюць практычную дапамогу розным відам спорту.

«Менавіта вашымі намаганнямі ствараецца спартыўная слава Беларусі. Вам прымаць рашэнні аб далейшым развіцці алімпійскага руху ў краіне, вызначаць прыярытэты ў рабоце, даваць ацэнку зробленаму. Менавіта з вас будуць браць прыклад новыя пакаленні беларускіх спартсменаў», — звярнуў увагу Прэзідэнт.