Лукашэнка: цяпер асаблівы час, і мы павінны паказаць сябе нацыяй

Важное Главное

Для Беларусі настаў асаблівы час, і беларусы павінны паказаць сябе нацыяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на Алімпійскім сходзе НАК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Цяпер асаблівы час, такога ніколі не было. І мы павінны паказаць, што мы нацыя, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вы проста павінны аддзякаваць свайму народу за тое, што ён зрабіў для таго, каб спартсмены маглі змагацца і выступаць».

Прэзідэнт прывёў у прыклад беларускіх паралімпійцаў, іх сілу духу і імкненне да перамогі. На яго думку, гэтыя людзі — сапраўдныя героі, паколькі ўмеюць змагацца. «Спорт ёсць спорт: і так можа быць, і гэтак. Але пакажы, што ты змагаўся, чапляўся за магчымасць, каб перамагчы. Вось што самае галоўнае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму нам трэба паехаць у Токіа і паказаць, што мы нацыя, калі мы на што-небудзь здольныя. Трэнерам і спартсменам хачу параіць і папрасіць: будзьце патрыётамі, каб потым не было сорамна. Гэта не ваша функцыя бегаць па замежжы і на каленях поўзаць, капейкі прасіць. А цяпер збеглыя разгарнулі шалёную бойку за мяжой: грошай не хапае. Гэта ж ганьба».