Зарастаюць травой акопы…

Культура

мільёны людзей і лёсаў… Але пакуль аб дакладным дні Перамогі ніхто не ведае, а ўсе, нават жыхары вызваленай у 1944 годзе Беларусі, жывуць надзеяй блізкай Перамогі…
Валожынскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 7 ліпеня 1944 года сіламі 3-яй і 18-ай гвардзейскіх танкавых брыгад, 2-ой гвардзейскай мотастралковай брыгады 3-га Беларускага фронту, а таксама сіламі партызанскай брыгады імя Панамарэнкі падчас Вільнюскай аперацыі…
Давайце азірнёмся назад, палістаем дакументы і матэрыялы архіва, успомнім, чым жыў раён у далёкім 45-ым.
Жыхары вызваленай Валожыншчыны (па стану на люты 1945 года тут пражываў 43781 чалавек, з іх 18541 мужчына і 25240 жанчын) працягвалі жыць і працаваць ва ўмовах ваеннага часу. Паўсюднай была мабілізацыя “з ліку працаздольнага насельніцтва: жанчын ад 16 да 55 гадоў, мужчын ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў” на лесанарыхтоўкі і лесавывазы, на будаўніцтва ў Маскву.
Да дня Чырвонай Арміі (23 лютага) было сабрана больш за 105 тысяч рублёў на будаўніцтва танкаў і самалётаў, 44 кілаграмы сала, 42 кілаграмы каўбасы, 107 кілаграмаў мукі, 55 кілаграмаў табакі, 262 ручнікі, 262 метры палатна.
На 1 мая 1945 года ў Валожыне налічвалася 499 аднапавярховых жылых будынкаў, з іх 40 былі пашкоджаны ў гады вайны. Падчас ліхалецця былі знішчаны 1956 дамоў, спалены 22 вёскі. Пасля вызвалення (на люты 1945 года) у раёне пабудавалі больш за 270 дамоў і 420 аднавілі. Будаўніцтва працягвалася, зацвярджаўся план нарыхтоўкі лесаматэрыялаў, пабудовы жылых дамоў.
Да чэрвеня 1945 года ў раёне ўзнавілі 57 школ, 2 бальніцы, 2 аптэкі, 2 ветлячэбніцы, электрастанцыю, лесапільны завод, 7 млыноў, 2 швейныя і 3 абутковыя арцелі-майстэрні. Былі адноўлены і арганізаваны 4 калгасы. Тады ж у Валожыне ў будынку РВК адкрыўся дзіцячы сад, а з новага навучальнага года было вырашана “адкрыць адну сярэднюю школу з выкладаннем на беларускай мове пад назвай № 1 і адну сярэднюю школу з выкладаннем на рускай мове пад назвай № 2”.
Напружанай была работа на калгасных палетках: не хапала насення, сельгасінвентару, цяглавай сілы, людзей. Маладзечанскі аблвыканкам “рэкамендаваў калгасам пры нястачы цяглавай сілы выкарыстоўваць на лёгкіх карысных работах малапрадукцыйных кароў калгасаў і калгаснікаў, забяспечыўшы належны догляд за каровамі. На выдзеленых каровах калгаснікаў павінны, як правіла, працаваць калгаснікі, якім належаць гэтыя каровы… Абавязаць старшынь калгасаў не марудзячы арганізаваць прыручэнне да работ малапрадукцыйных кароў. Арганізаваць на прадпрыемствах і сіламі калгаснікаў вытворчасць збруі, ярма, спецхамутоў… Калгаснікам, якія працуюць у калгасе на сваіх каровах… налічваць працадні ў двайным памеры…”.
Нягледзячы на цяжкасці, выкліканыя ваеннымі дзеяннямі, пастаўка хлеба дзяржаве ў 1944 годзе склала 100,8 працэнта, лесавываз і лесанарыхтоўка выкананы на 138 працэнтаў.
Да сустрэчы “першай гадавіны вызвалення Чырвонай Арміяй раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (3 ліпеня) было вырашана выканаць план лесанарыхтоўкі і лесавывазу, датэрмінова закончыць паўтаратысячніка будаўніцтва і капітальнага рамонту дарог і мастоў па трасе Валожын-Маладзечна. Абавязаць дырэктара РПК да 15 чэрвеня пусціць у эксплуатацыю цэглавы завод… Абавязаць загадчыка РАНА тав. Шчэрбак правесці ўсе падрыхтоўчыя работы па рамонту школьных памяшканняў да 3 ліпеня… Абавязаць увесь парт. і сав. актыў правесці палітыка-масавую растлумачальную работу сярод працоўнага насельніцтва аб гістарычным значэнні нашага свята, мабілізаваўшы на выкананне вышэйпастаўленых задач да дня найвялікшага свята…”.
Нядаўняя вайна пакінула на тэрыторыі раёна сляды ў выглядзе мін, таму ў мэтах хутчэйшага размініравання Валожынскага раёна быў створаны раённы штаб па размініраванню. Пакінула вайна магілы, захаванні салдат, партызан, якія загінулі пры вызваленні раёна. У лютым 1945 года рашэннем Валожынскага райвыканкама была створана камісія для арганізацыі работ па ўвекавечанню памяці загінуўшых: неабходна было ўсе магілы абгарадзіць, “азеляніць іх, упрыгожыць кветкамі, устанавіць надмагільныя надпісы, прывесці ў парадак могілкі ў пушчы; усе магілы неабходна было зарэгістраваць (з указаннем імён загінуўшых, месцаў захавання), спісы падаць у райвыканкам да 1 красавіка 1945 года і запісаць у асобнай кнізе”…
З моманту заканчэння Вялікай Айчыннай вайны прайшло 65 гадоў, але на валожынскай зямлі застаецца шмат напамінаў аб тых трагічных падзеях: брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Валожына, у вёсках Багданава, Вішнева, Дворышча, Доры, Ракаў, Чэхаўшчына, Яцкава-Замосныя, Івянцы, пасёлку Першамайскім; помнікі землякам у вёсках Адамова, Бабровічы, Белакорац, Вуглы, Гародзькі, Даманоўшчына, Доры, Дубіна-Баярская, Забрэззе, Задарожжа, Камень, Кражына, Манькаўшчына, Подберазь, Пральнікі, Пяршаі, Ракаў, Сакаўшчына, Суднікі, Сярэдняе Сяло, Узбалаць, Філіпіняты, Шчаўканы, гарпасёлку Івянец… За гады вайны на тэрыторыі раёна загінулі больш за 8500 мірных жыхароў, не вярнуліся з палёў баёў 1600 чалавек. У раёне пахаваны 875 салдат і партызан, спалены 64 вёскі і сотні хутароў…
Зарастаюць травой акопы той вайны, а раны ў сэрцах людзей зацягваюцца вельмі марудна. Ужо няма сярод жывых многіх сведкаў ваенных падзей, але памяць аб іх застанецца, пакуль будуць стаяць помнікі, абеліскі, мемарыялы, магілы невядомых салдат і герояў. Да іх будуць прыносіць кветкі, а на вачах у наведвальнікаў будуць накатвацца слёзы горычы…

Алег АДАМОВІЧ,
супрацоўнік занальнага дзяржархіва г. Маладзечна.



Добавить комментарий