Урад зацвердзіў план падрыхтоўкі законапраектаў у 2021 годзе

Важное Главное

Урадам зацверджаны план падрыхтоўкі (удзелу ў падрыхтоўцы) законапраектаў рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання ў 2021 годзе. Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў ад 24 лютага 2021 года нумар 106, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

У план унесена 33 законапраекты ў розных сферах. У прыватнасці, дакументам прадугледжана ўдасканаленне законаў з улікам практыкі іх прымянення: «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь», «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», «Аб архіўнай справе і справаводстве», «Аб знешняй працоўнай міграцыі», «Аб фізічнай культуры і спорце».

Пастанова вызначае таксама падрыхтоўку законапраектаў «Аб валанцёрскай дзейнасці», «Аб змяненні законаў па пытаннях барацьбы з карупцыяй» , «Аб аб’яднаннях наймальнікаў», «Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў», «Аб змяненні законаў па пытаннях жывёльнага свету і генна-інжынернай дзейнасці».

Акрамя таго, у план уключана падрыхтоўка канцэпцый законапраектаў: «Аб абыходжанні з генетычнымі рэсурсамі», «Аб акрэдытацыі ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі», «Аб дыпламатычнай службе».

Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання даручана забяспечыць своечасовую і якасную падрыхтоўку законапраектаў (канцэпцый законапраектаў), прадугледжаных планам, іх узгадненне з зацікаўленымі і прадстаўленне ў Саўмін ва ўстаноўленыя тэрміны. Таксама даручана сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў вызначаць аб’ём работ і напрамак гэтай дзейнасці, а таксама забяспечваць удзел сваіх работнікаў у падрыхтоўцы законапраектаў.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.