Ад развіцця адукацыі залежыць будучыня краіны

Главное Общество Ступені поспеху

На базе гімназіі № 1 г. Валожына адбылося пасяджэнне савета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. На парадку дня – падвядзенне вынікаў работы сістэмы за 2020 год, справаздача аб выкананні Пагаднення паміж упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і раённай арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі на 2019-2022 гг. у другім паўгоддзі 2020 года і ўнясенні ў яго змяненняў і дапаўненняў.

На нараду запрасілі кіраўнікоў устаноў адукацыі, старшынь прафсаюзных арганізацый, лепшых педагогаў раёна, а таксама шаноўных гасцей – дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VII склікання Алега Аляксеевіча Семенчука, загадчыка сектара арганізацыйна-кадравай работы Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Святлану Валер’еўну Глябовіч, намесніка старшыні райвыканкама Ігара Уладзіміравіча Шакуна. 

З дакладам “Вынікі дзейнасці ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, устаноў адукацыі, фізічнай культуры і спорту ў 2020 годзе па павышэнні даступнасці і якасці адукацыі, развіцці фізічнай культуры, спорту і турызму” перад прысутнымі выступіла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала. Між іншым адзначалася: на фінансаванне сістэмы ў мінулым годзе з раённага бюджэту было накіравана 20529 тысяч рублёў, ці 32,7% кансалідаванага бюджэту раёна. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці склалі 9,1% ад бюджэту. Прыцягнута 1,9 млн рублёў, што склала 107,5% да ўзроўню мінулага года ў фактычных цэнах. У мінулым годзе завершана будаўніцтва і ўведзены ў эксплуатацыю дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці ў г. п. Івянец на 230 месцаў. На ўзвядзенне аб’екта зрасходавана 9,2 млн рублёў. У рамках рэалізацыі праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” выкананы капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі ў Івянецкай сярэдняй школе (835,7 тыс. рублёў). На правядзенне рамонтных работ у іншых установах адукацыі былі накіраваны 496,9 тыс. рублёў з мясцовага бюджэту.

Таццяна Мікалаеўна спынілася і на такіх важных пытаннях, як развіццё кадравых рэсурсаў сістэмы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў грамадскага харчавання, падвоз школьнікаў, выкананне паказчыкаў па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў, функцыянаванне ўстаноў дашкольнай адукацыі і ўстаноў, што забяспечваюць агульную сярэднюю адукацыю, і іншых важных момантах жыццядзейнасці сістэмы адукацыі. Вялікая ўвага падчас даклада надавалася выхаваўчай рабоце, павышэнню якасці і даступнасці адукацыі для выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, раскрыццю творчага патэнцыялу выхаванцаў і педагогаў праз удзел у алімпіядах, конкурсах, фестывалях. Начальнік упраўлення заўважыла, што па-ранейшаму прыярытэтным кірункам работы застаецца захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей і моладзі. Падкрэслівалася станоўчая дынаміка па прыцягненні вучняў да заняткаў фізічнай культурай і спортам. Былі разгледжаны таксама іншыя напрамкі дзейнасці, у прыватнасці – ахова правоў дзіцяці і прафілактыка сацыяльнага сіроцтва. Кожны пункт даклада суправаджаўся глыбокім аналізам паспяховасці ці наадварот, пасля чаго агучваліся канкрэтныя задачы, выкананне якіх, на думку кіраўніка, забяспечыць яшчэ большы поспех.

Напрыканцы выступлення Таццяна Мікалаеўна назвала ўстановы адукацыі, што па выніках раённага конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” за 2020 год названы лепшымі. Гэта Ракаўскі яслі-сад “Сонейка”, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці ў г. п. Івянец, Пяршайскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа, сярэдняя школа № 2 г. Валожына, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна.

У абмеркаванні асноўнага даклада прынялі ўдзел кіраўнікі ўстаноў-пераможцаў Тамара Дзмітрыеўна Картыннік, Кацярына Мікалаеўна Мазанік, Аляксандр Мікалаевіч Уланчык, Святлана Леанідаўна Ламака.

Не менш грунтоўным і паслядоўным быў даклад старшыні райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Марыі Мікалаеўны Камінскай.

Са словамі ўдзячнасці за працу і жаданне дасягаць як мага больш высокіх паказчыкаў у сваёй дзейнасці да прысутных звярнуліся С. В. Глябовіч, І. У. Шакун. А. А. Семянчук, акрамя віншавання з поспехамі ў бок педагогаў Валожыншчыны, спыніўся таксама на асноўных кірунках сваёй дэпутацкай дзейнасці, у тым ліку на рабоце над новым Кодэксам аб адукацыі.

Завяршылася мерапрыемства цырымоніяй узнагароджання.

 

Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама атрымалі метадыст цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Васілій Уладзіміравіч Марзак і дырэктар Гародзькаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Таццяна Іосіфаўна Чабай. Падзякай начальніка галоўнага ўпраўлення адзначаны загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” Наталія Станіславаўна Казак, настаўнік хіміі сярэдняй школы № 2 г. Валожына Таццяна Вячаславаўна Халявінская. Падзяка старшыні райвыканкама ўручана дырэктару дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Дзмітрыю Васільевічу Ажарэльеву, Ганаровая грамата раённага Савета дэпутатаў – намесніку па асноўнай дзейнасці Дорскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Ірыне Іосіфаўне Кулік. Восем педагогаў атрымалі падзякі начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, а трое адзначаны ганаровай граматай РК прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі.

Вынікі года паказалі станоўчую дынаміку развіцця сістэмы адукацыі раёна па ўсіх кірунках дзейнасці. Задачы, пастаўленыя падчас пасяджэння савета, дазволяць забяспечыць паспяховае функцыянаванне і развіццё галіны ў 2021 годзе.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

 фота аўтара