Зноў прыйдуць у дом людзi

Люди и судьбы

Культура старажытных рымлян і грэкаў паслужыла краевугольным каменем для станаўлення культур усіх народаў Еўропы, каноны класіцызму і сёння ўплываюць на развіццё сусветнага мастацтва. Не пазбеглі такога ўплыву і беларусы.

Прычым нашы продкі настолькі палюбілі герояў Элады і землякоў Цэзара, што лічылі іх амаль за сваякоў. Прынамсі ананімныя паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе” – яскравы таму доказ. Тут апісана, як  алімпійскія багі п’юць гарэлку, ядуць капусту і танцуюць “Лявоніху”, адным словам, паводзяць сябе, як тутэйшыя сяляне…

Удала праектуецца на беларускі побыт і дойлідства старажытных цывілізацый. Напрыклад, атлантаў, якія трымаюць страху вясковай хаты, можна і сёння бачыць у Івянцы. Такую памяць пра сябе ўвекавечыў у дрэве славуты майстар Апалінарый Фларыянавіч Пупко. Цікава, адкуль народны ўмелец, самавучка ведаў пра антычнасць? Ды і наўрад ці малаадукаваны чалавек змог бы ствараць літаратурныя вобразы Несцеркі, збянтэжанага Саўкі, пісаць партрэты В. Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі, Ф. Скарыны.

Малодшая дачка А. Ф. Пупко Софія Варатніцкая запэўніла, што яе таленавіты бацька атрымаў добрую адукацыю: напачатку вучыўся ў Івянцы ў чатырохгадовай пачатковай школе, потым – два гады ў прыватнай гімназіі ў Мінску, пазней – скончыў Мінскае народнае вучылішчы. Сям’ю Пупко наогул немагчыма аднесці да катэгорыі “цёмнай”. Бацька славутага майстра быў дыпламаваным будаўніком і ганчаром, слава пра яго грымела на ўсю акругу. Адзін той факт, што яго запрашалі на будаўніцтва касцёлаў, сведчыць пра неардынарнасць асобы – Божы дом не давяралі ўзводзіць абы-каму. Дзядзькі Апалінарыя Фларыянавіча таксама праславіліся ў свой час. Адзін займаў высокі пост пры Віленскім  губернатары, шмат друкаваўся ў “Нашай ніве”, другі быў мастаком і валодаў уласнай мастацкай студыяй у Мінску.

Як і многія яго равеснікі, Апалінарый Фларыянавіч свабодна валодаў рускай, беларускай і польскай мовамі. А паколькі паходзіў з даволі заможнай сям’і, то ў маладосці шмат падарожнічаў: пабываў у Вільні, Рызе, Варшаве, Кракаве, Празе, Санкт-Пецярбургу, Маскве. Бываючы ў іншых мясцінах, не толькі любаваўся на іх адметнасці, але і знаёміўся з людзьмі самых розных поглядаў. Паколькі першая чвэрць ХХ стагоддзя – час выспявання рэвалюцыйных ідэй, то нейкім чынам гэта плынь захапіла і яго. Нездарма ж у 1916 годзе М. В. Фрунзэ будзе хавацца ад царскай улады менавіта ў доме Апалінарыя Пупко. Значна пазней, у пасляваенныя гады, гэты факт успомняць, і дом Пупко, нараўне з радзіннай сядзібай Ф. Э. Дзяржынскага ў Дзяржынаве, увойдзе ва ўсесаюзны турыстычны маршрут. Праўда, многія з экскурсантаў ужо і не памятаюць Фрунзэ, чым ён адметны, а вось пра Пупко і яго творы людзі не забыліся.

Драўляныя скульптуры, што нараджаліся ў руках Апалінарыя Фларыянавіча, маюць адну асаблівасць – яны не маўклівыя. Глядзіш на “Лірніка” (захоўваецца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры) і, здаецца, яшчэ хвіліна – і пальюцца гукі, потым далучыцца голас, каб паведаць нешта важнае, мудрае, тое, што мы забыліся або страцілі… Цікава падаецца сялянскі вобраз у скульптурнай кампазіцыі “Мая доля”. Схіленая галава, панурыя плечы – хіба цяжка здагадацца, якая яна, доля беларуса? Але і роспачы вялікай няма – побач хлапчук, які ўвасабляе хоць і слабую, але падтрымку, а значыць – надзею.

Магчыма, гэта кампазі-цыя ў нечым аўтабіяграфічная. Першая жонка Апалінарыя Фларыянавіч рана памерла, пакінуўшы яго з маленькай дачушкай на руках. Доўгія гады ён не рашаўся прывесці ў дом другую жанчыну, але сустрэлася яму Леанарда Іпалітаўна, і майстар не ўстаяў перад  “Маргарытай”. Трэба сказаць, што Леанарда Іпалітаўна была не менш славутай краўчыхай, чым яе муж разбяром. Усе першыя модніцы з раёна ведалі Леанарду Пупко і толькі ёй давяралі шыць эксклюзіўныя абноўкі.

Захавалі нашчадкі А. Ф. Пупко памяць і пра юнацкае, няшчаснае каханне бацькі. Першай яго музай была дзяўчына з Ракава, яны нават збіраліся пажаніцца, але ксёндз не даў дазволу па прычыне блізкага сваяцтва жаніха і нявесты. У выніку – дзяўчына выйшла замуж за іншага, нядоўга пражыла з ім і памерла. Праўда, паспела даць жыццё сыну, ад якога і пайшоў вядомы род вучоных, мастакоў і скульптараў Янушкевічаў.

Цяпер дом А. Ф. Пупко, якому мала без чаго два стагоддзі часу, перажывае значныя змены. Нашчадкі майстра прынялі рашэнне сабраць бацькавы вырабы, якія зараз захоўваюцца ў самых розных музеях Беларусі і за яе межамі, і стварыць аграсядзібу-музей. Экспазіцыя музея будзе дапоўнена карцінамі праўнучкі майстра Ксеніі Высоцкай. У доме выдатна захавалася тынкоўка, выкананая былым гаспадаром, і жывапіс на ёй. Бясспрэчна, што аграсядзіба-музей А. Ф. Пупко мае ўсе шансы зноў стаць месцам турыстычнага паломніцтва.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий