Школьнікі абмяркоўваюць сур’ёзныя пытанні

2021 - Год народнага адзінства VI Усебеларускі народны сход

У рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна прайшоў Адзіны дзень інфармавання па тэме: “У адзінстве народа – сіла незалежнай дзяржавы”.

 

На мерапрыемства ў сярэднюю школу № 1 г. Валожына завіталі намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандр Вітальевіч Акушка і начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандр Аляксандравіч Чаховіч.

 Увазе вучняў 10-11 класаў установы былі прадстаўлены тры інфармацыйныя блокі. У першым, пад назвай “Народнае адзінства – залог шчаслівага будучага Беларусі”, размова ішла пра згуртаванасць, салідарнасць і ўзаемаразуменне беларусаў. Вышэйпералічаныя якасці заўсёды былі і павінны быць галоўнымі. Наш народ аб’яднаны гісторыяй, традыцыямі, культурай і агульным духам павагі і роўнасці. Важна заставацца адзінай нацыяй, жыць у суверэннай і незалежнай краіне. Усё гэта паслужыла падставай аб’явіць бягучы год у рэспубліцы Годам народнага адзінства, што павінна садзейнічаць росквіту і дасягненню самых прывабных мэт.

 Цікава было паслухаць меркаванні школьнікаў па пытанні: у які гістарычны перыяд асабліва ярка праявілася адзінства народа нашай краіны. Педагогі звярнулі ўвагу на значнасць для сучаснай Беларусі новага дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства, якое прапаноўваецца ўстанавіць.

 У другім інфармацыйным блоку “Усебеларускі народны сход – падводзім вынікі, плануем будучае” абмеркавалі такую форму народаўладдзя, якая дазваляе грамадзянам больш шырока ўдзельнічаць у справах дзяржавы. Рабяты выдатна ведалі, хто можа стаць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, якія важныя рашэнні былі прыняты на апошнім, паразважалі пра ролю дыялогавых пляцовак у іх выпрацоўцы.

Трэці блок “Узброенныя сілы Рэспублікі Беларусь на варце бяспекі і суверэнітэту” даў падставу задумацца, што хоць сёння Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь успрымаецца як свята ўсіх мужчын, у першую чаргу віншаванняў заслугоўваюць тыя, хто ў розныя гады абараняў Радзіму і зараз аберагае спакойны сон беларусаў. Аляксандр Вітальевіч Акушка і Аляксандр Аляксандравіч Чаховіч падзяліліся ўспамінамі пра сваю службу ў арміі і запэўнілі рабят, што гэты час карысны для кожнага юнака. Паколькі беларуская армія адпавядае самым сучасным патрабаванням, працэс яе ўдасканалення, будаўніцтва і развіцця працягваецца пастаянна, маладым людзям у армейскім жыцці спатрэбяцца добрыя, трывалыя веды і выдатная фізічная падрыхтоўка.

Падчас мерапрыемства адбыўся канструктыўны дыялог паміж прадстаўнікамі Валожынскага РАУС і вучнямі школы. У апошніх была магчымасць задаць гасцям хвалюючыя пытанні і падзяліцца ўласнымі думкамі па тэме мерапрыемства.

Увазе юнакоў і дзяўчат была прадстаўлена мультымедыйная прэзентацыя, падрыхтаваная Нацыянальным інстытутам адукацыі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара