Асобны збор адходаў

Общество

 

 

РУП “Валожынскі жылкамунгас” устанаўлівае ў домаўладаннях прыватных гаспадароў райцэнтра па 2 пластыкавыя кантэйнеры для збору смецця. Іх атрымліваюць бясплатна ўласнікі, з якімі заключаны дагаворы на вываз цвёрдых бытавых адходаў. Аплата за вываз смецця ў жыроўках з-за гэтага не павялічыцца.

У арганізацыі паведамілі, што ўсяго набылі 1850 кантэйнераў, сродкі на іх набыццё былі выдаткаваны па дзяржаўнай праграме “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2016-2020 гады”. Асноўная мэта новаўвядзення – асобны збор адходаў, а таксама паляпшэнне санітарнага стану тэрыторыі сектара прыватнай жылой забудовы, пазбяганне несанкцыянаванага складзіравання смецця. Ну і, безумоўна ж, змяненне да лепшага экалагічнай і эстэтычнай сітуацыі.

Пакуль імі будуць забяспечаны толькі жыхары Валожына: на адзін падворак выдаюцца два бакі – чырвонага і чорнага колеру – ёмістасцю 120 літраў кожны. Чырвоны прызначаны для другасных матэрыяльных рэсурсаў: шкла, шклабою (акрамя аконнага), ПЭТ-бутэлек, макулатуры. Чорны – для цвёрдых бытавых адходаў: тых, якія дагэтуль гаспадары збіралі ў спецыяльныя пакеты ці мяшкі. Прычым сюды нельга дапускаць злівання вадкасці, выкідання будаўнічых адходаў, гарачага попелу, буйнагабарытных матэрыялаў (аконных рам, дзвярэй, дзвярных блокаў і г. д.), адходаў гаспадарчай дзейнасці – скошанай у садзе ці на падворку травы, пустазелля з агарода. Камунальнікі звяртаюць увагу: на кожным з бакаў змешчана спецыяльная паметка – што і для чаго.

 Еўракантэйнеры зроблены з пластыку і аптымальна падыходзяць для карыстання. Яны невялікія, на колцах, гэта дазваляе з лёгкасцю перасоўваць іх па тэрыторыі, а таксама аблягчае выгрузку ў спецыяльную машыну. Зачыняюцца накрыўкай, таму не будуць працякаць, ды і жывёла ўсярэдзіну не залезе. Ёмістасці дастаткова для накаплення адходаў, недапушчэння ўтварэння непрыемных пахаў і пачатку працэсу разлажэння.

 А вось дзе ўстанавіць бакі – на падворку ці ў гаспадарчай пабудове, гаспадар вырашае сам. Пры гэтым ён нясе поўную адказнасць за іх: з моманту падпісання акта прыняцця-перадачы яны становяцца ўласнасцю гаспадара і знаходзяцца ў яго на захоўванні. У выпадку страты, крадзяжу ці сапсавання бакаў аб гэтым абавязкова трэба паведаміць у жыллёва-камунальную гаспадарку.

 Вываз адходаў будзе ажыццяўляцца па графіку ў дні, у якія раней ездзіла па вуліцах спецыяльная машына: у першы тыдзень кожнага месяца яна забярэ смецце толькі з чырвонага кантэйнера, а ў другую, трэцюю, чацвёртую – з чорнага. Таму ўласнікам неабходна паставіць кантэйнеры за межы агароджы тэрыторыі ўласнай жылой забудовы, каб жылкамунгасаўцы маглі свабодна іх выгрузіць.

Развоз кантэйнераў ажыццяўляецца транспартам ЖКГ у рабочыя дні, а ў гэты час большасць людзей таксама ж знаходзіцца на працы. Таму ва ўласнікаў ёсць магчымасць забраць іх самастойна па адрасе: г. Валожын, вуліца Пушкіна, 55.

Алена ЗАЛЕСКАЯ