Да +11°С чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні

Кругозор

 Да 11 градусаў цяпла чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«Мінулы люты, нягледзячы на адліжнае надвор’е ў канцы месяца, быў на 1-3 градусы халаднейшы, чым звычайна. Ападкаў у многіх раёнах Беларусі выпала блізка да месячнай нормы, толькі месцамі па Гомельскай і ўсходзе Магілёўскай вобласці іх было шмат — каля дзвюх лютаўскіх норм. Дэфіцыт ападкаў адзначаўся па паўночным захадзе краіны», — адзначылі сіноптыкі.

У першы дзень каляндарнай вясны на фоне вобласці павышанага атмасфернага ціску ў асноўным будзе без ападкаў. Максімальная тэмпература паветра ў разгар дня будзе плюс 3-9 градусаў.

У аўторак, 2 сакавіка, умовы надвор’я ў Беларусі прадоўжыць вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі днём па паўночным усходзе будзе адчувацца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзелу. На большай частцы краіны будзе без ападкаў, толькі днём па паўночным усходзе месцамі пройдуць кароткачасовыя мокры снег і дождж. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах прагназуецца туман. На асобных участках дарог будзе галалёдзіца. Вецер заходні ноччу ўмераны, днём парывісты. Тэмпература паветра ноччу будзе вагацца ад мінус 2 да плюс 3 градусаў. Днём паветра прагрэецца да плюс 3-9 градусаў.

У сераду, 3 сакавіка, Беларусь застанецца ў вобласці павышанага атмасфернага ціску. Аблокаў стане менш. Істотных ападкаў не чакаецца. Ноччу і раніцай будуць слабыя туман і галалёд, на дарогах месцамі галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, заходні ўмераны, па паўночным усходзе краіны парывісты. Тэмпература паветра ноччу будзе мінус 4 — плюс 1, днём будзе 3-10 градусаў цяпла.

У чацвер, 4 сакавіка, ноччу надвор’е ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, у ранішнія і дзённыя гадзіны будзе адчувацца ўплыў атмасфернага фронту, які перамяшчаецца з Балтыйскага мора. Павялічыцца і ўшчыльніцца воблачнасць. Ноччу будзе пераважна без ападкаў, раніцай і днём на большай частцы краіны пройдзе кароткачасовы дождж, мокры снег. Ноччу і раніцай чакаюцца слабыя туман і галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер будзе заходні, паўночна-заходні парывісты. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны будзе мінус 3 — плюс 3 градусы, днём паветра прагрэецца да плюс 2-8 градусаў, па поўдні — да 11 градусаў цяпла.

У пятніцу, 5 сакавіка, сітуацыя ў атмасферы зменіцца. Праз Беларусь чакаецца перамяшчэнне халоднага франтальнага раздзелу. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег, па поўдні з дажджом. Вецер паўднёва-заходні ноччу ўмераны, днём парывісты. У асобных раёнах будзе слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу будзе 1-7 градусаў марозу, па поўдні — ад нуля да плюс 1 градуса. У дзённыя гадзіны тэмпература паветра будзе вагацца ад мінус 3 да плюс 3 градусаў.

«У бліжэйшыя выхадныя чакаецца зімовы характар надвор’я. У асобных раёнах краіны пройдзе невялікі кароткачасовы снег», — прагназуюць у Белгідрамеце.