Андрэйчанка: рэальная сацпадтрымка дзяржавы з’яўляецца нязменным нацыянальным брэндам Беларусі

Главное Общество

Рэальная сацыяльная падтрымка дзяржавы з’яўляецца нязменным нацыянальным брэндам Беларусі, заявіў сёння падчас семінара на тэму «Звароты грамадзян і юрыдычных асоб. Заканадаўства і практыка прымянення» старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Рэальная сацыяльная падтрымка дзяржавы з’яўляецца нязменным нацыянальным брэндам Беларусі. Парламентарыі знаходзяцца ў эпіцэнтры грамадскага жыцця ў сваіх выбарчых акругах. Праводзяць асабістыя прыёмы, сустрэчы ў працоўных калектывах, прамыя тэлефонныя лініі, выкарыстоўваюць іншыя формы работы», — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

За мінулы год дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў праведзена больш за 5,5 тыс. сустрэч у працоўных калектывах, арганізавана звыш 2 тыс. асабістых прыёмаў, прынята больш за 8 тыс. чалавек, разгледжана звыш 10 тыс. зваротаў. «І гэта толькі ў акругах. Акрамя таго, у Палаце прадстаўнікоў за гэты ж час разгледжана больш за 3 тыс. зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, — адзначыў старшыня. — Часцей за ўсё звароты датычацца якасці аказання жыллёва-камунальных паслуг, стану дарог, праблем банкаўскага і паштовага абслугоўвання ў вёсцы. Грамадзян хвалююць пытанні росту цэн на тавары першай неабходнасці і лекавыя сродкі. Таму дэпутатам і ў далейшым неабходна прадоўжыць маніторынг цэнаўтварэння».

Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, дзейнічаючы ў цеснай узаемасувязі з міністэрствамі і ведамствамі, мясцовымі органамі ўлады, удаецца вырашаць большасць пытанняў.

«Разам з тым дзяржаўным органам неабходна больш аператыўна рэагаваць на пытанні, працаваць на апярэджанне і вырашаць праблемы да таго, як яны стануць тэмай для звароту. Многія з іх можна і трэба вырашаць на мясцовым узроўні, выключыўшы фармальны падыход. І калі дадзены абяцанні — іх трэба выканаць, — падкрэсліў спікер. — Аднак хацелася б звярнуць увагу на тое, што апошнім часам права на зварот усё часцей выкарыстоўваецца як інструмент псіхалагічнага ўздзеяння, націску на дзяржаўныя органы і службовых асоб, якія выконваюць свае абавязкі па абароне суверэнітэту і незалежнасці, падтрыманні грамадскага парадку і грамадзянскага міру. Я маю на ўвазе перш за ўсё так званыя веерныя рассылкі электронных пісем. Многія з іх змяшчаюць фармулёўкі, якія мяжуюць з паклёпам і знявагай. Так, мы вымушаны адказваць і на такія звароты. Але гэта работа адцягвае значныя сілы ад вырашэння сапраўды важных праблем для нашых грамадзян. Мяркую, тут ёсць што сказаць і дэпутатам, і нашым экспертам».

Уладзімір Андрэйчанка спыніўся на яшчэ адным моманце — гэта тэндэнцыя павелічэння ініцыятыўных зваротаў грамадзян з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасці палажэнняў нарматыўных актаў. «Такія звароты маюць сваю спецыфіку, пра што мы сёння таксама пагаворым. Думаю, што ў ходзе адкрытай, змястоўнай і плённай размовы ўсе пытанні атрымаюць сваё дэталёвае асвятленне», — дадаў ён.

У семінары «Звароты грамадзян і юрыдычных асоб. Заканадаўства і практыка прымянення» прымаюць удзел члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Канстытуцыйнага суда, кафедры дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, выканаўчых і распарадчых органаў.