Мінпрацы расказала аб праграмных дакументах па паляпшэнні эканамічных магчымасцей жанчын

Важное Общество

Пашырэнне эканамічных магчымасцей, сацыяльныя прэферэнцыі — у бягучым годзе на праграмным узроўні будуць рэалізоўвацца меры для павышэння статусу жанчын у грамадстве, забеспячэння гендарнай роўнасці. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Жанчыны сёння складаюць больш за 55 працэнтаў ад агульнай колькасці работнікаў і рэалізуюць сябе практычна ва ўсіх сферах дзейнасці. Сацыяльны і эканамічны статус жанчыны ўзрастае з году ў год», — адзначыў Валерый Кавалькоў.

У пацвярджэнне ён прывёў такія лічбы: каля 40 працэнтаў працуючых жанчын маюць вышэйшую адукацыю, амаль палова кіраўнікоў — жанчыны, сярод спецыялістаў — 73 працэнты.

«Дзяржава робіць нямала для павышэння статусу жанчын, паляпшэння ўмоў працы, павышэння эканамічнай актыўнасці, а таксама аховы іх здароўя. На гэты год запланаваны шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія будуць садзейнічаць гэтаму. У першую чаргу гэта нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці і дзве дзяржаўныя праграмы: «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» і «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека». Гэтыя праграмныя дакументы прадугледжваюць пашырэнне эканамічных магчымасцей жанчын — садзейнічанне ім у развіцці прадпрымальніцтва, у тым ліку ў сельскай мясцовасці», — адзначыў Валерый Кавалькоў.

Ён удакладніў, што нацыянальны план дзеянняў зацвярджаецца на 5 гадоў і гэта ўжо шосты план. Адна з Мэт устойлівага развіцця — забеспячэнне гендарнай роўнасці. У адпаведнасці з гэтым і нацыянальны план будзе ўключаць у сябе пералік мерапрыемстваў па прадастаўленні жанчынам пэўных эканамічных, сацыяльных прэферэнцый.

Адна з дзейсных мер — прадастаўленне дзяржавай бязвыплатных субсідый. У мінулым годзе амаль 45 працэнтаў атрымаўшых субсідыі на адкрыццё сваёй справы былі жанчыны. «А за мінулыя пяць гадоў 3,7 тыс. жанчын атрымалі субсідыю і змаглі пачаць сваю справу, гэта значыць сталі эканамічна незалежнымі», — дадаў намеснік міністра. Бізнес-лэдзі выбіраюць самыя розныя сферы дзейнасці — аказанне цырульніцкіх паслуг, арганізацыя невялікіх кафэ і г.д. Перад гэтым будучыя прадпрымальніцы праходзяць неабходнае навучанне менеджменту, атрымліваюць дапамогу ў складанні бізнес-плана.

Банк развіцця Беларусі таксама падключаецца да падтрымкі жаночага бізнесу — у мінулым годзе прафінансаваны 73 такія праекты на суму Br9,5 млн.

Развіваюцца і механізмы рэінтэграцыі жанчын на рынку працы. У мінулым годзе на прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку былі накіраваны 1,7 тыс. беспрацоўных жанчын. А за апошнія 5 гадоў звыш 14 тыс. жанчын прайшлі перападрыхтоўку і змаглі стаць больш запатрабаванымі на рынку працы. Каб жанчыны ў дэкрэтным водпуску не страчвалі навыкі, прывабнасць для наймальнікаў у прафесійным плане, прадастаўлена магчымасць і для іх павышаць сваю кваліфікацыю ў гэты перыяд. За пяць гадоў 343 жанчыны падчас знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі, пры гэтым яшчэ і атрымлівалі стыпендыю.

У мінулым годзе дыстанцыйная работа атрымала прававую аснову — гэта таксама адкрыла дадатковыя перспектывы для жанчын.

Намеснік міністра падкрэсліў, што апошнія 8 гадоў узровень беспрацоўя сярод жанчын застаецца стабільна нізкім. Але пры гэтым існуе актуальная праблема двайной занятасці жанчын: на рабоце і дома. Менавіта на яе вырашэнне і будуць накіраваны максімальныя намаганні — як заканадаўчыя, так і інфармацыйныя, прапагандысцкія.