5 Сакавіка — урачыстае падвядзенне вынікаў работы арганізацый і працаўнікоў раёна за 2020 год

Важное Общество

Дарагія прадстаўнікі працоўных калектываў Валожыншчыны!

Бягучы год стаў для ўсіх нас часам напружанай працы, якая выявіла лепшыя рысы рупліўцаў раёна. Мы шчыра ўдзячны кожнаму, хто затрачвае сілы, уменні і старанні, каб павялічваць прэстыж і прыбытак нашых арганізацый. Сёння перад раёнам стаіць задача павышэння якасці сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі, пашырэння вытворчасці і, як след, узроўню жыцця работнікаў і ўсіх грамадзян, дзеля дабрабыту якіх кожны з вас на працоўным месцы прыкладае намаганні.

Дарагія валожынцы! Дзякуй вам за адданую, жыццёва неабходную працу ва ўсіх сферах. Мы маем сур’ёзную падставу ганарыцца прадстаўнікамі аграпрамысловага комплексу, прамысловых прадпрыемстваў, годнай службай людзей, што адказваюць за ахову парадку, бяспеку грамадзян і іх маёмасці. Нас радуюць дасягненнямі спецыялісты адукацыі, культуры і іншых сфер. Асаблівая ўдзячнасць нашым дарагім медыкам, якія, незважаючы на цяжкасці, годна спраўляюцца з пандэміяй каранавіруса.

Шчыра жадаем  кожнаму асобнаму працаўніку і іх камандам моцнага здароўя, карпаратыўнай згуртаванасці, правільнага разумення задач, што ставіць перад беларусамі дзяржава. Няхай радуе вас вынік працы, расце зарплата і з ёй дабрабыт сем’яў. Няхай бягучы год прынясе ў наш цудоўны куток Беларусі яшчэ больш значныя поспехі і дасягненні. Нізкі паклон вам, прафесіяналы Валожыншчыны!

Раённы выканаўчы камітэт

Раённы Савет дэпутатаў

 

Паважаныя працаўнікі Валожынскага раёна!

 

Дасылаю вам прывітанне з нагоды ўрачыстасці, якая па традыцыі падводзіць вынік агульнай працы за мінулы год.

Спрадвеку і да сённяшняга дня працавітыя людзі карыстаюцца бязмежнай павагай у беларускага народа. Менавіта яны ўслаўляюцца ў вершах і песнях. Правядзенне свят, на якіх лепшыя працаўнікі атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды, з’яўляецца важным момантам у жыццядзейнасці асобных калектываў і ўсяго раёна ў цэлым. Вы, дарагія работнікі розных сфер, – аснова эканомікі Рэспублікі Беларусь. Ваш высокі прафесіяналізм, любоў і адданасць абранай справе выклікаюць шчырае захапленне і павагу.

Жадаю ўсім, хто ўносіць свой уклад у агульную справу, выключнага здароўя, дастатку і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні! 

Алег СЕМЯНЧУК,

дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага

сходу Рэспублікі Беларусь VII склікання

 

Галоўны клопат – жыццё і здароўе людзей

 

Установа аховы здароўя “Валожынская цэнтральная раённая бальніца” – гэта складаны і зладжаны механізм, дзейнасць якога напрамую залежыць ад ведаў, вопыту і працаздольнасці 707 супрацоўнікаў (102 урачы, 263 прадстаўнікі сярэдняга і 342 малодшага медыцынскага і тэхнічнага персаналу). Ложкавы фонд у цэлым па раёне складае 326 ложка-месцаў, з іх 231 – у горадзе. У склад ЦРБ, акрамя стацыянараў і паліклінікі, што працуюць у райцэнтры, уваходзяць 5 амбулаторый, 12 ФАПаў, участковая бальніца з паліклінікай у Ракаве, Івянецкая гарпасялковая бальніца з паліклінікай, Пяршайская бальніца сястрынскага догляду.

2017 года за медыцынскае абслугоўванне жыхароў Валожыншчыны нясе адказнасць галоўны ўрач ЦРБ Павел Алегавіч Ганчар. Ураджэнец Смаргоні прыбыў у Валожын пасля заканчэння педыятрычнага факультэта Гродзенскага медуніверсітэта. Лідарскія якасці, пастаяннае жаданне развівацца як асобе і спецыялісту спрыялі таму, што кар’ерны рух наперад у маладога чалавека праходзіў імкліва. За непрацяглы перыяд Паўлу Алегавічу ўдалося наладзіць цудоўныя зносіны з калектывам райбальніцы, унікнуць у акалічнасці гаспадарчай дзейнасці (зусім нядаўна медустанова справілася з даволі маштабнай задачай – заменай ліфтавага абсталявання, працягваюцца рамонтныя работы, паступова закупляюцца неабходныя прыборы і інвентар).

У бягучым годзе калектыў годна праявіў сябе ў барацьбе з інфекцыяй COVID-19. Многія напрацоўкі валожынскіх медыкаў з’яўляюцца ўнікальнымі, ацэнены на ўзроўні рэспублікі. Павел Алегавіч з удзячнасцю ўзгадвае кожнага супрацоўніка, што непасрэдна змагаўся з пандэміяй. У першую чаргу адзначыў заслугі намесніка галоўнага ўрача Альфрэда Зянонавіча Нехвядовіча, эпідэміёлага Таццяны Турпаковай і галоўнай медыцынская сястры Вольгі Яраславаўны Бітэль. Разам з тым, галоўны ўрач заўважыў: медыкі, якія не былі напрамую задзейнічаны ў лячэнні хворых з каранавірусам, на сваіх працоўных месцах стараліся не дапусціць росту іншых захворванняў, са значнай нагрузкай працягвалі аказваць неабходную медыцынскую дапамогу людзям з вострымі, хранічнымі захворваннямі і траўмамі рознай складанасці.

Прафесіяналізм калектыву ЦРБ дазваляе спраўляцца з самымі складанымі задачамі, галоўныя з якіх – прафілактыка і своечасовае выяўленне захворванняў, правядзенне адэкватнага лячэння як з выкарыстаннем стацыянараў, так і амбулаторна.

Сёння нараўне з вопытнымі калегамі за здароўе жыхароў раёна змагаюцца спецыялісты, якія пакуль не могуць пахваліцца назапашаным вопытам, аднак імкненне пастаянна спасцігаць новае з кожным працоўным днём набліжае іх да прафесіяналізму карыфеяў лячэбнай і прафілактычнай справы. У мінулым годзе каманда медыкаў павялічылася на 27 чалавек, з іх 6 – спецыялісты з вышэйшай медыцынскай адукацыяй. У бягучым годзе чакаецца прыбыццё васьмі ўрачоў, якія ў свой час атрымалі мэтавыя накіраванні.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

Святлана Аляксееўна ЯНКОЎСКАЯ з’яўляецца кіраўніком Валожынскай дзіцячай бібліятэкі, якая па выніках 2020 года прызнана лепшай у цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме.

За мінулы год паслугамі ўстановы скарысталіся 2735 чытачоў, 2359 з іх – дзеці. Колькасць наведванняў за год склала 25618, кнігавыдача – 41618 экзэмпляраў. На 1 студзеня бягучага года фонд бібліятэкі налічваў 16322 экзэмпляры кніг, брашур, перыядычных выданняў, электронных дакументаў. За мінулы год ён папоўніўся на 951 экзэмпляр выданняў, 415 з якіх – кнігі.

 У зону абслугоўвання дзіцячай бібліятэкі ўваходзяць дзве гарадскія школы і гімназія, тры яслі-сады, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Работа з юнымі чытачамі вялася па такіх напрамках, як распаўсюджванне краязнаўчых ведаў, прапаганда лепшых узораў беларускай і сусветнай літаратуры, здаровага ладу жыцця, экалагічнае, духоўна-маральнае, эстэтычнае, прававое і патрыятычнае выхаванне, прафарыентацыя, рэалізацыя праграмы “Міласэрнасць”. Працягвала працаваць аматарскае аб’яднанне “Кругагляд” для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзростаў. Ва ўстанове шмат увагі надаецца прапагандзе кнігі і чытання сярод дзяцей і падлеткаў, фарміраваню іх літаратурнага густу.

Для арганізацыі вольнага часу дзяцей і развіцця іх творчых здольнасцей выкарыстоўваліся такія формы і метады работы, як экскурсіі, прагляды літаратуры, экскурсы ў гісторыю, інфармацыйна-пазнавальныя гадзіны, круглыя сталы, святы кнігі, краязнаўчыя і экалагічныя ўрокі, віктарыны і інш.

Акрамя агульнай чытальнай залы, ва ўстанове створана чытальная зала “Малышок” для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, якая абсталявана спецыяльнай мэбляй.

У бібліятэцы вядзецца мэтанакіраваная работа па аўтаматызацыі дзейнасці. Тут у наяўнасці ёсць два камп’ютары, шматфункцыянальнае прыстасаванне, ёсць выхад у Інтэрнэт, створана старонка ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”.

Дзіцячая бібліятэка з’яўляецца метадычным цэнтрам па рабоце з дзецьмі і падлеткамі для ўсіх бібліятэк Валожыншчыны. Яна прымае актыўны ўдзел у раённых нарадах, семінарах, практыкумах, аказвае практычную дапамогу сельскім бібліятэкарам па розных кірунках працы з дзецьмі і падлеткамі.

За мінулы год установа на 100% выканала план платных паслуг. Сюды ўвайшлі выдача кніг з камерцыйнага фонду, ксеракапіраванне, сканіраванне тэкстаў, карыстанне сеткай Інтэрнэт, набор тэксту на камп’ютары і інш.

 

Гародзькаўскі сельвыканкам па выніках работы за мінулы год прызнаны лепшым у раёне. На працягу многіх гадоў яго ўзначальвае Ганна Францаўна САДОЎСКАЯ.

Плошча Гародзькаўскага сельсавета складае 15641 га. На гэтай тэрыторыі размешчаны 37 населеных пунктаў, у тым ліку адзін аграгарадок, і пражываюць 1532 чалавекі, сярод іх – 705 грамадзян працаздольнага ўзросту, 673 пенсіянеры, 154 дзіцяці і маладыя людзі да 18 гадоў.

Сельвыканкам і сельскі Савет дэпутатаў працуюць у цесным кантакце з усімі арганізацыямі і ўстановамі сельсавета, а таксама раённымі службамі, што дае станоўчы вынік у рашэнні шматлікіх пытанняў жыццезабеспячэння грамадзян. На працягу года тут вядзецца работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. У яе ўключаны ўсе вёскі, аб’екты сацыяльна-культурнай сферы і тыя, што належаць сельскагаспадарчым і іншым арганізацыям.

 У 2020 годзе сельсаветам з прыцягненнем працоўных калектываў і жыхароў былі арганізаваны і праведзены 36 суботнікаў па навядзенні парадку, у тым ліку 19 на могілках, ліквідаваны 22 стыхійныя звалкі, прыбраны і абкошаны 95 участкаў безгаспадарчых домаўладанняў, выдадзены 47 прадпісанняў грамадзянам па добраўпарадкаванні прысядзібных тэрыторый, спілены 14 старых аварыйных дрэў, у грамадскіх месцах пасаджаны 436 саджанцаў маладых дрэў і хмызняку, арганізавана праца па зносе старога трухлявага плота, рамонце і ўстаноўцы новых агароджаў.

Вялікая ўвага надаецца рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 357 “Аб пустуючых і старых дамах”. Пастаянна актуалізуецца база даных, зносяцца тыя, што прызнаны судом безгаспадарчымі і перададзенымі ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы. Участкі, якія вызваліліся, уключаюцца ў севазварот ці рэалізуюцца пад новае будаўніцтва.

У сельсавеце абраны 11 дэпутатаў і 10 стараст сельскіх населеных пунктаў. З удзелам іх і іншых актывістаў створаны і функцыянуюць грамадскія камісіі: назіральная, санітарная, грамадскі пункт аховы правапарадку і інш. Ад дзейнасці гэтых фарміраванняў напрамую залежыць эфектыўнасць работы сельвыканкама. Яны рэгулярна праводзяцць пасяджэнні і рэйды сумесна з ідэалагічнай і санітарнай службамі, участковым інспектарам і іншымі зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі.

 Вядзецца і пастаянна абнаўляецца банк даных асацыяльнай катэгорыі грамадзян, у тым ліку тых, хто злоўжывае спіртнымі напіткамі, сямейных скандалістаў, асоб, якія ўчынілі злачынствы і правапарушэнні, раней судзімых, сем’яў у сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама абавязаных асоб.

За 2020 год агляднай камісіяй абследаваны на пажарную бяспеку 835 домаўладанняў (93,5% ад агульнай колькасці), у першую чаргу шматдзетных сем’яў, адзінокіх грамадзян і асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі.

 Для павышэння якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва старшынёй сельвыканкама кожную сераду месяца праводзіцца асабісты прыём грамадзян, арганізуюцца “прамыя тэлефонныя лініі”, выязныя прыёмы.

ААТ “Агра-Дубінское” прызнана лепшым сельгаспрадпрыемствам Валожыншчыны. І гэта ні ў каго не выклікае здзіўлення. Дружны, высокапрафесійны калектыў у складзе 257 работнікаў пад кіраўніцтвам Генадзія Вацлававіча Каспяровіча здолеў наладзіць работу па ўсіх кірунках так, што вынік радуе і іх саміх, і кожнага, хто хоць колькі-небудзь разбіраецца ў сельгасвытворчасці.

Вось што пра дасягненні дубінскіх працаўнікоў гавораць лічбы.

У мінулым годзе выручка ад рэалізаванай прадукцыі склала 13757 тыс. рублёў (116,4% да ўзроўню 2019 года), прыбытак ад рэалізацыі – 3288 тыс. рублёў (369% да ўзроўню 2019 года). Рэнтабельнасць ад усёй дзейнасці – 15,9% (+8,6 да 2019 г.). Сярэднямесячная зарплата работнікаў – 943,1 руб. (119,5%).

Зерневых і зернебабовых культур намалочана 10663 тоны (+2,3% да 2019 г.), рапсу – 780 тон, убрана цукровых буракоў  27610 тон. Нарыхтавана кармоў: сенажу – 20120 тон (180% да 2019 г.), сіласу – 12711 тон (94% да 2019 г.), сена – 570 тон (163% да 2019 г.), што склала 41,7 цэнтнера кармавых адзінак.

На васьмі жывёлагадоўчых аб’ектах утрымліваюцца 4058 галоў буйной рагатай жывёлы (102,2% да ўзроўню 2019 года). Валавы надой склаў 9585 тон (119%),  удой на адну карову – 6652 кг (111,1%). Таварнасць малака –  91,2% (+5% да 2019 года). Гатунак малака – экстра 97%.

 Як сцвярджае кіраўнік Генадзь Вацлававіч Каспяровіч, сакрэт поспеху калектыву, які ўзначальвае амаль тры дзясяткі гадоў, у бязмежнай працавітасці і здаровай амбіцыйнасці. Ну не могуць дубінцы “плесціся ў хвасце”. Кожны паасобку і ўсе разам яны могуць і ўмеюць паказваць толькі выдатны вынік. Большасць спецыялістаў, жывёлаводаў, паляводаў, механізатараў і вадзіцеляў па шмат гадоў жыцця аддалі развіццю аграпрамысловага комплексу Валожыншчыны і сваёй гаспадаркі. Разам з вопытнымі калегамі шчыруюць і тыя, хто толькі пачаў уносіць уклад у агульную справу. Што тычыцца стаўлення кіраўніцтва гаспадаркі да сваіх супрацоўнікаў, тут арыенцір на вельмі просты прынцып: клопат пра людзей, стварэнне для іх адмысловых умоў працы, пастаянны кантакт, уменне слухаць і чуць кожнага.

Пераможцам сярод устаноў адукацыі прызнаны Пяршайскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа, які ўзначальвае Святлана Леанідаўна ЛАМАКА.

Як адзначыла дырэктар, для калектыву – гэта вялікі поспех. У 2015 годзе яны ўжо былі лепшымі, і вось праз пяць гадоў ізноў такая высокая адзнака працы. Да поспеху ішлі ўсе разам – стараліся, працавалі. Асаблівыя дасягненні мінулага года: выпускнікі, 50 працэнтаў з якіх паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы; цяперашні студэнт Белдзяржуніверсітэта Мікалай Калясінскі – упершыню ў гісторыі школы на рэспубліцы атрымаў дыплом 3-й ступені па беларускай мове і літаратуры.

Ёсць вынікі і ў творчасці, і ў спорце. У прыватнасці, у абласным этапе акцыі “Я гэты край Радзімаю заву” ў конкурсе “Нататкі вандроўніка” атрымалі дыплом 3-й ступені, такі ж вынік ад удзелу ў конкурсе-выставе “Юнат-2020”. У штогадовай спартакіядзе сярод каманд устаноў адукацыі ў групе “В” летась Пяршайская школа з трэцяга месца ўзнялася на другое.

У 2020-2021 навучальным годзе школу наведваюць 87 хлопчыкаў і дзяўчынак і 34 выхаванцы дзіцячага сада. Колькасць вучняў, на жаль, зменшылася, але надзею надае пачатковая школа, дзе вучыцца новая змена, ды і нараджальнасць па сельсавеце трымаецца на ўзроўні. Таму педагогі спадзяюцца, што ім будзе з кім працаваць, бо падрастаючае пакаленне – самая галоўная каштоўнасць.

Выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. п. Івянец Марына Іванаўна КАРАЧУН – педагог з высокім творчым патэнцыялам. Летась яна стала фіналістам абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года Мінскай вобласці-2020” у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Вопыт яе педагагічнай дзейнасці на тэму “Гуляем, маем зносіны, вучымся, жывём” надрукаваны ў часопісе “Адукацыя Міншчыны”. У паўсядзённай дзейнасці выкарыстоўвае новыя сучасныя падыходы: трэці год з’яўляецца членам абласной творчай групы выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы метадычных матэрыялаў.  

Сёлетнія выхаванцы Марыны Іванаўны ўвосень пойдуць у школу – сваю змену ў дзіцячы садок прыводзяць бацькі яе першага выпуску. Цяперашнім маленькім івянчанам вельмі пашчасціла апошні год краіны дзяцінства правесці насамрэч у казачных умовах. Як трапна адзначыла М. І. Карачун: “Аб гэтым можна толькі марыць!”

Па словах вопытнага педагога, чым больш сучасныя дзеці, тым больш складана з імі працаваць. Самым асноўным у рабоце яна лічыць любоў да дзяцей, цярпенне, узаемаразуменне з бацькамі. Калі дзіця ўпершыню пераступае парог дашкольнай установы, з ім трэба так наладзіць адносіны, каб яно магло табе давяраць. А пасля ўсё ператвараецца ў гульню – менавіта падчас забаўных заняткаў, працоўнай і індывідуальнай дзейнасці паступова адбываецца развіццё асобы.

Прызнанне лепшым работнікам адукацыі раёна надало ёй больш упэўненасці ва ўласных сілах. Назапашаным вопытам майстар педагагічнай справы шчодра дзеліцца з маладымі калегамі: “Я не навучаю і не ўказваю, а проста кажу, што зрабіла бы так і так”, – дзеліцца Марына Іванаўна. Размова на роўных дае магчымасць пабудаваць мосцік паміж навыкамі і ведамі, прафесіяналізмам і азамі прафесіі.

Сёлета споўніцца дваццаць пяць гадоў, як старшы вадзіцель групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Валожына РАНС Аляксандр Уладзіміравіч ШАКУН прыйшоў сюды на службу. Дагэтуль ён працаваў інкасатарам у Беларусбанку, а калі пасаду скарацілі, дапамог сусед-пажарны, які параіў звярнуцца ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. 

Успамінаючы свой першы выезд на пажар, адзначае: “Безумоўна ж, было страшна. Гарэла сенасховішча ў Пяршаях. На дварэ – мінус 18, а тушыць давялося цэлую ноч…” Колькі было выклікаў за ўвесь час работы – зараз не падлічыш, але кожнае вогненнае здарэнне, як заўважае прафесіянал, успрымаецца па-свойму: “Не бывае аднолькавых сітуацый. Тым не менш, чалавек прывыкае да ўсяго: пачуцці прытупляюцца, а ты ведаеш – трэба ўступіць у барацьбу са стыхіяй і перамагчы яе”. Летась пры ўдзеле старшага прапаршчыка ўнутранай службы былі ліквідаваны 9 пажараў, прадухілены ад знішчэння агнём 7 будынкаў, матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 50 тысяч рублёў.

 У калектыве адзначылі, што А. У. Шакун адказна адносіцца да замацаванай за ім тэхнікі, своечасова і якасна праводзіць работы па тэхнічным абслугоўванні, дапамагае ў рамонце асабліва высокай ступені складанасці. Упэўнена кіруе аўтатранспартам у розных дарожных і пагодных умовах. Пастаянна працуе над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню: мае кваліфікацыі “Выратавальнік” і “Вадзіцель 1-га класа”. Узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік” і медалём “За бездакорную службу” 3-й ступені.

 Улічваючы, чаго дасягнуў за гады службы, яго па праве можна назваць героем нашага часу. Тым не менш, па характары Аляксандр Уладзіміравіч вельмі сціплы чалавек і кажа: “Я заўсёды верны дадзенай клятве і стараюся высока несці гонар і годнасць работніка МНС”.

Людміла Раманаўна ПРЫВАЛ працуе ў гімназіі № 1 г. Валожына. З 1992 па 2010 год з’яўлялася намеснікам дырэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, а з 2010-га па сённяшні дзень выконвае абавязкі лабаранта.

У гэтай жанчыне гарманічна спалучаюцца строгасць і дабрыня, цвёрдасць характару і душэўная цеплыня, патрабавальнасць і справядлівасць. Яна заўсёды стараецца дапамагчы маладым педагогам адаптавацца ў новым працоўным асяроддзі, вучыць іх верыць у сябе, не баяцца цяжкасцей. За гады працы неаднойчы была ўзнагароджана граматамі і падзякамі аддзела адукацыі, райвыканкама, упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Людміла Раманаўна вядзе вялікую грамадскую работу. З першых дзён заснавання Валожынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” (2008 год) з’яўляецца актыўным яе членам. Дзякуючы намаганням жанчыны, раённая арганізацыя лічыцца адной з лепшых у вобласці. За ініцыятыўнасць, высокую грамадзянскую пазіцыю Людміле Раманаўне Прывал аб’яўлены Падзяка Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, Падзячны ліст Мінскай абласной арганізацыі, Падзячны ліст Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Вадзімавіч ЛУШЧЫЦКІ распачаў сваю дзейнасць у медыцыне ў 1986 годзе, калі ўладкаваўся ў бальніцу санітарам. Гэты вымушаны вопыт (з першага разу не паступіў у ВНУ) аказаўся карысным і толькі пацвердзіў жаданне юнака стаць урачом. Дарэчы, ён нават не разглядаў такія факультэты, як стаматалагічны ці, напрыклад, санітарна-гігіенічны. Заўсёды ведаў: будзе лячэбнікам.

Інтэрнатуру малады тэрапеўт праходзіў у Маладзечне, а ў Валожынскую ЦРБ прыбыў па размеркаванні. З той пары тэрапеўтычнае аддзяленне стала для яго другім домам. У 2013 годзе атрымаў назначэнне на пасаду загадчыка. Восьмы год нясе адказнасць не толькі за сваю работу, але і за намаганні трох урачоў, дзесяці медыцынскіх сясцёр і пятнаццаці прадстаўнікоў малодшага медперсаналу. За бягучы год урач-тэрапеўт Лушчыцкі набыў унікальны вопыт у лячэнні хворых з каранавіруснай інфекцыяй разам з іншымі членамі дружнай каманды інфекцыйнага шпіталя, які ўжо двойчы часова функцыянаваў на базе гінекалагічнага корпуса.

Маёр міліцыі Аляксандр Ігнацьевіч СТАСЯЛОВІЧ у органах унутраных спраў служыць з 1995 года, а ў 2010-м быў прызначаны начальнікам ізалятара часовага ўтрымання.

За час службы мужчына зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку: працавіты, выканаўчы, адказны за даручаную справу супрацоўнік і кіраўнік, які валодае неабходнымі арганізатарскімі здольнасцямі, валявымі якасцямі і дастатковым узроўнем прафесійнай падрыхтоўкі.

Аляксандр Ігнацьевіч добра ведае аператыўную абстаноўку ў раёне, праяўляе неабходную настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты, патрабавальны да сябе і падначаленых, пастаянна працуе над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню. Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод супрацоўнікаў аддзела і насельніцтва раёна.

Вадзіцель КСУП “Валожынскае” Аляксей Аляксандравіч ВАНСЛАЎ – чалавек нешматслоўны: да маўклівай размовы з самім сабой яго прывучыла дарога. Любіць ён сваю справу і ціхую язду, адзначаецца выключна высокай працаздольнасцю. У калектыве добра ведаюць: што яму не даручы – усё будзе выканана, галоўнае, каб тэхніка не падвяла. А за яе станам ён сочыць дэталёва.

Работы ў вопытнага шафёра заўсёды хапае: нарыхтоўка кармоў, уборка ўраджаю, зараз возіць брагу (адходы ад ачысткі зерня) з Хотаўскага спіртзавода: яна выкарыстоўваецца на корм жывёле. Летась падчас жніва вопытны і старанны вадзіцель перавёз больш за ўсіх па раёне зерня – на яго рахунку 1902 тоны.

 Аляксей Аляксандравіч – дбайны сем’янін і талковы гаспадар, бацька траіх дзяцей.

Ала Віктараўна РУСІНОВІЧ – адна з самых вопытных сацыяльных работнікаў раёна. Амаль 20 гадоў яна прысвяціла працы ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. За выдатныя паказчыкі, мноства станоўчых водгукаў адданы прафесіянал два гады таму адзначана Ганаровай граматай Мінаблвыканкама.

Звычайна людзі ў гадах любяць пагаварыць, а Ала Віктараўна гатова ўдзяліць увагу кожнаму з падапечных. Зразумела, што ўтульна ўладкавацца на канапе і за чаем бавіць час яна не можа. Гутарка – толькі за працай. Адзінокія бабулі і дзядулі рады любой увазе з яе боку, хаця кожны з іх хацеў бы затрымаць прыемную субяседніцу на працяглы час. Ды нельга: у жанчыны вялікая нагрузка – 13 пажылых людзей з Цімкавічаў, Нарэйшаў, Гардынава і Валожына з нецярпеннем чакаюць прыходу сваёй Алы.

Таццяна Іванаўна РУСОВІЧ – адзіная жанчына-дарожны майстар сістэмы КУП “Мінскаблдарбуд”.

Яе працоўны шлях пачаўся ў 1987 годзе. Граматны, кваліфікаваны работнік вызначаецца высокай патрабавальнасцю да сябе і тых, хто шчыруе на дарозе поруч з ёй. Калегі лічаць, што адданасць справе і энергічнасць гэтага прафесіянала з вялікай літары зашкальваюць. Сама ж яна сціпла называе сябе звычайным членам дружнага калектыву ДРП г. п. Івянец. Каманда тут сапраўды выдатная. Большасць работнікаў на сваіх месцах не менш чым па 20 гадоў. Што тычыцца Таццяны Іванаўны – у яе працоўнай кніжцы толькі адзін запіс.

Вадзіцель ДЭУ № 61 РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр” Віктар Вікенцьевіч КЛІМОВІЧ цэлымі днямі за рулём аўтамабіля МАЗ. Любімая справа ніколькі не напружвае працавітага чалавека.

Прынцыповае стаўленне да абавязкаў ён выхаваў у сабе яшчэ ў гады, калі шчыраваў у калгасе “Запаветы Ільіча”. З той пары прайшло шмат гадоў. Да работы ў дарожнай арганізацыі давялося прызвычайвацца. Як вядома, яна ніколі не заканчваецца. У летні перыяд работнікі ДЭУ займаюцца рамонтам. Таму вадзіцель Клімовіч абавязаны своечасова дастаўляць на ўчасткі, дзе кіпіць работа, неабходныя матэрыялы. Зімой яго галоўны клопат – дапамагаць вадзіцелям аўто спраўляцца з прыроднымі ўмовамі, рабіць дарогі як мага больш бяспечнымі. Жыве Віктар Вікенцьевіч у Манькаўшчыне, разам з жонкай трымаюць гаспадарку. Няўрымслівы характар чалавека-селяніна нават у кароткія часы адпачынку ад прафесійнай дзейнасці не дазваляе сядзець без справы.

Нядаўна споўнілася ўсяго чатыры гады, як аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы “Капусціна” СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” Ірына Эдуардаўна УЛАНЧЫК пачала тут даіць кароў. Але ўжо паспела зарэкамендаваць сябе як адказны і акуратны работнік. Старанне прынесла плён – яна названа лепшай у сваёй прафесіі. Надой на адну карову па ферме склаў 7550 кілаграмаў – на 50 кілаграмаў больш, чым летась. Гатунковасць – 99 працэнтаў “экстра”.

У сваёй групе ад 60 рагуль І. Э. Уланчык у мінулым годзе атрымала 302,9 тоны малака – плюс 10,5 тоны да 2019 года. Спрадвечную сялянскую ісціну: “У каровы малако на языку” яна ведае не на словах, як і тое, што падысці да жывёлы трэба з ласкай і з добрым словам. Ад гэтага напрамую залежаць надоі.

Таленавіты і творчы чалавек, выдатны музыкант і педагог Уладзімір Мікалаевіч ГРУК больш за 52 гады выкладае ў Валожынскай дзіцячай школе мастацтваў. Карыстаецца заслужанай павагай сярод работнікаў культуры, бацькоў і вучняў.

Уладзімір Мікалаевіч валодае многімі музычнымі інструментамі. Яго выхаванцы, якіх ён вучыць ігры на трубе, не аднойчы станавіліся ўладальнікамі вышэйшых узнагарод у шматлікіх рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх конкурсах інструментальнага выканальніцкага майстэрства. Многія з іх звязалі сваё жыццё з музыкай.

Вялікае дасягненне педагога – стварэнне духавога аркестра Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, якім нязменна кіруе ўжо на працягу 29 гадоў. У 2000 годзе калектыву было прысвоена званне “ўзорны”. Ён удзельнік многіх абласных і рэгіянальных мерапрыемстваў, неаднаразовы пераможца абласнога фестывалю духавой музыкі “Майскі вальс”. Аркестр вядзе работу па прапагандзе духавой музыкі, прымае актыўны ўдзел у культурным жыцці горада і раёна. Некаторыя з яго былых удзельнікаў цяпер працуюць у прэстыжных аркестрах і ансамблях.

Уладзімір Мікалаевіч у розныя гады сваёй працоўнай дзейнасці кіраваў таксама творчымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна. Яму неаднаразова прысвойвалася званне “Лепшы работнік культуры”. У 2005 годзе атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, мае шмат узнагарод абласнога ўпраўлення культуры, райвыканкама і аддзела культуры.

Віктар Станіслававіч ДАВАЛЬ працуе вадзіцелем аўтамабіля пятага разраду лінейнай дарожнай дыстанцыі 612 філіяла “ДЭУ № 61” РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр” больш за дваццаць гадоў.

Калісьці юны жыхар вёскі Запур’е атрымаў накіраванне ад райваенкамата на курсы ў Маладзечанскае аддзяленне ДТСААФ. З той пары вадзіцельская праца стала справай яго жыцця. Нават падчас тэрміновай воінскай службы, якую праходзіў у ГДР, працягваў удасканальваць свой прафесійны вопыт. Адказны работнік гатовы ў любую пару года, незалежна ад таго, якія лічбы паказвае цыферблат гадзінніка, годна выконваць службовыя абавязкі. Летам часцей за ўсё на “вадавозцы” мые дарогі, зімой, наадварот, пасыпае іх пяском. Даводзіцца і ў якасці рабочага разам з іншымі дарожнікамі праводзіць ямачны рамонт дарог ці абкошванне прыдарожных палос. За шматгадовую якасную працу ў дарожнай арганізацыі Віктар Станіслававіч узнагароджаны нагрудным знакам “Ганаровы дарожнік Беларусі” ІІ ступені.

За больш чым два дзесяцігоддзі плённай работы ў яго асабістым архіве сабралася мноства грамат і падзяк. У асабістым жыцці Віктар Станіслававіч таксама выдатнік. Разам з жонкай Святланай Мікалаеўнай выгадаваў дзвюх дачок, а апошнім часам кожную вольную хвіліну прысвячае ўнукам.

Аператара па штучным асемяненні жывёлы ААТ “Агра-Дубінское” Франца Эдвардавіча БІТАЛЯ па праве можна назваць аксакалам у гэтай прафесіі: амаль тры дзясяткі гадоў на адным месцы. На абслугоўванні – да тысячы галоў дойнага статка. Як спецыяліст “старой загартоўкі” ён вельмі працавіты, настойлівы, патрабавальны да сябе, адказны за вынікі сваёй работы. А яны сведчаць: выхад цялят на 100 кароў складае 100 працэнтаў.

“Самі разумееце, прафесія гэта тонкая і далікатная, – тлумачыць ён. – Рабіць усё трэба вельмі акуратна, нават правесці своеасаблівыя матэматычныя разлікі, інакш будуць страты. У мяне на комплексе ёсць памочніца, бо аднаму справіцца з такім аб’ёмам складана. Стараемся – вось і вынік добры маем. Дапамагаюць у справе і даяркі, і даглядчыкі: яны таксама зацікаўлены, каб кароўка своечасова асемянілася, бо тады будуць і надоі. Мы ўсе ў адным ланцужку. Важным складальнікам поспеху лічу: каб да справы, якой займаешся, ляжала душа – тады будуць і настрой, і жаданне”.

Адна з лепшых работніц ААТ “Валожынскі льнокамбінат” Галіна Чаславаўна СІЗОВА за многія гады на прадпрыемстве засвоіла навыкі, што патрабуюцца на кожным з этапаў працэсу апрацоўкі льну.

Сёння майстар нясе адказнасць за ўсю брыгаду, што шчыруе ў цэху асноўнай вытворчасці. Яна можа падрабязна растлумачыць і наглядна паказаць сутнасць работы аператараў сушыльнага абсталявання, закладчыкаў і раскладчыкаў сыравіны, аператара кудзельна-падрыхтоўчага агрэгата і г. д. Ад прафесіяналізму Галіны Чаславаўны залежыць, як спрацуюць падначаленыя, якім будзе вынік каманднай работы, і ці парадуе зарплата кожнага з працаўнікоў.

Кіраўнік аперацыйнай службы ЦБП № 605 ААТ “АБ Беларусбанк” Антаніна Іванаўна СУБАЧ аддала банкаўскай справе 37 гадоў жыцця.   

Пасля фінансава-эканамічнага тэхнікума маладога спецыяліста накіравалі ў Валожынскую ашчадную касу. Пачынала старшым кантралёрам, працавала рэвізорам. У 1988 годзе, калі быў уведзены ў эксплуатацыю новы будынак фінансавай установы (будучае аддзяленне Беларусбанка), Антаніна Іванаўна прыйшла ў яго намеснікам галоўнага бухгалтара. Сёння ж адказвае за работу 12 падначаленых – спецыялістаў, што непасрэдна аказваюць кліентам рознічныя банкаўскія паслугі. Зараз, каб працаваць на такой пасадзе, неабходна пастаянна расці прафесійна. Праграмы, што забяспечваюць работу службы, перыядычна ўдасканальваюцца. Дарэчы, Антаніна Іванаўна пачынала сваю дзейнасць, калі ў руках фінансавых работнікаў былі толькі звычайныя лічыльнікі, якіх замянілі на электронныя, а яшчэ праз нейкі час – калькулятары. Зараз жа галоўны інструмент супрацоўнікаў аперацыйнай службы – камп’ютар.

Спецыяліст з вялікім стажам сцвярджае, што ўся яе каманда –  высокапрафесійныя знаўцы сваёй справы. У аддзяленні, якое перыядычна па розных справах наведвае літаральна кожны жыхар нашага горада, толькі такія работнікі, якія могуць не проста абслугоўваць наведвальнікаў, але і тэсціраваць новыя банкаўскія прадукты, аналізаваць іх якасць і ўносіць прапановы па іх удасканаленні.

Дзесяць гадоў таму Ганна Уладзіміраўна АЗАРЭВІЧ пакінула кватэру ў Мінску і пераехала жыць на вёску. Уладкавалася працаваць даяркай на ферму “Леснікі” колішняга сельгаспрадпрыемства “Сугвазды-агра”. Пачынала, як сама заўважае, з нуля.

Навука, як кажуць, не прайшла дарэмна, і за пяць гадоў ад радавога работніка яна вырасла да брыгадзіра вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі ўсё той жа фермы. У падпарадкаванні загадчыцы – 15 чалавек, 200 галоў дойнага статка, 71 – маладняку і 87 цялушак на дарошчванні. Надой на адну карову склаў 6146 кілаграмаў (105 працэнтаў), а сярэднясутачны – 16,8 кілаграма (+0,8 кілаграма ў параўнанні з 2019 годам). Пры гэтым амаль усё малако ідзе гатункам “экстра” – таварнасць па ферме 84 працэнты. Захаванасць буйной рагатай жывёлы на ўзроўні 97 працэнтаў, сярэднясутачныя прывагі маладняку – 714 грамаў (109,8 працэнта).

За “плюсамі” ў паказчыках стаіць цяжкая праца, бо памяшканні старыя, каровы тут знаходзяцца на прывязным утрыманні. “Было складана, калі нас далучылі да ААТ “Агра-Дубінское”, – працягвае Ганна Уладзіміраўна. – Але кіраўнік гаспадаркі Генадзь Вацлававіч Каспяровіч адразу абнадзеіў, што ўсё атрымаецца, калі працаваць з душой – інакш у сельскай гаспадарцы дасягнуць вынікаў немагчыма. Вось так і стараемся рабіць”.

Прозвішча маладога трактарыста-машыніста КСУП “Пяршаі-2014” Аляксандра Вікенцьевіча ЛІПЕНЯ на слыху ў сельскагаспадарчай галіне раёна. З самага пачатку работы ў гаспадарцы ён штодзённай працай паказвае прыклад адданасці зямлі-карміцельцы, валожынскаму краю. Тэхніку любіў з дзяцінства: калі па дарозе ехалі трактары, у думках хлапец сядзеў ужо ў кабіне за рулём. Мары сваёй не здрадзіў: падчас работы даводзіцца кіраваць і трактарам, і камбайнам: дарэчы, на жніве – ён заўсёды ў перадавіках не толькі ў сельгаспрадпрыемстве, але і ў раёне.

Ніколі не шукаў лепшага жыцця, а вырашыў, што знайсці сябе і заслужыць павагу можна ў любым калектыве і на любой пасадзе, калі сумленна адносіцца да даручанага ўчастка работы, старацца, працаваць з поўнай аддачай, імкнуцца толькі наперад. І, як кажуць, слава знайшла свайго героя – сёлета А. В. Ліпень прызнаны лепшым трактарыстам-машыністам у раёне. Тым не менш, асаблівым сябе не лічыць, кажа, што пашаны заслугоўваюць многія, хто працуе на вёсцы. Кіраўніцтва цэніць мэтанакіраваныя кадры – маладой сям’і выдаткавалі добраўпарадкаваны дом, і яна ўпэўнена і трывала пускае карані на пяршайскай зямлі.

У Валожынскі лясгас Ігар Аляксандравіч ІОДА ўладкаваўся ў ліпені 2003 года. Спачатку працаваў вадзіцелем аўтамабіля па вывазцы лесу, а ў кастрычніку 2012 года кіраўніцтва прапанавала адказнаму работніку перасесці на тралёвачную (лесанарыхтоўчую) машыну “Харвестар”.

На такой магутнай і сучаснай тэхніцы прыемна працаваць, але складаная шматаперацыйная машына патрабуе адказнага стаўлення з боку машыніста. Ігар Аляксандравіч не дапускае збояў і прастою, парушэнняў тэхнікі бяспекі. За час працы мужчына праявіў сябе як старанны і добрасумленны работнік. Вопыт і прафесіяналізм дапамагаюць яму дасягаць выдатных вынікаў. Рабіць усё на сумленне – галоўны прынцып нашага героя. Любоў да працы і высокая ступень адказнасці з’яўляюцца яго адметнымі рысамі. Ветлівы і тактоўны чалавек карыстаецца заслужанай павагай у калег і кіраўніцтва.

Для настаўніка працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 г. Валожына Іны Леанідаўны КЕРБЕДЗЬ прафесія педагога стала прызваннем, сэнсам жыцця і работы. Для яе характэрны такія рысы, як дзелавітасць, эрудзіраванасць. Яна з ініцыятывай і творчасцю падыходзіць да справы, умела выяўляе і развівае здольнасці дзяцей.

Штогод вучні Іны Леанідаўны прымаюць удзел у прадметных алімпіядах рознага ўзроўню і становяцца пераможцамі. Сёлетні год не стаў выключэннем: на абласным этапе адзінаццацікласніца Ганна Радзівілка прылічыла ў скарбонку ўласных дасягненняў яшчэ адзін дыплом 1-й ступені, а вучаніца 8 класа Алена Рубан атрымала дыплом 3-й ступені.

Заняткі ў школе, зносіны з вучнямі даюць магчымасць пастаянна развівацца, знаходзіцца ў творчым пошуку новых метадаў і сродкаў навучання. На ўроках яна выкарыстоўвае сучасныя педагагічныя тэхналогіі, далучае дзяўчынак да актыўнага вучэбна-пазнавальнага працэсу, дае магчымасць праявіць сябе, фарміруе ўстойлівы інтарэс да прадмета. Асаблівую ўвагу надае развіццю ўнутранай матывацыі, імкненню да самастойнага планавання і рэалізацыі пастаўленай мэты. У аснове ўзаемадзеяння з класам ляжыць супрацоўніцтва – дыялог педагога і вучня, накіраваны на сумесную дзейнасць, якая прыносіць і плён, і карысць.

У Ракаве ўрача-педыятра (загадчыка) Ракаўскай участковай бальніцы Святлану Леанідаўну ГАРДЗЕЙ добра ведаюць усе і з цеплынёй і павагай называюць: “Наш любімы доктар”. Нягледзячы на тое, што па родзе дзейнасці ёй у большай ступені даводзіцца выконваць абавязкі кіраўніка медыцынскай установы, па прафесіі і прызванні яна – дзіцячы ўрач і вельмі любіць сваіх маленькіх пацыентаў: па першым клічу заўсёды спяшаецца на дапамогу хворым дзецям.

 Прымае актыўны ўдзел у эстэтычным афармленні дзіцячай кансультацыі, праводзіць вялікую санітарна-асветніцкую работу з насельніцтвам. Дзякуючы гэтаму, на ўчастку не зарэгістравана мацярынскай смяротнасці, знізіўся першасны выхад на інваліднасць дзяцей, няма выпадкаў захворвання маладога пакалення на туберкулёз.

У калектыве добра ведаюць, што пачатыя справы Святлана Леанідаўна даводзіць да канца, умее адстаяць свой пункт гледжання і ўзяць на сябе адказнасць. Ветлівая, тактоўная ў адносінах з пацыентамі і калегамі. У штодзённай рабоце выкарыстоўвае вопыт лепшых лячэбных устаноў, мае высокі ўзровень прафесіяналізму. Здольная ў кароткія тэрміны ўкараніць у работу новае і перадавое, аналізаваць сітуацыю, што стварылася, і аператыўна прымаць рашэнне. Адносінамі да справы яна заваявала заслужаны аўтарытэт медыцынскіх работнікаў і ўсіх, хто звяртаецца да яе за дапамогай.

У Валожынскі лясгас Ігар Аляксандравіч ІОДА ўладкаваўся ў ліпені 2003 года. Спачатку працаваў вадзіцелем аўтамабіля па вывазцы лесу, а ў кастрычніку 2012 года кіраўніцтва прапанавала адказнаму работніку перасесці на тралёвачную (лесанарыхтоўчую) машыну “Харвестар”.

На такой магутнай і сучаснай тэхніцы прыемна працаваць, але складаная шматаперацыйная машына патрабуе адказнага стаўлення з боку машыніста. Ігар Аляксандравіч не дапускае збояў і прастою, парушэнняў тэхнікі бяспекі. За час працы мужчына праявіў сябе як старанны і добрасумленны работнік. Вопыт і прафесіяналізм дапамагаюць яму дасягаць выдатных вынікаў. Рабіць усё на сумленне – галоўны прынцып нашага героя. Любоў да працы і высокая ступень адказнасці з’яўляюцца яго адметнымі рысамі. Ветлівы і тактоўны чалавек карыстаецца заслужанай павагай у калег і кіраўніцтва.

Усё працоўнае жыццё Сяргея Міхайлавіча ШАЎЛЮКА звязана з сярэдняй школай № 2 г. Валожына.

25 гадоў таму ён прыйшоў у гэту ўстанову адукацыі пасля заканчэння Акадэміі фізічнага выхавання і спорту. Паступова тэарэтычна адукаваны, метадычна падрыхтаваны, творчы і ініцыятыўны педагог стаў сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. Настаўнік граматна падыходзіць да вырашэння задачы па павышэнні спартыўнага майстэрства і агульнага аздараўлення школьнікаў, умела спалучае ўрочную і пазакласную формы навучання. Вынікам працы становяцца поспехі выхаванцаў, многія з якіх з’яўляюцца пераможцамі раённых і пастаяннымі ўдзельнікамі абласных спаборніцтваў па тэнісе, лыжных гонках, валейболе, мнагабор’і “Здароўе”. Асабістым прыкладам ён стымулюе ў школьнікаў жаданне займацца фізічнай культурай, удасканальваць цела, быць здаровым. Сам педагог не аднойчы быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, а ў 2020 годзе – Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Нельга не адзначыць, што кожнае лета на працягу многіх гадоў Сяргей Міхайлавіч дапамагае ААТ “Лоск” ва ўборцы збожжа – працуе камбайнерам і паказвае выдатныя вынікі.

Над матэрыяламі працавалі Алена ЗАЛЕСКАЯ, Валянціна КРАЎНЕВІЧ, Анжэла РАДЫНА, Сяргей БОБРЫК