ЖОРСТКАЕ ПАКАРАННЕ ПАЛОХАЕ НЕ ЎСІХ

Закон и порядок

Калі б людзі не злоўжывалі гарэлкай, то колькасць грамадзянскіх і крымінальных спраў, якія разглядаюцца ў судзе, была б у разы меншай. Скасаванне шлюбу, пазбаўленне бацькоўскіх правоў, крадзяжы, бойкі, сямейныя скандалы – першапрычынай усіх гэтых бед, як правіла, з’яўляецца алкаголь. Але ёсць катэгорыя правапарушэнняў, якая прадугледжвае пакаранне непасрэдна за ўжыванне спіртнога – знаходжанне вадзіцеля за рулём у стане алкагольнага ап’янення.

Аб тым, што п’яны вадзіцель – гэта патэнцыяльны забойца, сёння ніхто аспрэчваць не будзе. І тым не менш колькасць людзей, якія сядаюць за руль “падшафэ”, па-ранейшаму застаецца вялікай. Заканадаўствам прадугледжана даволі жорсткае пакаранне за падобныя ўчынкі. Першы раз, калі чалавек трапляе ў поле зроку праваахоўнікаў, яму пагражае штраф ад 15 да 45 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тэрмін ад года да трох. З мінулага года такія адміністрацыйныя справы перададзены для разгляду супрацоўнікам міліцыі.

Але некаторых, відаць, нават паўторная адказнасць не палохае. І ў гэтым выпадку наступае крымінальная адказнасць і справа разглядаецца судом. Пятнаццаць асоб з ліку тых, хто быў пакараны за знаходжанне за рулём у стане алкагольнага ап’янення, на працягу года зноў учынілі падобныя дзеянні. Сярод іх ёсць нават адна жанчына, а гэта ўжо прычына для асаблівага хвалявання. Доўгі час лічылася, што жанчына за рулём паводзіць сябе куды больш разумна і асцярожна, чым прадстаўнікі “моцнай” паловы чалавецтва. Але, як кажуць, усё ідзе, усё мяняецца. Дарэчы, грамадзянка, якая двойчы за год пазбаўлялася правоў і каралася штрафам у памеры 200 базавых велічынь, зараз ужо і аўтамабіля не мае – яго канфіскавалі па рашэнню суда. Каб разлічыцца са штрафам у памеры 250 базавых велічынь, давялося прадаць аўтамабіль і жыхару Валожына.

Акрамя матэрыяльных спагнанняў, судом прымяняліся і больш жорсткія меры. У верасні жыхар райцэнтра па прыгавору суда быў асуджаны да арышту, а нявыплачаны штраф, амаль чатыры мільёны рублёў, таксама застаецца за ім. Дарэчы, калі высвятляецца, што асуджаны ўхіляецца ад выплаты штрафу, то да яго могуць быць прыменены і іншыя, больш жорсткія меры, напрыклад, абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Сёлета адзін такі выпадак ужо адбыўся.

Ірына ЯКУТОВІЧ,

кансультант суда Валожынскага раёна.

 



Добавить комментарий