На варце законнасці

Закон и порядок Общество Ступені поспеху

Участковы інспектар, капітан міліцыі Дзяніс ЗУБКОЎСКІ, нягледзячы на малады ўзрост і невялікі стаж работы, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод жыхароў Ракаўскага сельсавета.

Напэўна так сталася таму, што будучую прафесію малады чалавек выбіраў свядома: хацелася дапамагаць людзям, абараняць іх ад несправядлівасці. І, наогул, праца ў сілавых структурах – справа дастойная мужчыны.

Пасля заканчэння Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Дзяніс Сяргеевіч быў накіраваны на службу ў Савецкі РАУС горада Мінска. Калі паступіла прапанова аб пераводзе ў Валожынскі РАУС участковым інспектарам на Ракаўскі адміністрацыйны ўчастак, з задавальненнем згадзіўся, бо жыве з сям’ёй у Аксакаўшчыне.

Ракаўскі сельсавет, дзе на плошчы 200 квадратных кіламетраў размясціліся 64 населеныя пункты і пражываюць каля пяці з паловай тысяч чалавек, падзелены на два адміністрацыйныя ўчасткі. Апорны пункт размяшчаецца ў Ракаўскім сельвыканкаме. Поруч з маладым участковым працуе яго вопытны калега Аляксандр Іванавіч Кажэка, які па-бацькоўску аднёсся да новага саслужыўца, падтрымліваў яго і пры неабходнасці дапамагаў слушнымі парадамі.

Ракаўская адміністрацыйная акруга даволі складаная ў крымінальных адносінах, на што ўплывае блізкасць сталіцы, межаў Мінскага, Маладзечанскага і Дзяржынскага раёнаў, трас рэспубліканскага значэння, а таксама вялікая колькасць дачных кааператываў. Толькі на ўчастку Дзяніса Зубкоўскага налічваецца 76 дачных таварыстваў. Калі вясной людзі пачынаюць ехаць на дачы, выяўляецца, што за зіму іх абакралі. Тады паступае шмат заяў. У гэтым адметная спецыфіка ўчастка. Летам жа, калі мінімум 10 тысяч чалавек прыязджаюць жыць на дачы, пачынаюцца канфлікты з-за межаў участкаў і іншага кшталту.

За гады працы было шмат чаго сумнага, нават страшнага, здараліся кур’ёзныя выпадкі, некаторыя ж сталі асабліва запамінальнымі. У свой час на ўсю рэспубліку гучала справа аб затрыманні ў Ракаве чалавека з банды Марозава, які быў неаднаразова судзімы і знаходзіўся ў вышуку ў Мінску. Здарэнне адбылося на першым годзе службы маладога ўчастковага інспектара. Менавіта ён разам з аператыўнікамі крымінальнага вышуку здолелі высачыць і схапіць злачынца-рэцыдывіста.

За час службы мужчына стаў сваім для вяскоўцаў. Наогул, у сельскай мясцовасці кожны чалавек навідавоку, а тым больш, у пагонах, што застаўляе быць асабліва патрабавальным да сябе. Дзянісу Сяргеевічу падабаецца мець пастаянныя зносіны з людзьмі, дапамагаць ім. Менавіта ў Ракаве мужчына зразумеў: ён не памыліўся ў выбары прафесіі, праца ўчастковым – сапраўды яго прызванне. Інспектар хутка разрульвае самыя складаныя жыццёвыя сітуацыі, пры гэтым заўсёды стараецца быць прынцыпіяльным і аб’ектыўным, праяўляе цярпенне і вытрымку, дзейнічае настойліва, пераканаўча, гутарку вядзе ветліва і аргументавана.

Кіраўніцтва высока цэніць адказнага работніка. Падчас службы ў Валожынскім РАУС Дзяніс Сяргеевіч за паспяховае выкананне пастаўленых задач атрымаў тры медалі: “100 гадоў Узброеным сілам”, “100 гадоў Унутраным войскам”, “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Але наш герой лічыць, што самая галоўная яго ўзнагарода – людская павага.

Зразумела, пры такой загружанасці на рабоце вольнага часу амаль не застаецца. Дзяніс Зубкоўскі стараецца праводзіць яго разам з любімай сям’ёй. Жонка Ганна, педагог-дэфектолаг адной з Мінскіх школ, з’яўляецца яго надзейным тылам. Вялікую радасць прыносяць дзве дачушкі: чатырохгадовая Аліса і гадавалая Ксенія. Яны заўсёды з нецярпеннем чакаюць бацьку з працы. Старэйшая добра ведае, як весела з ім можна правесці час, напрыклад, з’ездзіць у Валожын у басейн.

Вось такі ён наш герой – участковы інспектар Дзяніс Сяргеевіч Зубкоўскі, які стаіць на варце законнасці ва ўтульным і ціхім аграгарадку Ракаў.

Анжэла РАДЫНА

Фота Сяргея САДОЎСКАГА