ПЕРШЫ КРОК ЗРОБЛЕНЫ

Закон и порядок

Выпадак, які нядаўна здарыўся ў Лагойску, моцна ўсхваляваў грамадскасць: машына МНС не змагла з-за загружанасці аўтамабілямі пад’ехаць у двор дома, у адной з кватэр якога ўзнік пажар. Страчаны час, несвоечасовае аказанне дапамогі, і ў выніку – максімальна нанесены ўрон грамадзянам.

Двары нашага райцэнтра таксама перапоўнены аўтамабільным транспартам. Гэта перашкаджае рабоце пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Складана пад’ехаць на месца выкліку і карэце “хуткай дапамогі” або газавай службе. Як будзе вырашацца гэта праблема, мы папрасілі расказаць начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. СКАДОРВУ.

– Алег Іванавіч, здавалася б, праблема загружанасці двароў машынамі актуальная толькі для спальных мікрараёнаў сталіцы і буйных гарадоў. Як даўно яна ўзнікла ў нашым райцэнтры?

– Яна актуальная не толькі для Мінска і абласных гарадоў, а і для невялікіх раённых цэнтраў і пасёлкаў гарадскога тыпу. І з кожным годам абвастраецца, а вось вырашаецца, на жаль, вельмі марудна. Колькасць транспартных сродкаў у насельніцтва за апошнія гады ўзрасла ў некалькі разоў, месцы стаянкі ўсіх не ўмяшчаюць. Нават тыя, у каго ёсць прыватныя гаражы, не спяшаюцца ставіць туды машыны, напэўна, каб не губляць раніцай час. У горадзе катастрафічна не хапае платнай аўтастаянкі.

– Якія крокі ўжо зроблены ў дадзеным накірунку?

– На мінулым тыдні сумесна з супрацоўнікамі Валожынскага РАУС правялі рэйд па горадзе і высветлілі, што найбольш загружаныя транспартам двары дамоў у мікрараёне Сельгастэхніка і на вуліцах Міра і Гагарына. Прычым транспарт аўтаўладальнікі паркуюць абы-як. Вось калі б яго эвакуіраваць на платную стаянку і накласці штраф, думаю, сітуацыя змянілася б. Ініцыіравалі ў бліжэйшы час і пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, куды запрасілі зацікаўленыя службы: РАУС, прадстаўнікоў будаўнічай сферы і жылкамунгаса, будзем абмяркоўваць будаўніцтва стаянкі. Запланаваны і паўторныя рэйды з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі з прыцягненнем аўтаўладальнікаў да адміністрацыйнай адказнасці. Падрыхтаваны адпаведныя выступленні ў сродках масавай інфармацыі.

–  Ці праўда, што ў надзвычайнай сітуацыі выратавальнікам дазваляецца перастаўляць машыны, каб даехаць да месца здарэння?

– Так, заканадаўства гэта дазваляе. Каб не траціць дарэмна час на пошукі гаспадара машыны, можам яе перамясціць, і нават не будзе кампенсаваны магчымы нанесены ўрон. Аднак толькі ў выпадках, калі ёсць яўная пагроза жыццю і здароўю чалавека. Потым гэта прыйдзецца даказваць і ў судзе. Таму стараемся рабіць такое як мага радзей.

У Расіі гэта праблема даўно вырашана. Там у Правілы дарожнага руху ўключана спецыяльная разметка, якая забараняе ставіць аўтамабілі ў дварах шматпавярховак.

– Памятаеце выпадкі, калі своечасова не аказалі дапамогу з-за дрэннага даезду?

– У мінулым годзе пажар узнік на другім паверсе паціпавярхоўкі на Папоўцы. Пятнаццаць хвілін патрацілі на тое, каб знайсці вадзіцеля машыны, якая перакрыла дарогу. На шчасце, патрачаны час ролі не сыграў: агонь не распаўсюдзіўся, а гаспадароў у гэты час не было дома.

– Ці дазваляе сучаснае тэхнічнае аснашчэнне ліквідаваць, напрыклад, пажар, не пад’язджаючы блізка да дома? Наколькі хапае вышыні пажарных лесвіц?

– Гэта прасцей рабіць у сельскай мясцовасці, мы можам нарошчваць рукавы на адлегласць да 200 метраў на гарызантальнай паверхні. Машыны становяцца адна за адной і па ланцужку могуць качаць ваду з бліжэйшага вадаёма. А вось у горадзе на вертыкальнай адлегласці, дзе паверхі, задымленасць лесвічнай клеткі, іншая спецыфіка: тут лепш адразу зайсці ў пад’езд і падняцца на патрэбны паверх, чым траціць час на нарошчванне рукавоў. Задача ставіцца засцерагчы суседнія кватэры ад агню, эвакуіраваць людзей і папярэдзіць паніку.

Што да тэхнічных сродкаў, то наша трохкаленная пажарная лесвіца мае максімальную даўжыню 12 метраў, штурмавая лесвіца па сцяне – 4 метры. 28-метровая лесвіца ёсць на аснашчэнні ў бліжэйшым Маладзечанскім аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

Гутарыла

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий