Два браты — два лёсы

Культура

Гады Вялікай Айчыннай вайны сталі суровым выпрабаваннем для ўсяго нашага народа, у тым ліку і для жыхароў Валожынскага раёна. Многія вясковыя хлопцы не насілі форму, не мелі воінскіх званняў, але таксама ваявалі з ворагамі, і большасць з іх – у партызанскіх атрадах на тэрыторыі раёна.
Аляксей Сліж нарадзіўся ў вёсцы Асінавіца Гародзькаўскага сельсавета. У гады вайны ён быў партызанам. У час чарговай разведкі трапіў у нямецкі палон. Пасля зверскіх катаванняў акупанты вазілі яго па вёсцы на возе. Калі б хто-небудзь прызнаў яго, вяскоўцам бы не пашчасціла:фашысты спалілі б усю вёску. На грудзях у партызана была выразана зорка, а твар – апечаны гарачым жалезам. Яго маці Галіна Пятроўна стаяла ў той момант, як укопаная, не варухнулася. Яна моўчкі глядзела на свайго сыночка, сваю крывіначку, і толькі сэрца аблівалася крывёй. Бачыла, як сын пакутаваў: стагнаў і ледзь дыхаў. А потым немцы яго расстралялі. Ніводнай слязы не пусціла жанчына, ніводнага ўздыху не пачулі вяскоўцы, ды толькі прама на вачах у людзей пасівела і страціла слых. Пражыла яна больш за дзевяноста гадоў.
Васіля, малодшага брата Аляксея, немцы таксама забралі ў турму, спачатку ў Валожын, потым у Мінск. А ў 1944 годзе яго наогул адправілі ў канцлагер у Германію. Толькі праз год хлопец быў вызвалены амерыканцамі. Усё жыццё Васіль Іванавіч пражыў у роднай вёсцы і прапрацаваў у мясцовым калгасе, быў загадчыкам фермы. Зараз ён на заслужаным адпачынку. Няма ўжо ў жывых любай жонкі, якая, дарэчы, таксама працавала на ферме даяркай і мела шмат узнагарод. Аднак не забываюць пенсіянера дзеці, часта наведваюць унукі. Васіля Іванавіча як вязня канцлагера запрашаюць на святочныя мерапрыемствы ў мясцовую школу, ушаноўваюць у сельвыканкаме. Так што няма калі сумаваць ветэрану, даў бы Бог здароўя і сіл.

Алена КАСЦЮКЕВІЧ,
бібліятэкар Гародзькаўскай сельскай бібліятэкі.



Добавить комментарий