ПЯЦЬ ЧАЛАВЕК ЗАГІНУЛІ

Закон и порядок

За тры дні верасня (16, 17, 18) на дарогах Валожыншчыны загінулі пяць чалавек. Прычыны трагедый яшчэ высвятляюцца, але папярэдні аналіз сведчыць, што здарэнняў можна было б пазбегнуць, каб удзельнікі руху праявілі больш уважлівасці і асцярожнасці.

У пятніцу ў 22.15 у бок Гродна рухаўся легкавы аўтамабіль “Сітраен-Ксанція”, у салоне якога знаходзіліся пяцёра маладых людзей. Пачаўшы манеўр абгону, вадзіцель няправільна выбраў хуткасць і не разлічыў адлегласць да сустрэчнага аўтамабіля “Сітраен-Ксара”. У выніку адбылося лабавое сутыкненне. Двое хлопцаў загінулі на месцы аварыі, дзяўчына, 1987 года нараджэння, ад атрыманых траўм памерла ў бальніцы.

Жахлівае дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на ўчастку шашы Валожын-Сугвазды. Па паказаннях сведак, джып рухаўся на вялікай хуткасці, потым трапіў правым колам у пясок на абочыне, пачаўся занос аўтамабіля. Вадзіцель не здолеў справіцца з кіраваннем, машына з’ехала ў кювет і некалькі разоў перакулілася. Паколькі ніхто з пасажыраў не быў прышпілены рамянямі бяспекі, то пасля ўдару ўсіх выкінула з салона. Чацвёра чалавек, сярод іх – дзіця 2005 года нараджэння, дастаўлены ў рэанімацыю ў цяжкім стане. Адзін малады чалавек, які аказаўся прыціснуты аўтамабілем, загінуў. Па папярэдніх звестках, джып вадзіцелю не належыць, ключы ад аўтамабіля яму даў бацька, каб сын пакатаў сваіх знаёмых…

Пад колы аўтамабіля трапіў пешаход, жыхар вуліцы Леніна райцэнтра, 1933 года нараджэння. Пажылы мужчына пераходзіў у цёмны час сутак праезную частку дарогі ва неўстаноўленым месцы і пры гэтым не быў абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. У выніку наезду ён быў цяжка траўміраваны. Нягледзячы на своечасова аказаную медыцынскую дапамогу, уратаваць яго не ўдалося.

Звяртаюся да ўсіх пешаходаў: “Будзьце абачлівымі і асцярожнымі! Не ігнаруйце святлоадбівальныя элементы, пераходзьце дарогу толькі ва ўстаноўленых месцах! Памятайце, што ў цёмны час верагоднасць трапіць пад колы аўтамабіля вырастае ў дзевяць разоў.

Вадзіцелі таксама павінны памятаць – дарога памылак не даруе. Дарожныя ўмовы ў сувязі з надыходам халоднай пары года значна пагаршаюцца. Таму не рызыкуйце, не парушайце хуткасны рэжым і строга выконвайце Правілы дарожнага руху.

Міхаіл ЛІШТВАН,

старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ.

 



Добавить комментарий