Паважаныя жыхары Валожыншчыны!

Важное Главное Общество Официально

Прыміце шчырыя віншаванні з дзяржаўным святам – Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь!

Канстытуцыя – ядро ўсёй прававой сістэмы, вызначае сэнс і змест іншых законаў. З’яўляючыся Асноўным законам краіны, яна сканцэнтравала ў сабе багаты гістарычны вопыт і мудрасць папярэдніх пакаленняў, замацавала прававыя, палітычныя і ідэалагічныя асаблівасці дзяржавы і грамадства, дакладна вызначыла прыярытэты нацыянальнага развіцця. Канстытуцыя служыць надзейным арыенцірам дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на стварэнне эфектыўнай эканомікі, забеспячэнне сацыяльнай абароны і дабрабыту насельніцтва, беражлівыя адносіны да традыцый і каштоўнасцей беларускага народа. Для кожнага беларуса Асноўны закон краіны стаў гарантам правоў і свабоды, адкрыў прастору для рэалізацыі асабістай ініцыятывы, самастойнасці і творчасці.

Наша задача – шанаваць і захоўваць закладзеныя ў Канстытуцыі агульнанацыянальныя каштоўнасці, будаваць на іх аснове стабільную, прававую, дэмакратычную дзяржаву. Паступовае ператварэнне ў жыццё канстытуцыйных палажэнняў забяспечыць далейшую згуртаванасць беларускага народа і гарманізацыю грамадства.

 Жадаем усім жыхарам раёна моцнага здароўя, поспехаў у прафесійнай дзейнасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні, міру і згоды ў кожным доме.

Раённы выканаўчы камітэт

Раённы Савет дэпутатаў

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае Канстытуцыя 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года і 17 кастрычніка 2004 года. Яна была прынята 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 склікання і з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай па ліку Канстытуцыяй Беларусі, прынятай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

У Канстытуцыі сфармуляваны асноўныя ідэі і прынцыпы, якімі павінны кіравацца народ і ўлада ў працэсе дзяржаўнага будаўніцтва і грамадскага развіцця. Гэта адказнасць за цяперашні стан і будучыню Беларусі; усведамленне сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці, неад’емнае права на самавызначэнне; апора на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці; устанаўленне правоў і свабод кожнага грамадзяніна; забеспячэнне грамадзянскай згоды і непахісных асноў народаўладдзя і прававой дзяржавы.

  • У першым раздзеле Канстытуцыі “Асновы канстытуцыйнага строю” даецца характарыстыка беларускай дзяржавы як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой, замацавана ўзаемная адказнасць грамадзяніна і дзяржавы.
  • Другі раздзел “Асоба, грамадства, дзяржава” замацоўвае асабістыя, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы і свабоды грамадзян, вызначае абавязкі грамадзян, адказнасць дзяржавы перад грамадствам і асобай, яго абавязкам забяспечыць матэрыяльныя гарантыі і магчымасці для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян.
  • Трэці раздзел “Выбарчая сістэма. Рэферэндум” замацоўвае асноўныя прынцыпы выбарчай сістэмы, устанаўлівае парадак правядзення рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў.
  • У чацвёртым раздзеле “Прэзідэнт, Парламент, Урад, Суд” вызначаюцца статус і паўнамоцтвы Прэзідэнта; парадак фарміравання, склад, кампетэнцыя, формы і метады дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, вызначаецца структура судовай улады і прынцыпы ажыццяўлення правасуддзя ў рэспубліцы.
  • Пяты раздзел “Мясцовае кіраванне і самакіраванне” вызначае, праз якія структуры грамадзянамі ажыццяўляецца мясцовае кіраванне і самакіраванне, іх статус і паўнамоцтвы.
  • У шостым раздзеле ўтрымліваюцца нормы, якія рэгламентуюць дзейнасць двух дзяржаўных органаў – Пракуратуры і Камітэта дзяржаўнага кантролю.
  • У раздзеле “Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь” устанаўліваецца, што на тэрыторыі рэспублікі праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная і валютная палітыка, якая вызначае парадак фарміравання даходаў бюджэту, ажыццяўленне агульнадзяржаўных расходаў, складання, замацавання і выканання бюджэтаў і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.
  • Важнейшым значэннем для вызначэння месца і ролі Канстытуцыі, фарміравання ўсёй прававой сістэмы з улікам іерархіі нарматыўных актаў мае раздзел, у якім асвятляюцца пытанні дзеяння Асноўнага Закона і парадак яго прымянення.
  • Заключныя і пераходныя палажэнні ўтрымліваюцца ў апошнім, дзявятым, раздзеле Канстытуцыі. У ім абазначаны прававыя сродкі для забеспячэння пераходу тых норм, якія не могуць быць выкананы адразу з увядзеннем у дзеянне Канстытуцыі, а таксама ўтрымліваюцца нормы, прысвечаныя асаблівасцям фарміравання, захавання паўнамоцтваў раней створаных і ізноў прадугледжаных дзяржаўных органаў.
  • Канстытуцыя азнаменавала новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь знайшоў адлюстраванне вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва такіх дзяржаў, як Аўстрыя, Бельгія, Данія, Італія, ЗША, Францыя, ФРГ, Швецыя і іншых краін з улікам асаблівасцей умоў развіцця нашага грамадства і яго гістарычных традыцый. Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.

Па матэрыялах БЕЛТА