Санітарная служба стала лёсам

Общество

Нядаўна памочнік урача-эпідэміёлага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Рыма ГАСЦІЛОВІЧ адзначана Падзякай галоўнага ўпраўлення  па ахове здароўя Мінаблвыканкама.

 У жніўні мінулага года споўніліся 22 гады, як Рыма Мікалаеўна прыйшла ў калектыў установы аховы здароўя. Пачынала ж яна сваю дзейнасць у якасці медыка ў фельчарска-акушэрскім пункце роднай Узбалаці. А да гэтага лічыла, што яе прызванне – педагогіка. Любоў да настаўніцкай прафесіі пераняла ад матулі – аднаго з карыфеяў легендарнага калектыву Узбалацкай школы – Ніны Міхайлаўны Сергіевіч. Жаданне паступіць у педінстытут узнікла яшчэ ў пачатковых класах, таму пасля сваёй васьмігодкі накіравалася ў Забрэзскую сярэднюю школу, якую таксама скончыла паспяхова. Але першая спроба стаць студэнткай аказалася няўдалай. Дзяўчына хоць і засмуцілася, але не разгубілася. Уладкавалася піянерважатай ва ўстанову, у якой толькі-толькі атрымала атэстат. І вось неспадзяванка. Чамусьці год адтэрміноўкі паспрыяў таму, што пачала сумнявацца: ці маё гэта – праца з дзецьмі. Яна заўсёды шмат чытала, а ў тыя месяцы ў школе ёй, як на дзіва, трапляліся кнігі выключна медыцынскай тэматыкі. Успомніўся і выпадак, калі падлеткам трапіла ў бальніцу, і ўражанне, якое атрымала ад стасункаў з людзьмі ў белых халатах. Калі прыйшоў час зноў падаваць дакументы ў навучальную ўстанову, без сумненняў завезла іх у Маладзечанскае медвучылішча. І ніколі не ўсумнілася ў правільнасці свайго ўчынку.

Вопыт работы сельскім фельчарам аказаўся ўнікальным. Менавіта за гэты час малады спецыяліст канчаткова ўпэўнілася ў тым, што не памылілася і медыцына – шлях, з якога ніколі не збочыць.

У цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, куды трапіла пасля закрыцця ФАПа, адразу працавала памочнікам урача-гігіеніста ў аддзеле гігіены. Давялося пад кіраўніцтвам Ірыны Юр’еўны Грыка ажыццяўляць нагляд за гігіенай дзяцей і падлеткаў. Затым адбыўся перавод у эпідэміялагічны аддзел. Тут работай кіравала Таццяна Генадзьеўна Турпакова. Самі ўрачы, старэйшыя і больш вопытныя калегі – памочнікі ўрачоў Ядвіга Іосіфаўна Княжэвіч і Лідзія Іванаўна Лявіцкая вучылі, дзяліліся вопытам, дапамагалі.

Работа ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі няпростая ў любы час, а пасля таго, як у наша жыццё ўварваўся COVID-19, нагрузка на санітарную службу ўзрасла ў разы. Супрацоўнікам даводзіцца працаваць у эпідэміялагічных ачагах – хатніх і ў арганізаваных калектывах, адпрацоўваць кантакты, наладжваць выезды мабільных груп для правядзення дэзынфекцыі. Ды і без каранавіруса ў Рымы Мікалаеўны хапае клопату. Адно шаленства патрабуе пастаяннай увагі і напружанай работы ў партнёрстве з ветстанцыяй, ЦРБ, сельгасарганізацыямі, сельвыканкамамі, насельніцтвам раёна.

Калі і шкадуе Рыма Мікалаеўна аб чымсьці, дык толькі аб тым, што нават не паспрабавала атрымаць вышэйшую медыцынскую адукацыю. Сарамлівай ад прыроды жанчыне заўсёды не хапала ўпэўненасці ў сваіх сілах і здольнасцях.  Аднак пасадай, работай, што выконвае ў яе рамках, задаволена. Ад усёй душы цэніць дружны калектыў цэнтра, яго традыцыі, што складваліся на працягу дзесяцігоддзяў, цёплыя адносіны між супрацоўнікамі, іх прафесіяналізм і стапрацэнтную ўзаемазамяняльнасць.

Калісьці пры Узбалацкай школе быў вялікі вопытны ўчастак, на якім настаўнікі і вучні вырошчвалі розныя, у тым ліку досыць рэдкія, расліны. А матуля нашай гераіні лічылася яшчэ і выключнай кветачніцай, займалася імі на рабоце і дома. Яе кветнік з вяргінямі розных гатункаў быў бадай лепшым у вёсцы. Зараз гаспадарыць у бацькоўскай хаце сама Рыма Мікалаеўна – заўзятая дачніца. Праца на паветры, стварэнне прыгажосці ўласнымі рукамі, цішыня і ўтульнасць роднай хаты дораць ёй сапраўднае задавальненне і адпачынак, так неабходны пры яе шматлікіх прафесійных абавязках.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара