Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Прыкладна з сярэдзіны лютага наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізавана дастаўляюцца ў гарадскую сталовую, дзе іх чакаюць комплексныя абеды.

Абед каштуе ад 3-х да 4-х рублёў, і гэта сума задавольвае бацькоў выхаванцаў. Такім чынам харчуецца большасць наведвальнікаў аддзялення. У сталовай юнакі і дзяўчаты абслугоўваюць сябе самі, адначасова атрымліваючы навыкі самаабслугоўвання. Толькі лічаныя пакуль прыносяць дамашнія стравы і харчуюцца ў аддзяленні, дзе, дарэчы, для гэтага створаны ўмовы і ёсць мікрахвалевая печка.

 Х справаздачна-выбарны з’езд ГА “Саюз палякаў на Беларусі” прайшоў 6 сакавіка ў анлайн рэжыме. Дэлегаты былі размеркаваны па некалькіх студыях.

 Прадстаўнікі ад Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей знаходзіліся ў тэлестудыі ў Ждановічах. Ад нашай раённай суполкі былі дэлегаваны 9 чалавек. На юбілейным з’ездзе абраны кіруючыя органы і новы старшыня. Ім стаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін. Раней старшынёй гэтай грамадскай арганізацыі два тэрміны запар выбіраўся Мечыслаў Лысы. Сёлета спаўняецца 30 гадоў з дня заснавання Саюза. Да гэтай падзеі выпушчаны юбілейны медаль. Аднаму з першых узнагароду ўручылі старшыні Валожынскай арганізацыі Станіславу Бурачэўскаму. Дарэчы, новы старшыня Саюза палякаў сказаў, што ў яго планах на бліжэйшы час здзейсніць рабочую паездку ў Івянец і пазнаёміцца з работай Дома польскага.

У выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця шмат сяброў. Некаторыя з іх падтрымліваюць установу на працягу многіх гадоў, штогод з’яўляюцца і новыя. За час каранціну з-за пандэміі валанцёрская дзейнасць крыху аслабла, але цяпер аднаўляецца.

 Замежнае прадпрыемства з абмежаванай адказнасцю “Эпамсістэмз” адно з даўнейшых, што аказваюць дапамогу дому-інтэрнату. На гэты раз айцішнікі прывезлі наўтбук, міксер, шмат канцтавараў, для дзяцей надзвычай многа разнастайных ласункаў. Для аддзялення навучання сацыяльным навыкам – формы для выпякання, муку і іншыя прадукты, неабходныя для прыгатавання цеста.

Напярэдадні Дня жанчын у Івянцы падвялі вынікі двух творчых конкурсаў: малюнкаў “Свет пад назвай мама” і вершаў “Для адзінай мамы ў свеце”. Хоць і былі вызначаны лепшыя творы, але ўзнагароды атрымалі ўсе ўдзельнікі.

У конкурсе малюнкаў прынялі ўдзел 23 юныя мастакі. Гран-пры быў прысуджаны Карыне Хмялеўскай, таксама журы вызначыла работы, якім прысудзілі першае месца, тры другія і тры трэція. На паэтычны конкурс былі прадстаўлены работы вучня 8 “Б” класа мясцовай школы Данілы Садыкава і выхаванцаў дома-інтэрната Алісы Шубара, Дар’і Церашкевіч, Андрэя Клока і Аксаны Качыцкай. Падарункі прадаставілі мясцовыя камерсанты – ІП Дашко, ІП Роман, ІП Малажавы і ІП Бібік. Гэта былі альбомы для малявання, каляровыя алоўкі і фарбы, ласункі, інш. Ад раённага таварыства інвалідаў рабяты атрымалі мяккія цацкі, ад гарпасялковага Савета дэпутатаў – граматы за перамогу і ўдзел.

Саліст эстрады Сяргей Славянскі па добрай традыцыі раз у год выступае на сцэне раённага Цэнтра культуры. На гэты раз спявак прыехаў з шоу-балетам і новай праграмай “ЗаласкаюЗацелуюЗалюблю”.

На працягу дзвюх гадзін ён выконваў старыя хіты і новыя песні, у поўным сэнсе слова стварыў сваім прыхільніцам святочны настрой напярэдадні 8 Сакавіка.

Цудоўным веснавым днём 13 наведвальніц аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей разам з інструктарам па скандынаўскай хадзе Верай Каваленка наведаліся на белакорацкую экалагічную сцежку.

 “Узброены” жанчыны былі не столькі спецыяльнымі палкамі, але і магутнымі біноклямі для назіранняў за птушкамі і тарпанамі. А пасля прыгатавалі на грылі абед на свежым паветры. Спартыўнае мерапрыемства незаўважна вылілася ў лірычнае. За сталом жанчыны чыталі вершы, байкі, адным словам, радаваліся вясне.

 

15 сакавіка натарыяльнымі канторамі і натарыяльным бюро Мінскай абласной натарыяльнай акругі будзе праводзіцца акцыя па бясплатным кансультаванні грамадзян, прымеркаваная да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

На працягу дня грамадзяне могуць звярнуцца ў натарыяльную кантору і натарыяльнае бюро, згодна з графікам іх працы, і атрымаць кансультацыю натарыуса па пытаннях, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю.

    Поўны спіс натарыяльных кантор і натарыяльнага бюро Мінскай вобласці, а таксама час іх працы можна ўдакладніць на сайце Беларускай натарыяльнай палаты belnotary.by.

Прыём і кансультацыю маламаёмных грамадзян БЯСПЛАТНА правядзе і юрыдычная кансультацыя Валожынскага раёна. Вас чакаюць па адрасе: г. Валожын, вул. Шчарбіны, 31, будынак раённага суда, у панядзелак, 15 сакавіка, з 10 да 13 гадзін.