Чароўны свет эмоцый

Общество

Уявіце, што знаходзіцеся перад дзвярамі, якія вядуць у невядомае. Яшчэ імгненне – і вы працягваеце руку і адчыняеце іх. Што гэта? Перад вамі мігатлівы зорны дыван. Асцярожна робіце крок, і рознакаляровы лівень абрушваецца зверху: тысячы зорачак-кропелек дакранаюцца да вашага твару, сцякаюць на рукі і далей па целе – да ног. Вы крочыце наперад па сцежцы да высокай калоны, усярэдзіне якой бурляць-пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі жывыя бурбалкі. І ў гэтым кругавароце гарэзнічаюць рознакаляровыя рыбкі – уверх, уніз, уверх, уніз… Гэты дзіўны свет невядомага – сенсорны пакой.

Такое паняцце, як сенсорны пакой, для ўстаноў дашкольнай адукацыі з’яўляецца параўнальна новым. Аднак немагчыма пераацаніць тую карысць і станоўчы ўплыў на развіццё асобы дзіцяці, якімі валодае яго прастора, што напоўнена рознага роду стымулятарамі, якія ўздзейнічаюць на органы пачуццяў дзіцяці і развіваюць яго. Вельмі важна, што абстаноўка гэтага дзіўнага памяшкання стварае атмасферу камфорту, дапамагае кожнаму расслабіцца і раскрыцца. Лежачы ў сухім басейне або на мяккіх пуфах, у хвалях святла, слухаючы спакойную музыку, нашы выхаванцы становяцца жыхарамі чароўнага свету.

Педагогі ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. п. Івянец” у сваёй працы выкарыстоўваюць увесь развіваючы патэнцыял сенсорнага пакоя “Калейдаскоп настрояў”. Для змяншэння трывожных станаў, зніжэння агрэсіі і навучання самарэгуляцыі выкарыстоўваецца светлавое, гукавое і тактыльнае абсталяванне, так званы “цёмны сенсорны пакой”.

Актывацыі і развіццю ў выхаванцаў успрымання, маторыкі спрыяюць стымулюючыя практыкаванні з выкарыстаннем сенсорных панэляў (бізібордаў і сенсорнага куба), масажных мячыкаў, масажных і тактыльных дарожак і г. д.

Асаблівае значэнне ў функцыянаванні нашага сенсорнага пакоя надаецца пясочнай тэрапіі як самаму арганічнаму, звыкламу і добра знаёмаму для дзіцяці спосабу выказаць свае перажыванні, даследаваць свет, наладзіць адносіны з аднагодкамі і дарослымі. Маніпуляцыі з пяском, як з мокрым, так і з сухім, супакойваюць імпульсіўных, залішне актыўных дзяцей і разнявольваюць закрытых, скаваных і трывожных.

Найбольш цікавай для дзіцяці гульня з пяском становіцца тады, калі яна абсталявана інавацыйнымі тэхналогіямі. Менавіта такім вынаходніцтвам з’яўляецца інтэрактыўная пясочніца – унікальнае абсталяванне, якое дазваляе перанесці пясочную тэрапію на новы ўзровень, раскрыць унутраныя рэзервы і прыродныя здольнасці дзяцей дашкольнага ўзросту. Работа яе пабудавана на тэхналогіях дапоўненай рэальнасці, дзякуючы чаму перад выхаванцамі адкрываюцца маляўнічыя пейзажы, якія яны могуць самі пераўтварыць у адно імгненне: выкапаць возера, пабудаваць вулкан ці нават цэлы замак.

І хай вопыт нашай працы ва ўмовах сенсорнага пакоя пакуль яшчэ нязначны, ужо сёння можна з упэўненасцю сказаць, што сенсорны пакой ва ўстанове дашкольнай адукацыі – сапраўды сучасны навучальны інструмент, які дае дзецям магчымасць адчуваць усе радасці спазнання навакольнага свету.

Алена ВАРАКСА,

педагог-псіхолаг ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. п. Івянец”