Услаўлялі мілых мам

Общество

Напярэдадні цудоўнага вясенняга свята 8 Сакавіка ў Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы сабраліся матулі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў. На дзве гадзіны жанчыны забыліся пра свае клопаты і справы. Яны прымалі шчырыя словы віншаванняў, прыемныя кампліменты і падарункі.

Падрыхтавалі і правялі мерапрыемства Валожынская пярвічная арганізацыя ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” (далей “БелАДДІіМІ”) сумесна з супрацоўнікамі ЦРБ.

Вядучыя – загадчык аддзела абслугоўвання чытачоў і інфармацыі Дзіяна Гасціловіч і бібліятэкар гэтага аддзела Алена Сугака – распавялі прысутным пра гісторыю свята і пазнаёмілі іх з самымі яркімі і таленавітымі жанчынамі Беларусі, такімі як Ефрасіння Полацкая, Францішка Уршуля Радзівіл, Саламея Русецкая, Эмілія Плятэр, Алена Скірмунт, Каміла Марцінкевіч, Эліза Ажэшка, Алаіза Пашкевіч, Софія Федаровіч, Стафанія Станюта. Дзякуючы поспехам у літаратуры, жывапісе, тэатры, скульптуры, яны назаўсёды ўпісалі свае імёны ў гісторыю краіны.

З цудоўным святам прысутных павіншавалі дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыя Шынгер і старшыня Валожынскай пярвічнай арганізацыі ГА “БелАДДІіМІ” Ларыса Шчарбачэвіч. Яны нагадалі, што кожная маці заўсёды выконвала і выконвае ролю вялікай гаспадыні ў маленькай дзяржаве, назва якой – сям’я. Яна з’яўляецца і педагогам, і псіхолагам, і эканамістам, і дыпламатам, і доктарам, і кулінарам, і актрысай, і драматургам, і кіраўніком, і падначаленым адначасова, а мужчыны ўслаўлялі мілых дам у легендах, песнях, вершах. Затым Марыя Зыгмундаўна і Ларыса Уладзіміраўна пажадалі ўсім здароўя, шчасця, дабрабыту і радаснага вясенняга настрою. Словы віншаванняў прагучалі і ад даўняга сябра і спонсара пярвічнай арганізацыі Ларысы Мытнік.

Музычныя падарункі мілым матулям ад усяго сэрца дарылі Ірына Зянько, Мікалай Салко і Таццяна Бандарэнка. Варвара Лінкевіч упершыню на свяце выканала песню-гімн ГА “БелАДДІіМІ” “Песня пра нас”, якая ў цёплай дамашняй абстаноўцы, што панавала ў зале, прагучала асабліва ўзнёсла і хвалююча. Агульным смехам адазваліся матулі на відэаролік “Багіня”, што прапанавалі іх увазе работнікі бібліятэкі.

Кветкі-сімвал вясенняга свята жанчын – цюльпаны, а таксама падарункі атрымалі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва з рук прысутных на свяце мужчын. Чаяваннем з прысмакамі завяршылася цудоўнае мерапрыемства. Яно запомніцца прыемнымі кампліментамі і сюрпрызамі, душэўнымі размовамі, пранікнёнымі словамі, шчырымі песнямі, якія яшчэ доўга будуць саграваць сэрца.

 Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара