НА П’ЕДЭСТАЛЕ – БУДАЎНІКІ ААТ “ПМК-188”

Официально

Спаборніцтва па міні-футболу ў рамках раённай спартакіяды сярод футбольных каманд арганізацый і прадпрыемстваў адбылося нядаўна на спартыўна-аздараўленчай пляцоўцы ў мікрараёне Сельгастэхніка.

У гульнях прынялі ўдзел 12 каманд, якія, згодна з устаноўленымі правіламі, былі падзелены на падгрупы. На вышэйшым узроўні правяла спаборніцтвы і судзейская брыгада ў складзе М. Рабцава, А. Кавязы, Г. Пермякова і Г. Княжэвіча. Пасля папярэдніх гульняў у падгрупах пераможцы выйшлі ў паўфінал. Паміж імі адбылася жараб’ёўка, і ў выніку на полі сустрэліся каманды воінскай часці 01266 з Кіяўца і СВК “Пяршаі-2003”, РБУ і ААТ “ПМК-188”. У фінале за 1-е і 2-е месцы змагаліся каманды воінскай часці і ПМК-188, за 3-е і 4-е – РБУ і пяршайцы.

Чэмпіёнам па міні-футболу стала каманда будаўнікоў ААТ “ПМК-188” на чале з капітанам Канстанцінам Мазурам. Ён жа быў прызнаны і лепшым іграком гульні. Ганаровае 2-е месца занялі кіявецкія вайскоўцы. Іх капітан Сяргей Мальчук таксама нядрэнна праявіў сябе ў гульні. Дружная каманда РБУ пад кіраўніцтвам Аляксандра Галабурды стала трэцяй.

Усе каманды-прызёры былі ўзнагароджаны граматамі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. А наперадзе спартсменаў-аматараў чакаюць спаборніцтвы па шахматах, гіравому спорту і стрытболу. У кастрычніку запланаваны і футбольны турнір памяці А. С. Латышава.

Мікалай РАБЦАЎ,

суддзя I катэгорыі па футболу.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 

 



Добавить комментарий