Масленіцу святкавалі, вясну гукалі

Культура Общество

Развітацца з зімой і паклікаць вясну на плошчы Валожына сабраліся ў пятніцу жыхары і госці райцэнтра. Звонкія спевы, вясёлыя карагоды заклікалі ўсіх далучыцца да імпрэзы.

Штогод мы з радасцю сустракаем Масленіцу – свята, што ладзілася ў славян з дахрысціянскіх часоў і цяпер застаецца вясёлай забавай, бо з нецярпеннем чакаем вясну. Народнае гулянне пачалося з тэатралізаванага прадстаўлення, на якое завітала з блінамі Масленіца. Зіма не спяшалася адыходзіць, таму спрабавала рознымі хітрыкамі нашкодзіць Вясне. Але, калі адбыўся суд, тая выйшла пераможцай.

Пасля гэтага пачалося сапраўднае вяселле – гульні, жарты, выдумкі і штукарства. З імправізаванай сцэны гучалі народныя спевы ў выкананні фальклорнага гурта “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці. Іх па чарзе змянялі аматарскія калектывы Багданаўскага, Падбярэзскага, Сакаўшчынскага сельскіх цэнтраў культуры, Вішнеўскага сельскага дома культуры, артысты дзіцячых школ мастацтваў раёна і інш.

Бацькі з дзецьмі, бабулі і дзядулі з унукамі з задавальненнем прымалі ўдзел у масленічных забавах. Яны вадзілі карагоды, спаборнічалі ў гульнях. Хлопцы з ахвотай мераліся сілай, перацягваючы канат. Бабуля з унукам, якія адгадалі, колькі на талерцы бліноў, атрымалі іх у якасці прыза. Наогул кожны мог пачаставацца вельмі смачнымі масленічнымі блінамі з розным начыннем. Нягледзячы на халоднае надвор’е, усе весяліліся і радаваліся.

На плошчы разгарнулі работу шматлікія гандлёвыя рады, дзе можна было набыць кветкі, сувеніры, у тым ліку ручной работы, пачастункі і г. д. Для дзяцей і дарослых працавалі разнастайныя атракцыёны. Цікавай падалася выстава лесанарыхтоўчай і іншай тэхнікі.

Пасля такога шчырага гукання хочацца спадзявацца, што вясна пачула валожынцаў і не будзе доўга затрымлівацца, марнуючы нас холадам!

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара